Сюрпрызы Каляднага фэсту
Калядны фэст сёлета пройдзе ў дзясяты раз і збярэ шмат легендарных гуртоў. З чым СТАРЫ ОЛЬСА, ЯВАРЫНА і
АДАРВІРОГ выступяць на юбілейным Калядным фэсце?
Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся з НЧ планамі на выступ і на жыццё, а таксама распавялі, чым запомніўся 2017 год.
Гурт СТАРЫ ОЛЬСА бадай і прадстаўляць не трэба. Пачынальнік і ўжо класік медывальнага накірунку ў Беларусі, выпусціў шмат альбомаў, тры разы гастраляваў у ЗША.
Прывядзем толькі некалькі цікавых фактаў, якія не ўсе ведаюць:
- Назва гурта паходзіць ад наймення рэчкі, што працякае ў Клічаўскім, Бярэзінскім і Кіраўскім раёнах і ўпадае ў Бярэзіну.
- Ужо 10 гадоў у складзе «Старога Ольсы» шэсць чалавек.
- Музыка з’яўляецца асноўнай крыніцай даходу ўдзельнікаў.
Зміцер Сасноўскі, лідар гурта СТАРЫ ОЛЬСА, вядоўца Каляднага фэста:
— Сёлета прайшло двое нашых амерыканскіх гастроляў: узімку і ўвосень. Чамусьці шмат хто думае, што ў ЗША мы граем рок-класіку ў сярэднявечнай апрацоўцы. Не, там вельмі шмат гуртоў, што выконваюць каверы, а сярэднявечную музыку амаль ніхто не грае. Як і ў Еўропе, там часцей сустрэнеш камерныя аркестры з рэпертуарам Рэнесанс-Барока-класіка. Сярэднявечную, гарадскую, вулічную музыку граюць мала. Амерыканцам гэта вельмі цікава. На 2018 год планавалася тры нашыя туры ў ЗША, але мы не пацягнем, таму будзе два. У першы ляцім ужо 17 студзеня.
Беларусаў на нашы амерыканскія канцэрты прыходзіць няшмат. Звычайна ў зале адна-дзве беларускія сям’і, можа, тры, астатнія нашы слухачы — амерыканцы. У ЗША нашы суайчыннікі, як і па ўсім свеце, вельмі раз’яднаныя. Ёсць некалькі згуртаваных суполак, як у Нью-Ёрку, Чыкага. Вельмі шмат зямляцтваў, накіраваных на выхадцаў з былога СССР, тых, хто ўмее гутарыць па-руску.
Сёлета ў нас выйшаў альбом застольных песень, што выконваліся ў розных месцах — ад карчмы да замка — «Вада, хмель і солад». Кампазіцыі мы збіралі чатыры гады, самі таго не ведаючы, і вось яны тэматычна аб’ядналіся. Гэты альбом, як і мінулы, спачатку выдадзены ў ЗША, і толькі потым у Беларусі. Але я хацеў бы працытаваць адміністратара кавярні «Грай», які, пабачыўшы мяне пасля гастроляў, сказаў: «Вось цяпер я веру, што вы патрыёты! Тры разы ездзілі ў ЗША і ўсе вярнуліся!».
На Калядны фэст мы падрыхтавалі песню «Курдыш», напісаную Францішкам Багамольцам у XVIII стагоддзі, з альбома «Вада, хмель і солад». Яна выконвалася ў Нясвіжскім замку падчас візітаў гасцей, у тым ліку Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яшчэ выканаем калядны кант ХVI стагоддзя «Дзікова галава», які адзін беларускі студэнт знайшоў у бібліятэцы Оксфардскага ўніверсітэта і выслаў нам. На Калядным фэсце гэта кампазіцыя прагучыць упершыню. Гэта старажытная традыцыя, калі галаву дзіка гатавалі, упрыгожвалі ўсялякімі зёлкамі ды ўносілі ў залу, дзе святкавалі Каляды. Ну і, канечне, на фэсце будзем граць усялякія вясёлыя мелодыі.
Мы актыўна займаемся падборам апаратуры — звычайная для перадачы тэмбраў музычных інструментаў не вельмі пасуе. Задумваемся пра тое, каб мець у ЗША дадатковы набор і апаратуры, і інструментаў, бо іх перавоз самалётам дужа шмат каштуе. Інструмент нельга надоўга пакідаць, але калі ён захоўваецца, скажам, пару месяцаў, то за гадзіну грання яго ўласцівасці аднаўляюцца.
Гурт ЯВАРЫНА — камерцыйны праект, мае сярэднявечную, рэнесансную праграмы, выконвае танцы народаў свету. У складзе — музыкі, танцоры, фаершчыкі. Удзельнічаў у першым Калядным фэсце.
Маргарыта Кубянкевіч, лідарка гурта ЯВАРЫНА:
— Мы даволі даўно не выступалі ў Мінску на зборных канцэртах. Гралі ў Дудутках, на Суле, на розных рыцарскіх фэстах, пераважна за межамі Беларусі: у Аўстрыі, Літве, Польшчы. Звычайна нас запрашаюць паўторна, лета-2018 ужо амаль цалкам распісанае. Бывае так, што, выступіўшы, нават не паспяваем пераапрануцца, сядаем у аўтобус і едзем на наступны фэст.
Мы радыя сёлета зноў выступіць на Калядным фэсце. Абавязкова сыграем самыя папулярныя мелодыі, каб можна было адарвацца, павесяліцца. Не абыйдзецца без новых твораў. У залежнасці ад дыспазіцыі на сцэне, магчыма, будзе паказальны танцавальны выступ. Абавязкова зладзім майстар-клас на танцполе. Галоўнае, што мы будзем рабіць свята! Забаўляць і весяліць публіку, бо такі фармат фестывалю.
У планах ЯВАРЫНЫ — выпуск студыйнага альбома. Пакуль у нас ёсць толькі адзін live-запіс. Мы з’яўляемся камерцыйным праектам (выступаем прафесійна за грошы). Атрымліваем не мільёны, канечне. Але гэта добры стымул абнаўляць інструменты, строі, прафесійна паводзіць сябе на сцэне, рабіць майстар-класы. Што да танцаў, на мой погляд, прафесіяналы адрозніваюцца ад аматараў тым, што вучаць іншых. Аматары танчаць для сябе, хіба выпадкова нехта далучыцца. А калі адзін танцор вучыць 200 чалавек, гэта ўражвае. Гэта, канечне, іншая падача, не такая, як на вечарынах. Запомнілася, як я адна неяк вучыла некалькі соцень танцораў на фестывалі ў польскім Біскупіне. Як сёлета на свяце ў гонар бітвы на Нямізе 3 сакавіка публіка нас падтрымала, скакала ў пухавіках, цяжкіх ботах. Таму прыходзьце на Калядны фэст, патанчым!
Гурт АДАРВІРОГ — бадай, самы малады ўдзельнік Каляднага фэста. Сёлета выпусціў дэбютны альбом «Край паданняў», натхнёны творамі Уладзіміра Караткевіча. Грае ў стылі melodic folk-metal.
Дудар гурта АДАРВІРОГ Віктар Лагацкі:
— Галоўным вынікам году для Адарвірога стаў выпуск нашага альбома, да якога мы так доўга крочылі. І першая палова году, канечне, праходзіла пад знакам завяршальнай працы, усе турбаваліся пра гук, мастэрынг, выданне дыскаў і да т.п. Ну і самае непараўнальнае пачуцце — гэта яго рэліз. На Калядным фэсце выканаем некалькі кампазіцый з альбома. Можа не ўсё атрымалася так, як мы жадалі, але мы зрабілі высновы і будзем працаваць над памылкамі. Цяпер асноўныя турботы – падтрыхтоўка да Лютага фэсту, каб ён сапраўды стаў лютым.
Фота Алены Ляшкевіч