Куды ідзе дударскі рух Беларусі?
Дударскі клуб запрашае 21 снежня на першую вечарыну VIII сезону. Якія галоўныя вынікі году для дударскай супольнасці? Чаго чакаць у 2018?

Гурт Hardwood грае на Дударскім фэсце
У прыватных гутарках прадстаўнікі дударскай супольнасці сярод галоўных падзей году называюць Дударскі фэст (Мінск, красавік) і фестываль «Дударскі рэй» (Глыбокае, травень). Апошні сабраў дудароў з усёй Еўропы і, што цікава, быў падтрыманы мясцовымі ўладамі. Ініцыятыва сыходзіла ад мясцовага ўраджэнца Віталя Воранава, які цяпер працуе ў Польшчы, але без грошаў і адміністрацыйнага рэсурсу Глыбоцкага райвыканкама, бадай, нічога б не атрымалася (у такіх маштабах, прынамсі). Выглядае на тое, што дуда можа замацавацца як брэнд Глыбокага разам з Вішнёвым фэстам.
Такая сітуацыя непакоіць кіраўніка Дударскага клуба і даследчыка Яўгена Барышнікава. Нанёсшы на мапу згадкі пра дуды і паходжанне музейных артэфактаў, ён прыйшоў да высновы, што інструмент бытаваў на тэрыторыі ўсёй паўночнай Беларусі (Падзвінне, Навагрудчына, поўнач Міншчыны і Магілёўшчыны) і на Вілейшчыне, у Латгаліі, на захадзе сучасных Цвярской і Смаленскай і поўдні Пскоўскай абласцей Расіі. Стварэнне брэнду «глыбоцкай дуды» можа прывесці да таго, што іншыя раёны не захочуць падтрымліваць адпаведныя ініцыятывы. Спадзяемся, аднак, што дударства стане вялікай смвалічнай каштоўнасцю і эфект будзе адваротным — за гонар звацца «месцамі самымі дударскімі» раёны Віцебскай вобласці пачнуць змагацца як за дачыненне да спадчыны Язэпа Драздовіча, які, нагадаем, вандраваў па ўсёй Віцебшчыне.

Дзяніс Сухі грае на танцах у мінскім Музычным завулку
Паўза ў навуковых даследваннях дударства
Кожная новая крыніца з запісамі старых дудароў надзвычай каштоўная, бо такіх матэрыялаў вядома зусім няшмат. Сёлета, напрыклад, дзякуючы дудару Станіславу Чавусу на адным з расійскіх сайтаў знайшліся ў вольным дасягу найгрышы музыкаў Сцеся і Усцінава. Раней пра іх было вядома толькі тое, што яны выдаваліся ў 1939 годзе на плытцы ў Маскве.
На жаль, за год так і не ссунулася з месца праца з запісамі Соф’і Магід з Фанаграмархіва Пушкінскага дома ў Санкт-Пецярбургу. У вопісе матэрыялаў 1931 года з вёскі Машэцкая слабада (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці) пазначана «дудари», аднак саміх запісаў я не чула і сказаць напэўна, што там грае дуда, нельга, бо даследчыца з Расіі, пішучы «дудари», магла мець на ўвазе і найгрышы на дудачках. Атрымаць копію гэтых запісаў можна будзе, калі ўсталюецца супрацоўніцтва паміж беларускай і расійскай акадэміямі навук. Але на ліст, дасланы ім, расіяне пакуль не адказалі.

Наладжванне дуды
Пытанне ўлучэння беларускага дударства ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, якія вядзе UNESCO, таксама падвісла. Сёлета Беларусь рыхтуе туды абрад «Юр’еўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна і палескае бортніцтва. Праца па дударстве актыўна вялася на пачатку 2017 Інстытутам культуры Беларусі (які, дарэчы, улетку расфармавалі), быў зняты фільм, рыхтаваліся дакументы. Але дударская супольнасць не праявіла актыўнай зацікаўленасці ў супрацоўніцтве (а ініцыятыва супольнасці-носьбіта традыцыі, адпаведна Канвенцыі UNESCO 2003 года, — неабходная ўмова для ўлучэння ў спісы).

Танцы на Карчы
Пра танцы і разрыў пакаленняў
Уласна для мяне адкрыццём году стала тое, што танцы пад дуду на вольным паветры, так званы «Корч», усё яшчэ існуюць. Зімовыя вечарыны Дударскага клуба неяк прысутнічалі ў карціне свету, а вось летнія скокі зусім выпалі з поля зроку года гэтак з 2011-га. Таму сёлета я паспрабавала зняць пра іх і беларускае дударства ўвогуле фотапраект, частку якога вы бачыце ў гэтым артыкуле. Надзённае пытанне, якое не давала мне спакою ўлетку і не вырашанае цяпер — каму трэба тыя танцы пад дуду? У суполку VIII сезона Дударскага клуба Укантакце ўступіла больш за 300 чалавек, але толькі 20 распавялі пра збор сродкаў на вечарыны на сваіх старонках (плюс 60 падзяліліся допісам з асноўнай суполкі Дударскага клуба). Падтрымалі праект на Талацэ (ужо грашыма ці пакуль абяцаннямі) амаль 40 аматараў.

Гурт «Літы талер» на фестывалі ў Кярнаве, Літва
Музыкі, што распачыналі дударскі рух, выраслі, завялі сем’і, уласныя праекты. На думку лідаркі гурта «Яварына», музыкі і танцоркі Маргарыты Кубянкевіч, цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад часоў заснавання дударскага клуба тым, што тады фольк, гістарычныя танцы і рэканструкцыя былі ў модзе. Сёння маладыя людзі ва ўзросце тадышніх заснавальнікаў цікавяцца зусім іншымі рэчамі: электроннай музыкай, модным адзеннем... Ды нават зарабляннем грошаў. Але ніяк не пытаннямі, звязанымі з адраджэннем нацыянальных традыцый. Збольшага ўдзельнікі дударскага руху тусуюцца пару гадоў і ці становяцца прафесіяналамі, ці адыходзяць, пачынаючы займацца больш надзённымі справамі. Тыя, хто застаюцца, «варацца ў сваёй кашы». Маргарыта лічыць, што трэба шукаць моладзь, якой гэта было б цікава, і выходзіць на больш прафесійны ўзровень арганізацыі вечарын, рэкламы, выканання, танцавання… Пра разрыў пакаленняў казаў і Зміцер Сасноўскі, лідар гурта «Стары Ольса».


Дударскі рыштунак гурта «Літы талер»
Танцорам сумна гадамі выконваць адзін і той жа «джэнтльмэнскі набор» танцаў, яны сыходзяць у іншыя накірункі (напрыклад, у шатландскія контрдансы). З маіх суразмоўцаў-дудароў ніхто дакладна не ўяўляе, адкуль маглі б брацца новыя танцоры на дудовых вечарынах. На прыкладзе піцерскіх субкультур 1990-х і пачатку 2000-х даследчыца Таццяна Шчапанская давяла, што перыяд «чалавека, які тусуецца» — усяго год-два. Потым людзі абрастаюць працай і сем’ямі, ім ужо не да таго. Па вялікім рахунку, гэтыя год-два — перыяд, неабходны для пошуку шлюбнага партнёра. Падчас антылекцыі на Артсядзібе Яўген Барышнікаў выказаў думку, што Дударскі клуб і танцы на Карчы аб’ядноўвалі субкультурную моладзь, якой «рэлігія не дазваляе» ісці на звычайную дыскатэку, а кантактаваць з супрацьлеглым полам дзесьці ж трэба.

Мікола Столяр і Іван Акашаў граюць на Карчы
На думку арганізатара вечарын Дударскага клуба Антося Бельскага, у памяншэнні папулярнасці дудовых вечарын «вінаваты» Інтэрнэт: цяпер стала дасяжнай шмат інфармацыі, розныя ініцыятывы актыўна піярацца, і ў людзей папросту значна большы выбар, чым нават 5-10 год таму.

Мікола Столяр і Антось Бельскі граюць на Карчы
Выходзіць, каб людзі затрымліваліся ў руху, маглі «расці» ў ім, трэба нейкая школа падвышэння дударскага і танцавальнага майстэрства, новыя танцы, нейкія цікавосткі для сямей з дзецьмі… Сёлета, напрыклад, на Корч прыходзілі паспяваць маладыя мамы з недалёкага жылога комплекса «Магістр».
Зміцер Сасноўскі адзначыў: «Вечарынаў малавата, добра, каб былі нейкія оўпэн-эйры, карчма... А так ты прыходзіш на вечарыну, а ахоўнік і бармэн цябе не з першага разу разумеюць, калі кажаш па-беларуску…»
Вячаслаў Калацэй, дудар, выкладчык Універсітэта культуры, распавёў, што ў Рызе існуе этнічны паб Аla pagrbs, дзе штодня можна пачуць каранёвыя інструменты і патанчыць танцы латышоў. «Яго наведваюць сотні рыжан і гасцей горада — аматараў мастацтва, турыстаў... Пачынаўся ж ён з танцаў па чацвяргах у Рыжскім Доме школьніка. Да сучаснага (арганізацыйнага і фінансавага) стану яго ўзняла супольная дзейнасць шэрагу грамадскіх і ўрадавых арганізацый. Калі Дударскі клуб жадае выходзіць на новы ўзровень — ён павінны шукаць дыялогу з адпаведнымі ўстановамі Беларусі, інакш "статус кво" захаваецца, на жаль».

Танцавальны выпускны школы пры вандроўным тэатрыку «Гістрыён»
Вячаслаў Калацэй казаў пра неабходнасць масавай папулярызацыі дуды праз сістэму адукацыі і выхавання Беларусі: «Сёння гэта магчыма ажыццявіць толькі праз сістэму дзіцячых школ мастацтваў і дадатковай адукацыі». І Вячаслаў Калацэй, і Яўген Барышнікаў згадвалі прыклад Ірландыі, дзе вучаць граць на дудах з маленства і інструмент становіцца этнавызначальным.

Гурт "Жвавы карчмар" грае на Нямізе. Мікола Дашыневіч, Вячаслаў Красулін, Мікіта Халькоў.
Дуда быццам бы ўжо стала часткай і беларускай масавай культуры, калі нават Макдональдс праз яе рэкламуецца (мабільнае дастасаванне «Дудзім па-панску»), але ўсё ж яшчэ недалёка адышла ад стану «шырока вядомай у вузкіх колах».
Антось Бельскі лічыць, што такі стан пакуль, на жаль, характэрны для ўсяго звязанага з беларушчынай: «Пра дуду троху ведаюць, у вялікай ступені дзякуючы папулярнасці гурта «Стары Ольса», але ўсё ж трэба падтрымка Міністэрства культуры, ініцыятывы знізу мала». Дудар Вячаслаў Красулін прапануе рабіць распаўсюд інфармацыі не толькі праз інтэрнэт, а яшчэ і праз радыё, канцэрты, па тэлебачанні, праз друкаваныя СМІ. Тады, магчыма, для Дударскага клуба нават знайшліся б афіцыйныя спонсары.А пакуль падтрымаць вечарыны, каб танцы сталі рэгулёвымі, можна на Талацэ.
Фота Алены Ляшкевіч