Навошта беларусам шатландскія контрдансы?
За апошні тыдзень у Мінску прайшло адразу дзве вечарыны шатландскіх контрдансаў. Што гэта за танцы і чым яны вабяць беларусаў?
Вечарыны правялі творчая ініцыятыва «Shall we dance?» і Мінскі клуб шатландскіх танцаў. Танцоры прыходзілі апранутымі святочна, з элементамі гардэробу ў кратку, што падкрэслівала сувязь з Шатландыяй. Урачыста выконвалі контрдансы, вывучанныя на папярэдніх занятках, частаваліся імбірным печывам ды іншымі прысмакамі.
Удзельнікам вечарыны 3 снежня арганізатары нават падаравалі па кавалку мыла ў колерах сцяга Шатландыі. Тэматычныя ініцыятывы тлумачацца тым, што 30 лістапада прайшоў Дзень святога Андрэя, патрона Шатландыі. На сцягу краіны красуе крыж яго імя.
Як тлумачыць адзін з кіраўнікоў Мінскага клуба шатландскіх танцаў Павел Сакалоў, контрдансы ў XVI стагоддзі былі танцамі англійскіх сялянаў, ад іх трапілі да арыстакратаў, і ўжо з англійскага двара былі запазычаныя шатландцамі. Пік папулярнасці шатландскіх контрдансаў — XVIII–XIX стагоддзі. Перад Першай сусветнай вайной яны ледзь не памерлі і былі «рэанімаваныя» ў 1920-х Джын Міліган (заснавальніца Каралеўскага таварыства шатландскіх танцаў). У Шатландыі контрдансы дасюль выкладаюць у школах, танчаць на вечарынах людзі ўсіх узростаў. Яшчэ яны даволі папулярныя ў былых англійскіх калоніях, а таксама ў Нямеччыне і Японіі. Шатландскія контрдансы — з’ява сучаснай культуры, харэографы працягваюць выдумляць новыя танцы, якія тэстуюць танцоры па ўсім свеце і выдаюць вердыкт, наколькі зручна іх выконваць. «Адобраныя» танцы выходзяць у адмысловых зборніках, кожны мае свой нумар.
Наталля Цітовіч, другая кіраўніца Мінскага клуба шатландскіх танцаў, звяртае ўвагу на тое, што контрдансы будуюцца вельмі лагічна. Нават не ведаючы дакладна малюнка, з дапамогай спрактыкаванага партнёра можна станчыць: вельмі істотным падчас танцу лічыцца зрокавы кантакт. Па ўсім свеце праходзяць шатландскія балы, да таго ж можна здаць іспыт і атрымаць кваліфікацыю танцора ці настаўніка. Ёсць куды цягнуцца!
Аматараў шатландскіх танцаў у Беларусі пакуль усяго некалькі дзясяткаў. Чым жа яны вабяць нашых суайчыннікаў, улічваючы, што патанчыць у Мінску ёсць дзе?
Распавядае кіраўнік творчай ініцыятывы «Shall we dance» Аляксей Іваноў:
— Калі я толькі адкрыў для сябе, што акрамя танга, лаціны і хастлу ёсць яшчэ іншыя танцы, нескладаныя для засваення, я не думаў, што мяне захопяць менавіта шатландскія. Я прыйшоў у клуб «Люцэрн», дзе аднойчы Ірына Міхайлаўна, якая вяла заняткі, прапанавала нам развучыць адзін шатландскі контрданс. Гэта было цікава, але напачатку складана: новыя фігуры, нязвыклыя ... Мы доўга яго вучылі, але ўрэшце адолелі. Крыху пазней у школе гістарычнага танцу «Залаты Двор» мы вучылі контрданс «Кветкі Эдынбурга». Ён адразу запаў мне ў душу і да гэтага часу, нягледзячы на прастату, з'яўляецца адным з маіх улюбёных. Потым неяк натыкнуўся на контрданс «Злаві вецер». Як зачараваны пераглядаў шмат разоў запар той ролік, не мог наслухацца музыкі, наглядзецца ... На відэа танчылі людзі розных узростаў і здольнасцяў, але гэта было весела. У той перыяд я актыўна ездзіў у Барысаў, сябраваў з творчай ініцыятывай «Барысаўская Мыза», часам вёў заняткі. Мне падабалася тое, чым я займаюся, хацеў гэтым падзяліцца з іншымі. Аднак з вопытам назапасіліся і пытанні, на якія я не знаходзіў адказу. Паўтара гады таму я трапіў на школу шатландскіх танцаў, якая праводзіцца ўжо які год у розных гарадах Расіі ў траўні. Там я атрымаў адказ на свае пытанні, пазнаёміўся з рознымі людзьмі, паспрабаваў розныя напрамкі шатландскіх танцаў, якія не зводзяцца толькі да контрдансаў, хоць апошнія — вельмі вялікі, любімы большасцю, на мой погляд, раздзел, які нязменна прыцягвае велізарную колькасць аматараў.
Я люблю шатландскія танцы за іх лагічнасць, а таксама даступнасць для ўсіх, абсалютна для ўсіх. Наогул, я досыць усяедны. Акрамя заняткаў ва ўласным калектыве наведваю некалькі танцавальных клубаў, люблю і ХІХ стагоддзе, і Ампір, і Сярэднявечча, і Рэнесанс, і некаторыя танцы эпохі Мадэрн.
На жаль, большасць людзей лічаць, што танцы — гэта для выступаў. У школе яны ідуць факультатывам, хоць раней былі сярод звычайных школьных прадметаў. Я ў дзяцінстве не любіў гэтыя ўрокі. Цяпер ужо ўсведамляю, чаму: там, па сутнасці, і не было танцу. Навучалі класічнай харэаграфіі. Гэта таксама карысна, але дзіцём я не бачыў мэты.
Цяпер на балах па розных напрамках гістарычных танцаў я сустракаю прадстаўнікоў розных прафесій і ўзросту. Усіх яднае цікаўнасць і тая атмасфера, што ствараецца на такіх мерапрыемствах. Для нашых танцаў не трэба папярэдняй падрыхтоўкі і вопыту. Усё можна вывучыць на занятку. Безумоўна, як і ўсё новае, на пачатку яно можа выклікаць страх, што «не атрымаецца». Па розных прычынах немагчыма арганізаваць групу «для пачаткоўцаў» і для тых, «якія працягваюць». Таму пачатковец прыходзіць і вучыцца разам з усімі. Танцы – гэта выдатная магчымасць скінуць назапашаны за дзень негатыў, вырвацца з побытавой руціны і адцягнуцца.
Вядома, што для таго, каб максімальна якасна жыць, трэба нагружаць і цела, і мозг. Шатландскія танцы для гэтага — выдатны сродак: схемы прымушаюць працаваць мозг (хоць імправізацыя таксама магчымая, а гэта больш высокі ўзровень танцаў), а цела атрымлівае абсалютна нестамляльную, неманатонную нагрузку. Так што — адкідайце страхі ды няўпэўненасць, вам спатрэбіцца толькі гарачае жаданне і трошкі высілкаў. Ну, і рэгулярнасць наведвання заняткаў (па магчымасці).
Вось што кажа танцорка Ірына Каравай: «Шатландскімі танцамі займаюся таму, што гэта весела, цікава, разнастайна, развівае мозг, ну, і яшчэ выкладаюць мае сябры — а гэта увогуле цудоўна. Раней займалася гістарычнымі танцамі, зараз ужо не, але на мерапрыемствы кшталту балу ці вечарыны магу прыйсці і без падрыхтоўкі. Акрамя гэтага цяпер займаюся танцамі на пілоне. Першае і галоўнае, што можна параіць тым, хто толькі знаёміцца з шатландскімі контрдансамі — не баяцца танцаў. Гэта занятак у першую чаргу для сябе, таму варта браць добры настрой і проста прыходзіць танчыць».
Ганна Закервашэвіч: «Шатландскімі танцамі зацікавілася раптоўна прыблізна 4 гады таму. Я паспрабавала патанчыць адзін занятак і засталася. Гэта прыгожыя ўзоры, вяселле, цяплыня. Радастна калі вы бачыце, як апісанне танца складаецца на паркеце ў прыгожы малюнак. Цяпер я займаюся толькі шатландскімі танцамі, да гэтага былі бальныя, лацінскія, вывучэнне танга і іншыя. Пачаткоўцам раю – не бойцеся і танцуйце! Вам дапамогуць, правядуць праз увесь танец пры неабходнасці. Гэта галоўны дагмат шатландскай суполкі. Глядзіце на партнераў і атрымлівайце асалоду ад танцу!».
Я пра магчымасць таньчыць шатландскія контрдансы ў Мінску выпадкова даведалася ад сяброўкі. Для мяне яны сталі наступнай прыступкай пасля беларускіх традыцыйных танцаў — схемы складанейшыя, запамінаць іх не адразу выходзіць, сапраўды, размінка для розуму і цела. На жаль, усё атрымліваецца не так хутка, як мне хацелася б, а пасля перапынку ў занятках хутка забываецца. Таму раю вывучыць назвы танцавальных фігур, наведваць заняткі па магчымасці рэгулярна і не саромецца прасіць спрактыкаваных танцораў падказваць падчас танцу.