Сон-сюр з Някляевым у Брэсце. Амаль рэпартаж з элементамі эсэ

Бывае ж такое, здараецца, — каб і хацеў прыдумаць, дык не, не атрымаецца. Так і гэтым разам было.

Мiкола Пракаповiч i Уладзiмiр Някляеў. Фота Яўгена Бяласіна

Мiкола Пракаповiч i Уладзiмiр Някляеў. Фота Яўгена Бяласіна

Нядзеля. Першае ў гэтым годзе пасяджэнне Рады Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў адбываецца ў рэдакцыі «Брестского курьера». З’явілася тэхнічная праблема: адключылі батарэі, і ў памяшканні тэмпература вуліцы, некалькі градусаў цяпла. Таму ўсе ў паліто, кажушках, — адно што не ў пальчатках.

Але праз кароткі час антураж мяняецца. З’яўляецца госць — Уладзімір Някляеў. І разгортваецца ён, гэты няйначай сон пад Далі, — цалкам сюррэалістычная дзея. Някляеў сядзіць крыху збоку ад плыні сходу, падпісвае кніжкі. Напачатку добра знаёмым прысутным — а такіх многа. Найперш Міколу Пракаповічу, — з ім знаёмы яшчэ з савецкіх часоў. Потым менш знаёмым прысутным. Паколькі паэт-пчаляр Мікола Папека «чапляе» госця на палітычныя тэмы, то яму пакуль — нічога. Між тым «праважаты» Някляева Язэп Янушкевіч, паказваючы на чарговую кнігу, падымае градус: «Дык гэта ж бібліяграфічная рэдкасць, 1976 года! Рарытэт!» І Папека (калекцыянер!) не вытрымлівае: вочы яшчэ спрачаюцца, але міміка выдае, як ён хоча кнігу, аб’яўленую апошняй. Дарэчна падключаецца Мікола Пракаповіч, нагадвае, што гэта Папекаў мёд мы прыносілі не так даўно нашаму калегу і паплечніку ў Брэсцкую гарадскую бальніцу, дзе той ляжаў з гіпертанічным крызам і пераследаваны пэўнымі цэрберамі.

Някляеў выяўляе на абліччы барацьбу пачуццяў, але бачна таксама, што ён унутрана згодзен. Супраць аргумента салідарнасці — як супраць лома... І кніга («...тут не я, тут пра мяне») адыходзіць Міколу Папеку. Някляеў «корпаецца» ў ноўтбуку, «дастае» адтуль верш, чытае. Верш энергетычны, падабаецца прысутным. Адкуль ён такі? А з медыцынскага бланка! Аўтар згадвае, што ў брэсцкай бальніцы, калі яго затрымалі на мяжы, не было патрэбных лекаў, доктар адно выпісала рэцэпты, на адным з іх ён пачаў запісваць верш, а потым аддаў з ахвотнаю схадзіць у аптэку, і бланк з вершам застаўся там. «Але аптэкарка немаведама як даведалася, што гэта мой накід, здолела праз некага перадаць мне, і верш быў дапісаны», — кажа ён. Рэдактар Мікалай Аляксандраў парываецца запісаць гісторыю для публікацыі, але тут умешваецца шматведны Мікола Папека. «У «Новым Часе» пагартайце, там пра гэта ёсць»...

Заадно прысутныя даведваюцца, калі і каму будзе ўручана наступная 17-я Мядовая прэмія. Але пастаўленая і ўмова: імя лаўрэата не раскрываецца! Затое з налёту і адразу прымаецца рашэнне пра Мядовую прэмію 2018 года (!) Гучыць і імя лаўрэата. Яна будзе прысуджана рускамоўнаму паэту Аляксандру Рызо, які рызыкнуў прачытаць прысутным свой чатырохрадковік на беларускай мове. Верш спадабаўся, паэту сказалі, што ягоныя ранейшыя вершы ўсе прайгралі, і калі напіша і выдасць за гэты год па-беларуску кнігу, то аўтаматычна атрымае пуд мёду ад Папекі.

Гэты, калі зважаць на фабулу і яе напаўненне, сюррэалістычны сон у духу Далі меў працяг. І ён даволі рэалістычны. Прысутным даводзіцца інфармацыя, што заявіў пра сваё жаданне ўступіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў Петэр Бараш. Інжынер паводле адукацыі, ён яшчэ з савецкіх часоў жыве ў Брэсце, але мае радзімай Венгрыю і перакладае на венгерскую (вугорскую) мову творы беларускіх пісьменнікаў. І ўжо зусім без эфекту сну a la Далі, цалкам рэальна Уладзімір Някляеў выходзіць перад сходам і падтрымлівае свайго перакладчыка рэкамендацыяй (Бараш пераклаў і выдаў адну кнігу Някляева, цяпер працуе над другой)…

Пры такім міжнародным павароце падзей у Брэсце хачу абнародаваць наступную ідэю. Яна метадалагічная.

Вядома, што любую справу можна рабіць некалькімі спосабамі (часам прынцыпова адрознымі), і яны будуць мець розны каэфіцыент карыснага дзеяння. Дэталізую далей. У Беларусі працуе Брытанская Рада. Нягледзячы на тое, што ўчынілі імені класіка на радзіме (маю наўвазе фільм «FACK JU GÖHTE», які карыстаецца ў Нямеччыне шалёным поспехам), вельмі вынікова і даўно працуе Інстытут імя Гётэ. З нядаўняга часу надзвычай актывізаваліся ўсходнія суседзі, і нават у абласных гарадах там-сям адкрыліся Цэнтры расійскай навукі і культуры.

А мы, выходзіць, нямоглыя, босыя і голыя?

Але гляньма: ёсць Петэр Бараш. Другую ўжо кнігу «зараджае». А берасцеец Мікола Аляхновіч пераклаў, у сваю бытнасць у Венгрыі, каля дзесяці венгерскіх паэтаў на беларускую і выдаў кніжкаю «Такая тонкая размовы ніць»!

Ёсць у Нямеччыне перакладчык з беларускай на нямецкую Томас Вайлер. У Англіі і ЗША тоесных ім людзей маем, некаторыя ўваходзяць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. У Іспаніі такі чалавек — Анхела Эспіноса Руіс. І з беларускімі вершамі высокія месцы ў спаборах тут займае, і нашы вершы на іспанскую перакладае.

Дык чаму не рабіць гэта больш паяднана, пад эгідаю Янкі Купалы? Яго, дарэчы, таксама «коцалі» тут, як і Гётэ ў Германіі, але «...каб Сонца засланіць...», вядома. Гэта імя-брэнд.

Натуральна, грошай на тое, каб адчыняць за мяжой установы, падобныя да Інстытута імя Гётэ ды іншых названых устаноў, у Беларусі пакуль няма і доўга яшчэ не будзе. Але нішто не замінае, пры цяперашняй глабалізацыі, мець віртуальны Інстытут імя Янкі Купалы, які там-сям падтрымліваў бы вартыя культурніцкія пачынанні і праекты, збольшага за мяжою краіны.

Дзяржава ў гэтым зацікаўленая найперш. Бо малымі высілкамі можна рабіць важную і вялікую іміджавую працу, так неабходную за мяжою.

Сканцэнтраваўшы высілкі, мы ў «ключавых» краінах свету дапаможам увайсці ў грамадскі дыскурс найперш нашым класікам, — як тым, каго ўжо няма з намі, так і жывым (Алексіевіч, Разанаў). Але і Някляеў, напэўна, мусіць фігураваць таксама. І не таму, што так арганічна «прысніўся» брэсцкім літаратарам напрыканцы студзеня. А таму, што шматкаратны, як кажуць немцы, паэт ды прадстаўнічая фігура.