Спадчына ўсёй Еўропы

Новую кнігу Змітра Сасноўскага «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.» можна з упэўненасцю назваць сайд-праектам вядомага музыканта і кіраўніка гурта «Стары Ольса».



88855547570f7ff053fff7c54e5148cc.jpg

Новую кнігу Змітра Сасноўскага «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.» можна з упэўненасцю назваць сайд-праектам вядомага музыканта і кіраўніка гурта «Стары Ольса».
Гэтае выданне з’явілася не ў апошнюю чаргу таму, што Зміцер, як прафесійны гісторык і даследчык старажытных інструментаў, вывучаў вялікую колькасць гістарычнага матэрыялу, які быў прысвечаны самым старажытным старонкам айчыннай музычнай культуры для выкарыстання іх у музычнай практыцы свайго гурта. У выніку цікавага і арыгінальнага матэрыялу назбіралася столькі, што ідэя стварыць першы падручнік па музычнай культуры набыла рэальныя формы. Кніга стала своеасаблівай музычнай энцыклапедыяй з вялікай колькасцю нідзе не апублікаваных звестак і ўнікальнага іканаграфічнага матэрыялу.
Кніга Змітра Сасноўскага з’явілася на свет у выдавецтве «Харвест» у папулярнай серыі «Неизвестная история», якую заснаваў вядомы беларускі пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас. Як адзначыў спадар Тарас на прэс-канферэнцыі, гэта першае выданне яго серыі па-беларуску.
Зміцер Сасноўскі прызнаўся, што з хваляваннем чакае водгукаў на сваю кнігу ад прафесіяналаў-музыказнаўцаў. Асабліва што тычыцца храналогіі гісторыі беларускай музыкі. У кнізе прапанавана аўтарская канцэпцыя гэтай храналогіі, якая шмат у чым адпавядае храналогіі станаўлення дзяржаўнасці нашай краіны. І тым не менш, кніга і яе гістарычная канцэпцыя адкрытыя для абмеркавання і зацікаўленай крытыкі.
«Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.» — гэта і своеасаблівы даведнік. У ім змешчаны шмат дадатковых матэрыялаў. Напрыклад, беларускі тэкст гімна «Багародзіца», а таксама васьмімоўны даведнік назваў музычных інструментаў з іх малюнкамі. У кнізе змешчаны пераклад унікальнага музыказнаўчага эсэ аўстрыйскага дырыжора і даследчыка старадаўняй музыкі Нікалаўса Арнанкурта «Музыка як мова гукаў», якую ўпершыню па-беларуску пераклаў Зміцер. Гэты твор — сапраўдны праваднік у свет старажытнасці, дапаможнік выканаўцам музыкі мінулых стагоддзяў.
Пра энцыклапедычнасць новай працы З. Сасноўскага можна меркаваць і па тым, з якой пашанай і піетэтам аўтар ставіцца да цудам дайшоўшых да нас беларускіх нотных зборнікаў: «Полацкага сшытка», «Курантаў», «Нясвіжскага канцыялу», узораў народнай і прафесійнай музычнай творчасці кампазітараў Яна Давыда Голанда, Вацлава з Шамотул, Міхала Казіміра Агінскага і іншых творцаў. Але ў кнізе адчуваюцца і прыхільнасці аўтары. І гэта, зразумела, унікальны інструмент, на якім Зміцер Сасноўскі грае ў гурце «Стары Ольса» — беларуская дуда. Менавіта гэтаму інструменту ў кнізе адведзены цэлы раздзел, які аўтарам названы «Іканаграфія беларускіх дудаў ХІХ–ХХ стст.», шмат візуальных матэрыялаў для якога Зміцер знайшоў падчас працы ў Дзяржаўным архіву фота і кінадакументаў у Дзяржынску.
Акрамя цэлага комплексу сенсацыйных звестак па гісторыі беларускай музычнай культуры, кніга Змітра Сасноўскага — яшчэ і захапляльнае чытво, накшталт раманаў Уладзіміра Караткевіча: тут ёсць і гістарычныя загадкі, археаграфічныя даследаванні і высновы на іх падставе, а таксама відавочныя доказы таго, наколькі багатай была музычная культура беларускіх зямель — неад’емнай часткі Еўропы.