СтАRT-60 Алеся Мары
У мінскай галерэі Беларускага саюзу мастакоў «Мастацтва» да 5 снежня экспануецца выстава твораў выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Аляксея Марачкіна (Алеся Мары).
У экспазіцыі – 36 прац розных гадоў. Большасць з іх – фігуратыўныя кампазіцыі, партрэты, краявіды і нацюрморты, створаныя мастаком пад час навучання на аддзяленні жывапісу
Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. Гэтыя творы мастака пераносяць гледача ў далёкія 1960-я гады.
Так, у сваёй працы “Дзіцячыя мроі”, альбо “Хлопчык з колам” мастак распавядае пра забаўку многіх пасляваенных хлапцоў и дзяўчат, якія ўлетку з задавальненнем
ганялі па вуліцах вёсак і гарадоў маталічныя колы. “Запрэжанае” ў вадзіла з тоўстага дроту кола гуло і звінела, а зачараваныя дзеці беглі ўслед і не маглі нарадавацца гэткаму дзіву
– кола бяжыць і бяжыць, абы роўна трываў вадзіла… Колькі было захаплення ад дзіцячага адкрыцця гэтых магчымасцяў такога, здавалася б, звычайнага кола. Пазней прыйшло ўсведамленне,
што і старажытныя людзі пры першым знаёмстве ўспрымалі кола, як незвычайны і вялікі цуд…
“Жанчыну ў беларускім нацыянальным строі” Аляксей Марачкін пісаў, як вучэбную працу. Але сёння выява гэтай жыхаркі сталіцы ўспрымаецца як сімвалічны псіхалагічны партрэт
беларускай маці пасляваеннай пары. З ледзьве прыкметнай усмешкай яна задумённа глядзіць, апусціўшы вочы долу, і ціха думае пра ўсё тое, пра што спакон веку думалі пакаленні беларускіх жанчын
– пра здароўе родных і сваякоў, пра будучыню дзяцей, пра сваю няпростую долю…
Драматычны “Партрэт Юркі Марозава” – гэта прысвячэнне мастака свайму сябру. Юрка Марозаў нарадзіўся і жыў у Савецкай Гавані на Сахаліне. Але паколькі хлапец вельмі
любіў музыку, літаратуру і выяўленчае мастацтва, ён імкнуўся на захад да людзей і цягам часу аказаўся ў беларускім Жодзіне, дзе ў той час працаваў Аляксей Марачкін. Яны пасябравалі і неўзабаве Юрка
паступіў на вучобу ў Мінскую мастаскую вучэльню. Але чуллівы і адкрыты душою Марозаў зведаў ад людзей не толькі сяброўства. Нешта Юрку ў Мінску не спадабалася, ён пасля першага курсу пакінуў вучэльню
і з’ехаў у Піцер, дзе пасябраваў з мясцовымі дысідэнтамі. Але жыццёвыя цяжкасці пераследавалі хлопца, ён цяжка захварэў і вярнуўся да маці на Сахалін, дзе хутка памёр… Партрэт Юркі
Марозава – своеасаблівы расповяд мастака пра тых юнакоў пасляваеннай пары, чые мары так і не спраўдзіліся, бо , у адрозненне ад Аляксея Марачкіна, не ўсе хлопцы змаглі
рэалізавацца…
На выставе мастак дэманструе шэраг сваіх нонканфармісцкіх твораў апошіх гадоў і партрэтаў на старых драўляных прасніцах. Мастак падараваў ім другое жыцце і стаў пісаць на гэтых прыладах працы,
што захавалі не толькі адмеціны часу, але і роздумы, позіркі і цяпло рук сваіх былых гаспадынь. І жывапіс майстра вельмі гарманічна ўспрымаецца на гэтых старых дошках, якія без Марачкіна даўно б
сышлі ў нябыт.