ТБМ і валанцёры краязнаўства

16 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прайшла арганізаваная Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Пасяджэнні вялі старшыня ТБМ Алег Трусаў і яго першая намесніца Алена Анісім.



16 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прайшла арганізаваная Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Пасяджэнні вялі старшыня ТБМ Алег Трусаў і яго першая намесніца Алена Анісім.
Мерапрыемства адбывалася ў рамках праекта “Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці. Падтрыманы дабрачыннымі праграмамі амбасады ЗША, праект ужо дазволіў ТБМ зрабіць некалькі важных спраў.
Выдадзены паўтара дзясятка насценных беларускіх календароў на 2012 год пад тытулам “Захаваем нашу гістарычную спадчыну. Яны прапагандуюць выбітныя помнікі старадаўняй архітэктуры, гістарычныя гарады і мястэчкі. Адзін з календароў прысвечаны памяці Міхася Ткачова, гісторыка і археолага, самага вядомага даследніка беларускіх замкаў, чые працы застаюцца настольнымі кнігамі краязнаўцаў па ўсёй краіне. 10 сакавіка 2012 года Міхасю Ткачову, заўчасна памерламу ў 1992-м, споўнілася б 70 гадоў.
Прайшоў нацыянальны конкурс па мікратапаніміі, настойлівым збіраннем якой ТБМ займаецца не першы год. Ва ўнікальных назвах, якія захоўваюцца ў памяці старэйшых жыхароў, але з часам сыходзяць з ужытку, — водгук гістарычных падзей, асаблівасцяў гаспадарчага і традыцыйнага рэлігійнага жыцця, старых рамёстваў і заняткаў, адметнасцяў прыродных з’яў у наваколлі. Іх вывучэнне — важкі інструмент працы краязнаўцаў. Праект яднае шырокае кола ініцыятыў, накіраваных на выхаванне шчырай любові і цікаўнасці да сваёй краіны і малой радзімы. А яна выхоўваецца развіццём гісторыка-культурнага турызму ў сваім краі.
ТБМ плануе збіраць і прапаноўваць цікавыя турыстычныя маршруты на сваім абноўленым партале www.tbm-mova.by. Напрыканцы траўня, зноў у супрацоўніцтве з Нацыянальным гістарычным музеем, адбудзецца краязнаўчы фестываль. У адрозненне ад канферэнцыі — больш папулярнае, публічнае мерапрыемства. Побач з пляцоўкамі для дыскусіі і абмеркавання, навуковымі “панэлямі, пройдзе фэст рамёстваў і мастацтваў.


Цягам дня больш за паўсотні ўдзельнікаў канферэнцыі з усёй краіны — мінскія навукоўцы гісторыкі і лінгвісты, кіраўнікі мясцовых краязнаўчых гурткоў і музеяў, энтузіясты руху аховы помнікаў і турыстычных праектаў — абмяркоўвалі вынесеныя ў павестку тэмы. Сярод іх — тапаніміка як частка краязнаўства, ахова і выкарыстанне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, лінгвістыка як аспект краязнаўства.
Побач з тэорыяй практычныя захады — арганізацыя валанцёрскага руху па аднаўленні старадаўніх помнікаў, удасканаленне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства. У гэтай галіне ТБМ шукае супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры, прадстаўніца якога вітала ўдзельнікаў, і міністэрствам спорту і турызму.
Краязнаўства — як сапраўдная філасофія, комплексная навука ведаў пра край. Яго ўздым супаў у 1920-я гады з нацыянальным адраджэннем Беларусі, а хваля сталінскіх рэпрэсій ў 1930-я нанесла яму непапраўную шкоду.
 
Але за мінулыя дзесяцігоддзі плён працы краязнаўцаў лёг у аснову шматлікіх гістарычных прац, слоўнікаў, фундаментальнага пяцітомнага лексічнага атласу беларускіх народных гаворак. Сёння вялікую актуальнасць набывае складанне рэгіянальных слоўнікаў, вывучэнне мікратапанімікі.
Дзейнасць краязнаўцаў не у меншай ступені — падмурак складання і росквіту мясцовых музеяў. Адзін з яскравых прыкладаў — 2 музеі (гісторыі і друку) СШ №3 у Мёрах. Вынік збіральніцкай працы школьнікаў на ўзараных палях у раёнах старажытных курганоў і паселішчаў — унікальная неалітычная каменная сякера з рунічнымі пісьмёнамі, крэмніевы серп, мастацкая дробная пластыка, рэдкія манеты. З іншых крыніц — укрыжаванне з сядзібы скульптара і паўстанца 1863 года Генрыха Дмахоўскага і люстэрка з маёнтку Эміліі Плятэр у Лужках.
У музеі друку — унікальныя выданні і рукапісныя кнігі, пачынаючы ад XVIII стагоддзя. З непараўнальным энтузіязмам распавядаючы пра дзейнасць збіральнікаў у Мёрах, Вітаўт Ермалёнак, кіраўнік абодвух школьных музеяў, паабяцаў адчыніць яшчэ 2 экспазіцыі: па этнаграфіі і гісторыі адукацыі.
 
Неабыякавасць краязнаўцаў — аснова пільна неабходнай працы па вяртанні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці помнікам, якія з прычыны нядбайнасці альбо наўмысна выводзяцца з ахоўных спісаў. Досведам аднаўлення ахоўнага статусу дзвюх цэркваў на Віцебшчыне падзяліўся на канферэнцыі вядомы гісторык, аўтар манаграфіі “Краязнаўцы Віцебшчыны Мікола Півавар. Дасягнуць поспеху згодна з сучасным заканадаўствам можа дакументаваным зваротам у Міністэрства культуры нават прыватная асоба.
Як заўважыла вядоўца канферэнцыі Алена Анісім, “адбылася сур’ёзная размова пра тое, якія накірункі краязнаўства сёння існуюць у Беларусі і з’яўляюцца найбольш важнымі, абмеркаваны набыткі і перспектывы іх развіцця. Зараз важны імпульс, розгалас ад канферэнцыі, каб прыцягнуць да працы больш прыхільнікаў. Дзеля гэтага да канца года з’явіцца зборнік дакладаў, а надалей падобныя сустрэчы арганізатары спадзяюцца праводзіць штогод. Выдавец краязнаўча-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец і адзін з удзельнікаў падзеі Станіслаў Суднік назваў яе “чарговым крокам у развіцці краязнаўства і спробай правесці яго інвентарызацыю ў Беларусі.
Паколькі пасля першага кроку да стварэння нацыянальнага краязнаўчага таварыства напрыканцы 1990-х прайшло амаль 15 гадоў, за гэты час адбылося некалькі рэгіянальных сходаў і сустрэч, паўстала “Краязнаўчая газета, то сёння пытанне пра аб’яднанне на нацыянальным узроўні цалкам саспела.