Мікіта Лосік эвакуіраваны з Беларусі. Хронікі рэпрэсій 22 ліпеня
Брат палітзняволенага Ігара Лосіка Мікіта 8 ліпеня быў асуджаны на тры гады «хіміі». Але мінулай ноччу пры дапамозе BYSOL ён з'ехаў з Беларусі ў бяспечную краіну. Каб дапамагчы яму аднавіцца пасля СІЗА і пачаць новае жыццё абвешчаны збор.

Мікіту затрымалі ў красавіку 2025 года за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»: нібыта за тое, што ён пераслаў некалькі фатаграфій ваеннай тэхнікі каналу «Беларускі Гаюн». Яго асудзілі па артыкуле 361-4 КК РБ і адправілі ў СІЗА на 3 месяцы. Потым быў суд, на якім яму далі 3 гады ў калоніі-селішчы.
Акрамя таго, супраць яго завялі яшчэ дзве адміністрацыйныя справы – за антываенны статус і за ўкраінскі і бчб-сцягі ва «УКантакце».
«Я ў корані не згодны з правядзеннем злачыннай вайны з Украінай і ўдзелам у ёй беларускага боку», – кажа Мікіта.
У дачыненні да жыхара Пінскага раёну распачалі крымінальную справу за каментар «экстрэмісцкаму фармаванню»
17 ліпеня Пінскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) у дачыненні да жыхара Пінскага раёна.
Паведамляецца, што ён даў інтэрв'ю YouTube-каналу, прызнанаму «экстрэмісцкім».
Старонку ў Instagram «Берасцейская вясна» прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Першамайскага раёну Мінска 17 ліпеня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі Telegram-чаты «Чат ШК», «Масюкоўшчына 2.0 (гарадок)» і «Чат Масюковщина 1».
Маладую бібліятэкарку з Горак асудзілі за пратэсты
Настассі Трубчык-Дзіваковай 24 гады. Родам яна з Горак, піша «Наша Ніва».
Пасля сканчэння школы ў 2018 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый. Працавала ў бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па размеркаванні.
Нядаўна Настасся пабралася шлюбам і ўзяла двайное прозвішча, пакінуўшы сваё і дадаўшы прозвішча мужа.
Яе асудзілі ў 2025 годзе па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса, імаверна, за ўдзел у пратэстах. Меркавана, ёй прысудзілі «хатнюю хімію», пасля чаго ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў» МУС.