«У імя маці дачкі і святой душы». Словы, якія адбыліся з Вольгай Гапеевай

Летась праз кавід і абуджэнне беларускай нацыі шмат якія праекты засталіся па-за нашай увагай. Так, напрыклад, на пэўны час мы адклалі чытанку і іншыя цікавыя, смачныя і інтэлектуальныя завядзёнкі, бо розум занялі падзеі гістарычнай важнасці і справядлівасці.

img_7470__1_.jpg


Я сама сабе гаспадыня і гаспадархаця не
у маім лексіконе няма такіх словаў
я сыходжу калі што не па мне
магу папырхаць калі ў гуморы
і дарэчы малака я ня п’ю
як і ўва ўсіх катоў
у мяне непрыманне лактозы.


Тым не менш, хацелася б выправіць некаторыя несправядлівасці і прэзэнтаваць вашай увазе з пэўным спазненнем кнігу вершаў Вольгі Гапеевай, якая з'явілася ўлетку 2020 году ў выдавецтва Галіяфы — “Словы якія са мной адбыліся”. Калі з бальшынёю адбываюцца сітуацыі, падзеі, казусы, з паэтамі і паэткамі адбываюцца якраз словы:
Усё што адбываецца з намі — словыУсё чым мы ёсць адна для адной — вершы.
Гэта вельмі разнастайны, разнашэрсны па тэмах і эмоцыях дыхтоўны зборнік — адначасова філасофскі, інтымны, фемінісцкі — ад якога да ўсяго дзме эстэцкай змрочнасцю. Дух часу, дух 2020 году абавязвае! Мастацкі тэкст, напісаны ці падрыхтаваны ў 2020 годзе і не мог быць іншым. У значнай колькасці вершаў зборніка паэтка літаральна маўчыць па-беларуску. Так, словы “маўчанне”, “цішыня” — цэнтральныя ў дадзеным зборніку, сустракаюцца як ніколі часта, але не заўсёды яны нясуць негатыў. І хоць папярэднія зборнікі Вольгі былі куды больш аптымістычныя, гэты ўсё ж не кідае вас у скруху, ён пульсуе бы ў такт жудаснаму часу і, на здзіў, паэтка кожнага разу выбіраецца з лабірынтаў, а часцей тупікоў памяці:

Калі пяць жанчын чытаюць са сцэны свае вершышостая сядзіць праваруч
сёмая наперадзе
я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы
і што гэтая выпадковасць не выпадковасць зусім
а доўгая балючая праца стагоддзямі тых якія верылі ў сябе
калі не верыў ніхто
і гэты ніхто дагэтуль не сядзіць сярод нас
але нас ужо восем
і мне не вусцішна
болей.


Якраз дзякуючы сваёй вернасці эстэцкаму і фэмінісцкаму пакліканьню, паэтка і пазбаўляецца змрочанасьці, безвыходнасці. А яшчэ, канечне, дзякуючы мове, якой нідзе не вучаць, на якой яна так выразна і нават гучна маўчыць:
Калі прыходзіць яна – прыходзіць моватая якую нідзе не вучаць
з якой прачынаешся аднойчы
і з таго часу толькі на ёй
і маўчыш.
Бо:
Мова – астрог і свабодаІ маю свабоду абмяжоўваюць уласныя страхі.
Аўтарка шмат і “добра размаўляе на чужых мовах”, але як бальшыня беларускамоўных маўчыць на роднай мове, бо ў чужым ці нічыйным свеце мы жывем па чужых правілах і часта ніхто не разумее нашай мовы. Тужлівы першы верш зборніку “Прачынаюся па чужым будзільніку…” завяршаецца аптымістычна, бо “ў гэтым чужым і нічыйным свеце […] я нарэшце сваёю памерла б смерцю”. На фоне ўсяго чужога хаця б смерць становіцца ці, як спадзяецца паэтка, стане сваёй.
У адным Вольга не мяняецца і ў гэтым зборніку — ці не праз усе вершы паэтка знаёміць нас з усюль прысутнай і актуальнай фемінісцкай сусветнай позвай дня — так лёгка і іранічна яна падкрэслівае жуду і часцяком нябачнае геройства як асабістага, так і калектыўнага жаночага досведу:
я складала сябеупоперак і ўздоўж
хацела кампактнай быць
змяшчацца ў валізку
каб не ствараць ніякіх турбот не выклікаць
раздражнення
быць зручнай і радаваць вока…
Вольга шмат піша пра сябровак, жанчынаў, якіх мы не ведаем, але бачым штодня, на якіх трымаецца ўсё грамадства, а пры гэтым самі жанчыны трымаюцца хіба за паветра:
і якую трэба мець мужнасцькаб трымацца не за сяброў
мужа ці сваякоў
а за паветра…
…затое стаўлю ў прыклад
маю сяброўку і іншых жанчын
што трымаючыся адно за паветра
трымаюць усіх нас.
У святле падзеяў апошняга часу ў Беларусі гэтыя радкі разумеюцца яшчэ выразней і гучаць як адначасова гімн і ода беларускам. Сапраўды, цяперашняя беларуска — гэта дзіва-жона, супергерой, волатка, якая абараняе ўвесь беларускі свет ад нутраных і вонкавых монстраў. Пры гэтым у свеце часта няма нікога, каб абараніць яе саму — якраз пра гэта ў зачаравана-вусцішным вершы “Пі дзетанька пі”, напісаным бы паганская замова. Верш пра вечную, старую новую тэму “тысячы варыянтаў з якіх 999 несумяшчальны з жыццём” — як зрабіць народнымі сродкамі спарон. На жаль, і ў 21-м стагоддзі гэта не проста страшны этнаграфічны прыгадак — верш дасюль актуальны, бо кабеты на шляху да роўнасці вымушаныя пераадольваць сотні перашкодаў і часам вяртанне старых бар’ераў і забабонаў, якія не вынішчыў дасюль ніводны вядомы прагрэс.
А яшчэ ў зборніку мудрагеліста і так вусцішна буяе кветкавая, раслінная тэма — чытацтва, дадушы, апынаецца ў “садзе мутантаў”, бо ў кветках хаваецца зброя, гвалт, але часам і выратаванне. Між іншым, зборнік вершаў паэткі выдадзены ў 2020 па-нямецку ў Аўстрыі так і называецца “Сад мутантаў” (Mutantengarten).
З кветкавай тэмы перад усім хацеў вылучыць мой улюбёны, хоць і жудасны верш “Флёкс”:
на мове кветак флёксы — адзінства сэрцаўна мове вайскоўцаў — артылерыйская ўстаноўка
адметнасць якой звышшчыльнасць абстрэлу
журналіст піша
на заводзе разлічваюць: новы баявы сродак
знойдзе свайго спажыўца…

3_10_840x480_c_1__1_.jpg


Паэтка разбіраецца не горш за вайскоўцаў у зброі:
у царстве вайныёсць і іншыя кветкі
гіяцынт — гармата калібру 152 міліметры
(ад адтуліна вадасцёкавых труб)
гваздзік – гаўбіца калібру 122 міліметры
(як шарык для настольнага тэніса)
васілёк – мінамёт радыус дзеяння 18 метраў
(як грэнландскі кіт).
У працяг тэмы варта прыгадаць наступны ацвяразальна-змрочаны верш “Чорная яблыня”. Гэты моцны тэкст падхоплівае тэму і пасланне, закадаваныя ў тэксце С. Алексіевіч "У вайны не жаночае аблічча", але ахоплівае не толькі Другую сусветную вайну, але і сучасныя войны, напрыклад, расейска-украінскую вайну. Зрэшты, паэтка глядзіць на тэму вайны яшчэ смялей і крытычней, чымся слынная папярэдніца, дазваляе сабе з улікам досведу шмалікіх жанчынаў і наогул некалькіх жаночых пакаленняў па-фемінісцку трактаваць вайну, якая хоць і лічыцца мужчынскай справай, але заўжды задзейнічвае і гвалціць усіх, і перадусім жанчынаў:
сколькіх я пахавала ў сваіх перакладахстаяла каля маці і бацькі каля мужа і каля каханай
сыходзіла каб праз дзень пагрукацца ў іншыя дзверы
і глядзець як на тварах з'яўляецца зморшчына нявер'я і гневу.
Чорная яблыня – гэта яшчэ адно слова, якое адбылося з паэткай:
і невядомасць з бязважкай з туману робіцца чорнай
яблыняй.
А завяршаецца змрочаны верш усе ж аптымістычна і смела, як вымагае час і фемінісцкі дух эпохі:
у імя маці дачкі і святой душы.
Вольга шмат думае і піша пра несправядлівасць і гвалтоўнасць свету, часам звяртаецца да радзімы, дзе хацелася апынуцца і адпачыць хаця б на хвілінку, але і гэта пакуль немажліва — адзін верш Вольга прысвяціла свайму любаму і змрочнаму Мінску, які здаўна чакае на сваю паэтку і анёліцу-ахоўніцу сталіцы:
мой змрочаны змрочаны змрочаны горад[…] у тлумным воблаку базальту
чакае на маё вяртанне…
А пакуль за мяжой яна жыве, як і геройка свайго ж верша:
дзяўчына што жыве ў гатэліабед спалучае з вячэрай
набываючы ў суседняй краме
бляшанку тунца
і адкаркоўваючы яе ў самоце
калупае кавалкі відэльцам
таму што сядзець у кавярні
піць віно або каву з тварожным шарыкам
катэгарычна нельга
адной
не прынята…
На заканчэнне варта пазначыць, што дадзены зборнік паэзіі не для таго, каб пасмяяцца, адпачыць ці пераключыцца да нечага лёгкага, пашукаць рыфму, у якую ніколі не верыла паэтка, не, гэты зборнік, напісаны як сведчанне таго, што паэзія не баіцца паспрабаваць спыніць вайну і гвалт, патлумачыць свет, вызначыць сапраўдных герояў, дакладней герояк ці падарыць надзею. Гэта сведчанне таго, што паэзія ў нас дасюль выконвае функцыі філасофіі, фемінізму і палітыкі, і дасюль дарыць нам смеласць і сілу жыць.