У Вільні знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага

У ліпені 2017-га падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі 20 чалавек. Нядаўна даследчыкі Вільнюскага ўніверсітэта прыйшлі да канчатковай высновы, што сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў.

gedimino_kalnas_75207770_800x400_1.jpg


— Паводле нашай грубай ацэнкі, з дакладнасцю 95 адсоткаў мы можам пацвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Канстанціну Каліноўскаму, — распавёў TUT.BY прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас.

Сваю ацэнку даследчыкі называюць грубай, паколькі астанкі Каліноўскага не праходзілі генетычную экспертызу. Прычына ў тым, што ў паўстанца не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія маглі б здаць матэрыял для параўнання.

Да высновы, што гэта парэшткі менавіта Кастуся Каліноўскага, даследчыкі прыйшлі метадам выключэння ўсіх астатніх, а таксама з дапамогай супастаўлення ўзросту, спосабу пакарання, а таксама параўнання чэрапа і фатаграфіі. Для гэтага навукоўцы правялі падрабязныя даследаванні ўсіх астатніх парэшткаў. Іх вынікі прафесар называе максімальна дакладнымі.

— Не супадаў альбо ўзрост, альбо спосаб пакарання. Каліноўскі, напрыклад, быў павешаны, а трапляліся парэшткі расстраляных з раненнямі ў вобласці грудной клеткі. Некалькі чалавек ідэнтыфікаваныя па генетычных аналізах. У тым ліку па матэрыялах сваякоў, пахаванні якіх ёсць на могілках у Вільні. Для гэтага былі зробленыя чатыры эксгумацыі і ўзятыя пробы. Мы не спяшаліся з высновамі, пакуль не былі даследаваны ўсе астатнія. Цяпер мы маем дадзеныя па кожнаму.

Да канчатковых высноваў даследчыкі прыйшлі 2–3 тыдні таму, калі атрымалі апошнія дадзеныя генетычнага аналізу. Не выяўлены толькі парэшткі яшчэ аднаго паўстанца — Станіслава Ішоры.

— У нас ёсць генетычныя дадзеныя яго двух нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія жывуць у Літве і Польшчы. Яны паказваюць, што ні адны з гэтых 20 парэшткаў не належаць яму. Такім чынам, не хапае толькі Станіслава Ішоры.

Адзін чалавек ужо быў ідэнтыфікаваны яшчэ да Каліноўскага. Ён быў пахаваны асобна ад астатніх. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. На ўнутраным баку было напісана: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.». Зігмунд Серакоўскі, адзін з лідараў паўстання 1863 года, быў жанаты з Апалоніяй Далеўскай. Таму была зроблена выснова: гэтыя парэшткі, хутчэй за ўсё, належаць менавіта яму. Ідэнтыфікацыя Серакоўскага павялічвала верагоднасць таго, што недалёка ад яго быў пахаваны яго паплечнік Каліноўскі.

Зараз усе парэшткі захоўваюцца на факультэце медыцыны Віленскага ўніверсітэта. Пазней яны будуць перададзеныя дзяржаўнай камісіі, а затым пахаваныя ў капліцы на віленскіх могілках Росу. Адбудзецца гэта пасля таго, як у капліцы скончыцца рэстаўрацыя.



Паводле tut.by