У 2014 годзе мяркуецца падрыхтаваць першы том збору твораў Яўгеніі Янішчыц
Пра гэта 20 лістапада ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад час вечарыны «А ўсё таму, што родам з лістападу...» заявіла кандыдат філалагічных навук Святлана Калядка.
Арганізатарамі вечарыны, якая праводзілася ў межах праекту «Апякункі паэтычных нябёсаў» і была прысвечана 65-годдзю з дня народзінаў вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц,
выступілі бібліятэка і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Паводле яе словаў, збор твораў будзе складацца з чатырох-пяці тамоў. У першы том увойдзе паэзія Янішчыц, яе радавод, хроніка жыцця і творчасці паэтэсы, а таксама літаратуразнаўчы артыкул. Другі
том складуць паэмы Янішчыц і тыя яе вершы, якія раней нідзе не публікаваліся, а таксама ўспаміны пра паэтэсу яе сяброў і калег; трэці — артыкулы Янішчыц, яе выступы і рэцэнзіі;
чацверты і пяты — пераклады паэтэсы, яе лісты і інтэрвью, а таксама вершы-прысвячэнні Янішчыц. Першы том запланавана падрыхтаваць да выдання ў наступным годзе, а ўся праца разлічана
на пяць гадоў, сказала ліларатуразнаўца.
Жуковіч назваў талент Яўгеніі Янішчыц «сапраўды глыбінным і народным». Паводле ягоных слоў, паэтэса жыла народам, яна прысвячала безліч твораў сваім землякам, яе кніжкі густа
заселеныя імёнамі і добрымі душамі палешукоў. Жуковіч выказаў надзею, што прыдзе час, калі навуковая і творчая інтэлегенцыя ўцямяць: так не можа быць, калі адзін класік народны, а другі не
народны.
«І тады Максіму Багдановічу Максіму Гарэцкаму, Уладзіміру Караткевічу і Яўгеніі Янішчыц будзе нададзена пачэснае званне народных, якое вынікае з сутнасці іх творчасці. Я ганаруся, што
быў у самых добрых сяброўскіх стасунках з Жэняй Янішчыц. У сваіх артыкулах і вершах я не раз звяртаўся да гэтай цудоўнай, абаяльнай, таленавітай постаці», — сказаў Васіль
Жуковіч і прачытаў свае паэтычныя прысвячэнні паэтэсе..
Да вечарыны бібліятэка падрыхтавала выставу «Пачынаецца ўсё з любві…», якая знаёміць з творчай спадчынай славутай паэтэсы: першыя публікацыі ў літаратурных зборніках,
першыя паэтычныя зборнікі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974). Сярод экспанатаў выставы і апошнія кнігі Янішчыц («Каліна зімы» і
«У шуме жытняга святла»), сучасные публікацыі, перавыданні яе твораў. Яе вершы перакладзены на англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, рускую, нямецкую, французскую і іншыя
мовы свету. Янішчыц і сама была цікавым перакладчыкам. На выстаўцы прадстаўлены яе пераклады на беларускую мову твораў рускіх і украінскіх аўтараў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы паэтэсы.
Асобны раздзел выставы прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Янішчыц.
Пад час вечарыны прагучалі творы паэтэсы ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі Ларысы Горцавай, а таксама песні на словы Янішчыц у выкананні лаўрэата міжнароднага конкурса імя Ганны Герман
Надзеі Бронскай.