У прэзідэнцкай бібліятэцы праходзіць выстава перыёдыкі 1920-1940 гг.
На выставе прадстаўлена перыёдыка 1920-1940 гг., дзе можна ўбачыць арыгіналы газет «Савецкая Беларусь», «Рабочы», «Советская Белоруссия» і іншыя ўнікальныя матэрыялы.
«Летапіс часу» — так называецца выстава, якая экспануецца ў прэзідэцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя прымеркавана да 95-годдзя з дня выхаду ў
свет штодзённай грамадска-палітычнай газеты «Савецкая Беларусь» (1920). Гісторыя выдання складаная і цікавая — мянялася назва, месца выдання і
г.д.
На выставе прадстаўлена перыёдыка 1920-1940 гг., дзе можна ўбачыць арыгіналы газет «Савецкая Беларусь», «Рабочы», «Советская
Белоруссия» і іншыя ўнікальныя матэрыялы.
Па даследаваннях навукоўцаў першыя перыядычныя выданні з’явіліся ў Беларусі ў канцы ХVIII–пач. ХІХ стагоддзяў. Да 1905 года выходзілі спарадычна і пераважна гэта былі афіцыйныя
газеты і часопісы. У 1906 г. было выдадзена некалькі нумароў беларускай грамадска-палітычнай газеты «Наша доля». Тыраж першага нумара складаў 10 тысяч экзэмпляраў. З якіх шэсць
тысяч былі надрукаваны кірыліцай, чатыры тысячы лацінкай. Ля вытокаў гэтага выдання стаялі вядомыя беларускія дзеячы — браты Іван і Антон Луцкевічы, Іван Тукеркес, Алаіза
Пашкевіч (Цётка), Карусь Каганец.
У лістападзе 1906 г. пачынае выходзіць газета «Наша ніва», дзе асвятляюцца палітычныя, эканамічныя, культурныя падзеі. Сярод супрацоўнікаў выдання былі А. Уласаў, І. Луцкевіч,
А. Луцкевіч, В. Ластоўскі, Я. Купала і інш. Друкаваліся на старонках газеты Я. Колас, М. Багдановіч, З. Бядуля.
Пазней з’явілася газета «Звязда» (1917) як орган Мінскага камітэта РСДРП(б). Сярод арганізатараў выдання В. Кнорын, К. Ландар, А. Мяснікоў, В. Фамін, М.
Фрунзэ.
У 1920 годзе ЦК Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі была заснавана штодзённая грамадска-палітычная газета «Савецкая Беларусь». У розныя перыяды орган Рэўкома, ЦВК, СНК БССР.
Адказнымі рэдактарамі ў свой час былі С. Булат, З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, М. Чарот і інш. На выставе «Летапіс часу» прадстаўлены нумары першага году выдання газеты
«Савецкая Беларусь». Экспануецца газета «Рабочы», якая выходзіла з 1927 па 1937 гг.
Сапраўды, газеты можна параўнаць з летапісамі. На іх старонках знайшлі адлюстраванне значныя грамадска-палітычныя падзеі, якія пакінулі свой след у гісторыі. У выданнях таксама шмат цікавай
інфармацыі, якая была важнай на той перыяд. Газеты дапамагаюць нам зазірнуць у мінулае вачыма відавочцаў, адчуць атмасферу тых часоў.
Выстава «Летапіс часу» дае магчымасць яшчэ раз узгадаць гісторыю перыядычных выданняў у Беларусі і ўбачыць газеты мінулага стагоддзя, якія на сённяшні дзень
з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.
Святлана Паўлавіцкая, супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь