У вандроўцы за марай

Толькі праз чвэрць стагоддзя пасля смерці мастацкая спадчына Язэпа Драздовіча стала здабыткам шырокай грамадскасці. Выстава мастака ўразіла арыгінальнасцю і багаццем створанага.



0042.jpg

Язэп Драздовіч

Неяк яшчэ ў свае маладыя гады, вясною, з высокага берагу Дзвіны ўбачыў мастак аднойчы ўразлівы абразок. На шырокай плыні ракі паказаўся плыт. На ім, стоячы ва ўвесь рост, са стырном упраўлялася маладая гожая дзяўчына. І столькі спрытнасці, статнасці, харашыні было ў яе руках, паставе, што мастак, зачараваны, не мог адвесці вачэй, аж пакуль постаць дзяўчыны-плытагона не знікла на рачным даляглядзе.

Дзяўчына? Адна? Занядужаў, памёр бацька — карміцель сям’і? Трапіў у астрог ці ў якую-небудзь яшчэ бяду? Пэўна ж, не прыхамань, маладая неразважлівасць, выклік выправілі гэту сялянскую красуню ў такую рызыкоўную работу-вандроўку... Убачанае мільганула перад вачыма мастака як дзіўнае імгненне. І доўга, можа, усё жыццё, заставалася жыць у яго душы. У маладзейшыя гады — нейкім парываннем услед за марай, на сходзе дзён — няздзейсненай мрояй, светла-журботным успамінам нечага балюча-дарагога ў гэтым свеце, на гэтай роднай, спрадвечнай зямлі, дзе яму было наканавана нарадзіцца, жыць, пакутаваць, любіць і нешта рабіць для яе.

Тое, што яна патрэбна яму, і ён патрэбен ёй — зямлі бацькоў — смутна адчуў ужо ў гады навучання ў Віленскай рысавальнай школе Трутнева, дзякуючы знаёмству з асяроддзем рэдакцыі газеты «Наша ніва», куды будучы мастаком пачаў рана ўчашчаць. Там, адходзячы ў 1910 годзе ў царскую армію, пакінуў немалую калекцыю сваіх ранніх графічных малюнкаў і першыя жывапісныя фантазіі. Тады ж, у 1910-м, трапіў да людзей надрукаваны на вокладцы «Беларускага календара» яго сімвалічны малюнак «Старая і маладая Беларусь». Потым Купала заказаў яму аздобіць першы зборнік маладой паэткі К. Буйлы «Курганная кветка». Паэтычную ідэю кнігі мастак увасобіў у графічна строгім, алегарычным вобразе жанчыны-загадкі, таямніцы ў жаночым вобліку.

kalend.jpg

Вокладка "Першага беларускага календара на 1910 г. Выданне "Нашай Нівы". Вільня, 1909.
Друкарскі адбітак.

Служачы вайсковым фельчарам на Волзе, затым у Паўлаўску каля Вышняга Валачка, Драздовіч стварыў графічныя аркушы «Вогнішча», «Вецер», «Свабода», пазначаныя прадчуваннем вялікіх грамадскіх перамен, мастацкай пранікнёнасцю, сімволікай. За час вайсковай службы наведаў Петраград і завязаў шчырыя, прыязныя адносіны з прафесарам Б. І. Эпімах-Шыпілам, патрыярхам беларусазнаўства, добрым геніем акадэмічнай беларускай моладзі ў сталіцы імперыі. Дружба гэта пазней не раз хораша адзывалася ў жыцці мастака.

Так склаліся абставіны, што на самым пачатку 1920-х гадоў, калі пагранічныя слупы падзялілі Беларусь на два светы, Драздовіч быў на сваёй малой радзіме, у Дзісеншчыне. Гістарычныя ўмовы ўгатавалі яму ў Заходняй Беларусі лёс беспрацоўнага мастака. Аднак суровыя, часам фатальныя абставіны не скарылі незалежнай, вольналюбівай натуры мастака, не скрышылі яго дух. І ў тых умовах Драздовіч захаваў сябе як асоба, захаваў сваё мастацтва: дзеля вышэйшай ідэі, лепшай будучыні свайго народа.

Не абышлося ў гэтым супрацьстаянні мастака неспагадным абставінам без выдаткаў, без страт. Зашмат часу яму даводзілася адбіраць у натхнення для таго, каб здабыць кавалак надзённага хлеба. І ўсё ж працаваў ён шмат, нават апантана, і мастацкая спадчына яго, раскіданая па свеце, уражвае і арыгінальнасцю, і колькасцю зробленага за нялішне вялікі век — няцэлыя 64 гады.

Свой грамадзянскі доўг мастака Язэп Драздовіч рана ўгледзеў у тым, каб актуалізаваць айчынную гісторыю. Усё жыццё ён імкнуўся ажывіць на палатне, графічных аркушах гістарычныя шляхі свайго народа, увасобіць мінулае ў выяўленча-мастацкіх вобразах. Ужо ў 1916 годзе ён стварае бюст Францыска Скарыны — постаці, якая велічна высіцца на духоўным гарызонце беларускага народа эпохі еўрапейскага Адраджэння. Сродкамі пластыкі ўвасабляе легенду часу нашых свядома-гістарычных пачаткаў — Рагнеду-Гарыславу.

char.jpg

Князь Усяслаў Чарадзей пад Гародняй. 1944 г.

Дзесьці ў 1919–1920 гады Драздовіч піша цэлую галерэю полацкіх і смаленскіх князёў. Сярод іх — каларытную асобу дойліда нашай старажытнай дзяржаўнасці Усяслава Чарадзея. Стварае некалькі яго графічных і жывапісных партрэтаў. Пазней — тэматычных карцін. На адным з ранніх сваіх палотнаў дасканала ўзнаўляе вобраз Усяслава Чарадзея, глянуўшы на яго ў драматычным аспекце («Усяслаў Чарадзей у парубе палатаў кіеўскага князя»).

У другой палове 1920-х гадоў Драздовіч шмат робіць для таго, каб перадаць мінулае Беларусі праз вобразы старадаўніх замкаў, гарадзішчаў, гасцінцаў. Яго графічныя серыі «Крэва», «Навагрудак», «Ліда», «Мір», «Гальшаны», «Меднікі», а пазней жывапісныя палотны «Палачане праганяюць накінутага ім князя», «Песня гусляра», «Усяслаў пад Гародняй», «Скарынінскі трыпціх» нясуць вобраз Беларусі старажытнай, сярэднявечнай, заўсёды поўны жыцця, грамадскіх жарсцяў, роздуму пра будучыню.

Мастак працаваў з думкай аб вяртанні народу гістарычнай памяці, для мацавання яго свядомасці ў нялёгкіх выпрабаваннях сучаснасці. Зрэшты, у некаторых творах Драздовіч патрапляў праз гісторыю не апасродкавана, а прама выходзіць на сучасную яму заходнебеларускую рэчаіснасць. Моваю алегарычных вобразаў у графічным эцюдзе «Пажар у замку», фрэсцы «Няволя», карціне «Пагоня Ярылы» расказваў пра жорсткую гістарычную і сацыяльную долю Беларусі, Заходняй Беларусі, усяляў у душы суайчыннікаў гістарычны аптымізм.

Другой стыхіяй мастака, у якой жыў, якую адчуваў усім сэрцам, была прырода. Родную Дзісеншчыну пазнаў з маленства: сям’я Драздовічаў рана страціла карміцеля, зямлю і жыла з арэнды, перабіраючыся з месца на месца. На пачатку 20-х гадоў у вандроўках па вёсках, засценках, рэках заходняга Падзвіння мастак ужо свядома спасцігаў спакойную маляўнічую красу роднай зямлі. На яго чорна-белых аркушах устаюць затанулыя ў збажыне сялянскія сядзібы («Стадолішча»), лясныя валатоўкі («Гара Гараватка»), вёскі, прытуленыя ў лясной глухамані («Лаўрынаўка»), шляхоцкія засценкі («Пунькі», «Александрыя»), рачныя берагі з курганамі, векавечным борам над люстрам вады («Дзісёнка ля Баяр», «Дзісёнка ля Сталіцы», «Над Дзісёнкай», старыя шляхі, местачковыя ваколіцы (альбом «Глыбоччына»).

08.jpg

Вандроўкі раскрывалі мастаку не толькі неспазнанае хараство роднай зямлі, але і багацце душы народнай, падымалі завесу над таямніцай народнага генія. Хацелася і, канечне, трэба было шмат чаго зрабіць.

Драздовіч натуе тыпы народнай пабудовы («Сучасная хата на Дзісеншчыне», альбом «Ашмяншчына: Хаты і гумны»), замалёўвае народныя строі, прылады працы, прадметы хатняга ўжытку, запісвае песні, прыказкі, складае слоўнікі народнай тэрміналогіі па анатоміі, фаўны і флоры Беларусі, і скрозь, дзе б ні вялі яго сцежкі, робіць накіды памятных мясцін, краявідаў, помнікаў архітэктуры («Свір», «Кушляны», «Жупраны», «Баруны», альбомы «Драўлянае будаўніцтва Наваградчыны і Піншчыны», «Храмавае дойлідства Навагрудчыны і Дзісеншчыны» і інш.), піша партрэты людзей, у якіх знаходзіць прытулак, небагаты сялянскі папас. Паміж вандроўкамі ў пошуках працы, маляваннем насценных дываноў пакінуў некалькі пейзажаў: «Ласкова», «Краявід з цягніком», «Возера».

Акрамя зманлівай далечы гісторыі, куды не раз уносіўся ўяўленнем, вобразы якой прымушаў ажываць на палатне, жыў яшчэ адной марай. З гадамі яна перарасла ў апантаную цягу пазнаць сусвет, разгадаць таямніцу гармоніі руху нябесных свяціл. Мастак горача верыў, што чалавецтва ў будучым адрыне войны, вызваліцца ад знясільваючай фізічнай працы і ўвесь свой геній аддасць развіццю творчасці, пазнанню Сусвету.

З пачатку 30-х гадоў Драздовіч запісвае свае касмічныя візіі аб жыцці на іншых планетах, стварае серыі тановай і чорна-белай графікі на гэту тэму, піша каля двух дзясяткаў карцін. Сярод іх — «Падкружніковы краявід на планеце Сатурн», «Касмаполіс», «Каналы на Марсе», «Сустрэча вясны на Сатурне», «Трывеж»... Апошні з касмічных матываў Драздовіча «Месячны краявід» (акварэль) пазначаны 1947 годам, часам напісання філасофска-роздумных яго «Дзядоў, або памінак» і філасофска-абагульняльных «Успамінаў на руінах», твораў глыбока гуманістычных, сутнасна беларускіх.

Праз чвэрць стагоддзя пасля смерці мастака, у 1979 годзе, мастацкая спадчына яго стала здабыткам шырокай грамадскасці. Выстава твораў Язэпа Драздовіча, арганізаваная прадстаўнікамі маладой генерацыяй беларускіх мастакоў Я. Куліком, М. Купавам, А. Марачкіным, У. Крукоўскім, А. Шатэрнікам, уразіла арыгінальнасцю і багаццем створанага пачынальнікам нацыянальнай школы выяўленчага мастацтва.