Васіль Сёмуха: Нельга жыць з нянавісцю...
Прамова з нагоды ўручэння Крыжа кавалера ордэна «За адмысловыя заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» ў 1991 г. Друкуецца ўпершыню з невялікімі скаротамі.
Прамова з нагоды ўручэння Крыжа кавалера ордэна «За адмысловыя заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» ў 1991 г. Друкуецца ўпершыню з невялікімі
скаротамі.
Пачну з галоўнага: мае адносіны з Германіяй, яе культурай, літаратурай. Сёння, з вышыні свайго ўзросту і набытага вопыту, я магу сфармуляваць так: гэта і трагедыя майго жыцця, трагедыя непапраўная і
незабыўная, — і разам з тым шчасце ад свядомага жадання і рашэння, што таксама прыйшло з жыццёвым вопытам і з дапамогай нямецкай культуры, — стаць вышэй трагедый асабістых. У гэтым
сэнс маёй перакладчыцкай творчасці, у гэтым сэнс таго, што я хацеў бы шчыра сказаць і немцам і беларусам: чалавек не можа жыць нянавісцю, чалавеку запаведана жыць з любоўю ў сэрцы.
Гэтая хрысціянская ісціна наколькі простая ў фармулёўцы, настолькі ж і складаная ў рэальным жыцці. Зрэшты, павінен сказаць, нянавісці ніколі не было. Калі я быў малым хлапчом, у душы жыў дзікі страх,
комплекс якога не прайшоў дагэтуль, але жыла і разумна падказваная дарослымі вера ў тое, што ўсё абернецца дабром, што лёс адшкадуецца і верне страчанае. У канчатковым выніку ўсё так і абярнулася: не
вярнулася толькі бацькаўская ласка, якое мне і сёння не хапае. Але пакуль жыла надзея, выспявала і жаданне спазнаць прычыны людскіх трагедый. Што? Як? Чаму? За што? Тое ж самае біблейнае пытанне,
ясна пастаўленае ў Кнізе Ёва: чаму пакутуюць праведнікі, чаму буяе зло? Чаму Бог дапускае гэта?
Магчыма, наіўная дзіцячая цікаўнасць прывяла да ўразумення: канкрэтныя адказы я змагу знайсці, папытаўшыся ў самых немцаў, — а дзеля гэтага патрэбная мова. З гэтага пачалося школьнае
знаёмства з нямецкай мовай. А мова, любая мова, скажу я вам, гэта такая штука, Божы дар людзям, што як толькі ёю сур’ёзна зацікавішся, — усё! Алес! Яна цябе не выпусціць з абдымкаў
ніколі. Бо гэта сэрца прыгажосці, гармоніі, духоўнага багацця, бясконцага таленту і Божай шчодрасці, з якой сэрца надзелена даброцямі.
Недзе на пачатку 10 класа, паралельна з рускім перакладам для большай яснасці, я прачытаў і першую частку «Фаўста». Твор мяне ўразіў тады, цяпер я ўжо і не памятаю, чым і чаму.
Ведаю толькі, што ў той час я ўчыніў вялікі грэх і злачынства, парушыў Божую запаведзь — не ўкрадзь! Сёння хачу публічна пакаяцца (а пакаянне — яно і ёсць галоўная думка першай
часткі «Фаўста»), пакаяцца ў тым юначым злачынстве. Я выпісаў праз Пружанскую бібліятэку з галоўнай Мінскай бібліятэкі томік твораў Гётэ на нямецкай мове. Пад канец карыстання
кнігай я акуратна выразаў першую частку «Фаўста», усё прыгладзіў, падклеіў, так, што ніхто нічога і не заўважыў. Гэтая выразка і цяпер у мяне захоўваецца. Думаю, што ўсё далейшае
паслужылася пакаянню. Вядома, зрабіць так можна было, ужо зацікавіўшыся творам.
А самае першае знаёмства з «Фаўстам» было са словаў дваюраднай сястры, якая чытала кнігу яшчэ да вайны, у вайну кніга прапала, і сястра з гэтай прычыны вельмі моцна бедавала і
шкадавала. Чаму? Казала: «Там такая любоў, такая любоў там! Тамэка молодая дзіеўка зьлюбіласа з хлопцэм, які спэрша быў стары, а потом знэнацку помолодзіеў, і ўсэнько вэлосо вэльмі ж хвайно.
А потом вона ёму «дала», вуон змайстроваў йуой бастручка, ногі ў рукі дай гэльц! — лататы! А вона ж дзіцятко тое свое ўтопіла, потом муоцно каяласа, бэдовала, з гора
розумом даласа, уся звэласа, а ейыэ за тое посадзілі, але Пан Буог усэнько йуой дароваў». Як бачыце, сюжэт няхітры, але, мабыць, ягоны драматызм дастатковы для розуму дзіцяці, так засеў у
памяці, што на ўсё жыццё запомніўся, бо такі сутнасць была перададзена правільна. Мабыць, з гэтага ўсё і пачалося...
«Фаўст» Гётэ — гэта здабытак агульначалавечай культуры. У творы ёсць галоўнае, што я знаходжу і ў Бібліі, і што было сфармулявага Гегелем як «барацьба
процілегласцяў»: Бог (Дабро) — Д’ябал (Зло). А паміж імі — Божы твор чалавек, у душы якога і адбываецца векавечная бітва. У гэтым і адказ на ўсе дзіцячыя пытанні.
У чалавеку, божым творы, перамагаць павінен менавіта Божы пачатак і аснова яго — любоў, а не нянавісць.
Так выспела жаданне перакласці «Фаўста» на мову, якая таксама дадзена майму народу ад Бога...
Даведаўшыся пра ўзнагароду, я заглянуў у энцыклапедыю: што гэта за ордэн. Чытаю: «1951 gestifteter Orden fur besondere Leistungen beim Wiederaufbau» — «Ордэн,
заснаваны ў 1951 годзе за асаблівыя заслугі ў аднаўленні».
Гэта «Wiederaufbau» — «аднаўленне, адраджэнне» ўсцешыла мяне, бо ўся мая праца прысвечана адраджэнню Беларусі, а тут так сталася, што яна аказалася
карыснай і нямецкаму народу ў адраджэнні Германіі. Якой Германіі? Той Германіі, якая ў свой час выйшла з Трыццацігадовай вайны, страціўшы дзве траціны свайго народа, і ўсё ж адрадзілася, і якая пасля
дала чалавецтву вялікіх мысліцеляў і вучоных, вялікіх паэтаў і пісьменнікаў, вялікіх кампазітараў і мастакоў, без якіх не мысліцца сёння сусветная культура і цывілізацыя. Гэту Германію я заўсёды
любіў і люблю, гэта якраз тое, што адпавядае майму разуменню дзяржавы і ролі ў ёй чалавека, дзеля адраджэння яе і маёй Беларусі гатовы працаваць да канца дзён сваіх.