Васіль Быкаў называў яго аднадумцам і сябрам

Рыгор Барадулін называў яго «самадзержцам нашай роднай культуры», Васіль Быкаў дзякаваў за яго працу на ніве беларушчыны, а Уладзімір Караткевіч, ставячыся «з вялічэзнай павагай да яго плённай і высакароднай дзейнасці», пісаў: «Праўда, Вы столькі робіце, што нам трэба зямно Вам кланяцца». 30 сакавіка споўнілася 90 гадоў Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу, славутаму гродзенскаму літаратуразнаўцу, педагогу і краязнаўцу.

pokrovgrodno.org

pokrovgrodno.org

У вытокаў


Аляксей Пяткевіч знаходзіўся, як прынята казаць у падобных выпадках, у вытокаў развіцця філалагічнай адукацыі на Гродзеншчыне: у 1968 годзе ён узначаліў толькі што створаную кафедру беларускай літаратуры Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (цяпер — Універсітэта імя Янкі Купалы), які з цягам часу стаў для яго роднай alma mater.
Зрэшты, у Гродна Пяткевіч патрапіў выпадкова. Справа ў тым, што ў часе размеркавання ў БДУ яму прапанавалі месца ў Акадэміі навук, але малады аспірант з гатовай дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага хацеў не за сталом сядзець, хай сабе ў Інстытуце літаратуры, а выкладаць гэту самую літаратуру. У выніку ён памяняўся месцамі з хлопцам, у якога было накіраванне ў Гродна.

Дарчы надпіс Уладзіміра Караткевіча.

Дарчы надпіс Уладзіміра Караткевіча.

Працаваць пачынаў на кафедры літаратуры, якая аб’ядноўвала ўсе літаратуры разам — беларускую, рускую і замежную. Калі ж кафедра літаратуры і мовы раздзялілася на беларускую і рускую, Пяткевіч быў прызначаны загадчыкам. І гэта ў той час, калі не хапала не спецыялістаў і адпаведнай літаратуры, і малады загадчык кафедры вымушаны быў едзіць у Мінск і праседжваць у бібліятэцы, штудзіруючы навуковую літаратуру, якой немагчыма было адшукаць у Гродне. «Сёння, калі нечага не ведаеш, дапаможа літаратура, папярэднікі дапамогуць, — гаварыў ён. — А тады папярэднікаў не было, бо яны ў пераважнай большасці былі рэпрэсаваныя ў 1930-я гады і працы іх былі недаступныя»…
Зрэшты, мяне з Аляксеем Міхайлавічам пазнаёміў не Гродзенскі ўніверсітэт, а Рыгор Барадулін. Я тады працаваў над кнігай пра Васіля Быкава, і было б недаравальна не пабываць у Гродне, дзе жылі сведкі першых літаратурных крокаў Васіля Уладзіміравіча… Праз шмат гадоў прачытаю ва ўспамінах Аляксея Міхайлавіча пра тую нашу вандроўку: «У чэрвені 2005 года Рыгор Барадулін прыехаў у Гродна з Сяргеем Шапранам, які збіраў матэрыял для сваёй вядомай сёння кнігі «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця…». Мы даўно не бачыліся і сардэчна абняліся. «Во, прывёз вам, гродзенцам, журналіста Сяргея Шапрана, які рыхтуе кнігу пра Быкава. Вы тут Шапрана не знаеце. Хлопец ён талковы, уедлівы. Трэба яму дапамагчы…» І я з Юркам Голубам ды яшчэ жонка Аляксея Карпюка Іна Анатольеўна доўга сядзелі ў музеі Максіма Багдановіча і адказвалі на пытанні Шапрана — распавядалі, што зналі пра Васіля Быкава. Барадулін цярпліва чакаў побач. То выходзіў, то зноў вяртаўся. Адчувалася, што для яго вельмі важна тое, што пачынаў рабіць Шапран».

Свой Быкаў

Ён пазнаёміўся з Быкавым у далёкім 1957 годзе. Пяткевіч толькі прыехаў у Гродна, і яго настойліва цягнула назад, у Мінск, — гэтак сумна здавалася па першым часе ў горадзе над Нёманам. Пакуль аднойчы Мікола Арочка не спытаў: «Ну, як там Быкаў, Карпюк?» А Пяткевіч нават не быў знаёмы з абодвума пісьменнікамі-гродзенцамі. Зрэшты, ня дзіва — Быкаў нядаўна вярнуўся з Далёкага Усходу і толькі пачынаў друкавацца. Гэткім чынам пазнаёміўшыся, Пяткевіч пачаў запрашаць пісьменніка на сустрэчы са студэнтамі.
— Мы амаль кожную яго аповесць абмяркоўвалі, — прыгадваў Аляксей Міхайлавіч. — Быкаў прыходзіў не толькі таму, што гэта было трэба, але і таму, што яму самому было цікава. Першая сустрэча была прысвечана аповесці «Жураўліны крык». Быкаў быў апрануты ў кіцялёк ваеннага тыпу з англійскага сукна, якія тады ўсе насілі. Стройны, худзенькі. Пышная рыжаватая чупрына. Замкнуты і негаваркі, сеў ціхенька... Ён, безумоўна, былі цікавы аўдыторыі. Але ў той час гэта было звыкла — Быкаў жа свой, ён тут жыве, у Гродне, па гродзенскіх вуліцах ходзіць! А вось калі ён пачынаў гаварыць... Выступаў звычайна ў канцы ў поўнай цішыні. Гаварыў не доўга, як заўсёды не паспешліва. Гэта былі неардынарныя думкі, глыбокія і цікавыя. Па сутнасці, гэта былі ўрокі выхавання для студэнтаў — разважаючы аб канкрэтнай сітуацыі ў аповесці, Быкаў гаварыў, як трэба жыць.

«Мясцовых аўтараў трэба падтрымліваць»

Між іншым, адна з першых літаратурных рэцэнзій на творы Васіля Быкава належыць Аляксею Пяткевічу. Выйшла яна ў «Гродзенскай праўдзе», дзе працаваў тады Быкаў. Зрэшты, вызначальным было не тое, што рэцэнзія тычылася «Трэцяй ракеты», а іншае: «Мясцовых аўтараў трэба падтрымліваць», — казаў Васіль Уладзіміравіч, які быў у «Гродзенскай праўдзе» літаратурным кансультантам і рэгулярна рабіў агляды дасылаемых у рэдакцыю твораў аўтараў Гродзеншчыны.
Калі ж выйшла аповесць «Мёртвым не баліць», Пяткевіч ізноў выступіў з рэцэнзіяй, бо, на яго думку, новая аповесць Быкава была моцнай і трагедыйнай. Аднак не ў натуры Васіля Уладзіміравіча было выказваць захапленне — яго вылучала нешматслоўнасць, вось і гэтым разам ён толькі й сказаў: «Добра, што адгукнуліся. Дзякуй».

Дарчы надпіс Васіля Быкава.

Дарчы надпіс Васіля Быкава.

Тая рэцэнзія ледзь не каштавала Пяткевічу працы — ва ўніверсітэце праходзіў ідэалагічны сход, і сакратар Гродзенскага абкома партыі збіраўся лупануць па аўтару рэцэнзіі на «крамольную» аповесць, і толькі ўмяшальніцтва рэктара ратавала маладога выкладчыка…
— Літаратурная крытыка ставілася да Быкава нармальна, — гаварыў Аляксей Міхайлавіч. — З боку крытыкаў-прафесіяналаў не было ніякіх сур’ёзных абвінавачванняў, былі толькі заўвагі чыста літаратурнага характару — гэта звычайная рэч. Лупілі яго пераважна па лініі афіцыёзу. Гэта быў, канешне, ідэалагічны заказ. І да тых ветэранаў, што найбольш дзяўблі яго, Быкаў ставіўся скептычна — гаварыў, што гэта пераважна штабісты, у якіх поўныя грудзі ўзнагарод, а сапраўдныя франтавікі ляжаць забітыя ў акопах…
Калі ж у ягонай кватэры пабілі вакно, Быкаў адразу патэлефанаваў: «Зайдзіце». Але не патлумачыў, з якой нагоды. Я прыйшоў, ён, правёўшы, паказаў — у вакне была дзірка з трэшчынамі. «Адкуль гэта?» — «Невядома хто»… Ён быў вельмі ўзбуджаны, вельмі, я ніколі не бачыў яго такім. І сапраўды — калі ўжо вокны б’юць!.. Але пагаварыўшы, супакоіўся. Было відавочна, яму трэба было выгаварыцца...

«Каб усе бачылі, які лёс напаткае таго, хто пойдзе супраць нас»

Калі быў рэпрэсіраваны адзін з блізкіх быкаўскіх сяброў — Барыс Клейн, Быкаў ізноў адразу пазваніў: «Давайце сустрэнемся».
Ва ўладных структурах былі перакананыя, што менавіта пісьменнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн негатыўна ўплываюць на Быкава, і таму абодвух было вырашана «нейтралізаваць»: Карпюк колькі месяцаў заставаўся без працы, на яго нават была заведзена крымінальная справа за нібыта супрацоўніцтва з нацыстамі ў часе вайны; Клейну ж было прапанавана ўдзельнічаць у кампаніі па выкрыцці сіянізму, але ён адказаў адмовай. У выніку ён быў звольнены з выкладчыцкай працы і пазбаўлены вучонай ступені і звання, былыя калегі перабягалі на іншы бок вуліцы, каб, крый божа, не павітацца з апальным навукоўцам. Барыс Самуілавіч хацеў з’ехаць у Ленінград, аднак другі сакратар Гродзенскага абкома партыі Фамічоў папярэдзіў: калі Клейн працаўладкуецца ў Ленінградзе, будзе званок з Гродна, і яго адразу звольняць. «Паколькі ўсё ў мяне ўжо адабралі, значыць, я вам тут больш не патрэбны», — запярэчыў Клейн. «Не, вы патрэбны: вы будзеце маячыць на гродзенскіх вуліцах, як цень. Каб усе бачылі, які лёс напаткае таго, хто пойдзе супраць нас». І вось цяпер Быкаў патэлефанаваў Пяткевічу…
Мы гулялі па вуліцы, у Быкава дрыжэлі рукі, — згадваў Аляксей Міхайлавіч. — Ён расказваў, якім менавіта чынам збіраўся матэрыял на Клейна — запісы размоў рабіліся ў парку, у рэстаране, дома — запісвалі ўсюды! Мы доўга тады хадзілі. Як я разумею, яму трэба было выгаварыцца. Я першы раз бачыў Быкава такім разгубленым. Гэта мяне вельмі ўразіла. Ён вельмі перажываў. Клейн быў яго сябрам. Да таго ж Быкаў быў уражаны падрыхтаванасцю сістэмы да высочвання людзей. Да гэтага часу ён нават не ўяўляў, што інфармацыю можна збіраць настолькі масіравана…


«Са схіленым чалом»

Між іншым, менавіта дзякуючы Быкаву Пяткевіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Хоць сам ён пра гэта не думаў, але Быкаў аднойчы патэлефанаваў: «Будзеце ў Саюз пісьменнікаў уступаць!» Ужо ў часе прыёму Іван Мележ запытаўся: «Ну што ж, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да жыцця такога?» Пяткевіч азірнуўся на Быкава, які маўчаў і толькі ўсміхаўся…
Зрэшты, пасады загадчыка кафедры Пяткевіч усё-такі быў пазбаўлены. Ішоў 1974 год. Гэта была гучная справа, калі КДБ «выкрыў» групу дзяржаўных «злачынцаў-нацыяналістаў», якая складалася пераважна з супрацоўнікаў Акадэміі навук і якая ў далейшым атрымала назву «акадэмічны асяродак». У «змоўшчыкі» былі запісаны літаратуразнаўцы Мікола Прашковіч і Валянцін Рабкевіч, археолаг Міхась Чарняўскі, мастацтвазнавец Сцяпан Міско, мовазнавец Алесь Каўрус і — Аляксей Пяткевіч. Галоўнае абвінавачванне — нацыяналізм. Кадэбісты хацелі далучыць да справы і Уладзіміра Караткевіча, але безвынікова.
— Тады была рэпрэсіравана група навукоўцаў, у тым ліку я, — згадваў Аляксей Міхайлавіч. — Адзін з тых, хто падтрымаў мяне, быў Быкаў. Ён сказаў, што трэба трымацца і трэба пісаць на будучае. «Пакінулі вас на працы — і дзякуй богу, — гаварыў. — Сістэма не можа без таго, каб не пераследваць людзей. Гэта нармальная рэч ва ўмовах савецкай сістэмы. Пішыце. Усё стабілізуецца».
Васіль Уладзіміравіч не памыліўся — так яно ўрэшце й сталася. Аляксей Міхайлавіч не толькі застаўся працаваць ва ўніверсітэце, але пазней узначаліў кафедру беларускай культуры, якая была створана дзякуючы ў тым ліку яго намаганням…

Гродна, 2005 год. На прыступках Музея Максіма Багдановіча. Злева направа: Сяргей Шапран, Аляксей Пяткевіч, Рыгор Барадулін, Іна Анатольеўна Карпюк з дачкой Валянцінай; у другім шэрагу: Юрка Голуб, дырэктарка Музея М. Багдановіча Алена Гайко, Валерый Задаля. Фота Андрэя Палуды.

Гродна, 2005 год. На прыступках Музея Максіма Багдановіча. Злева направа: Сяргей Шапран, Аляксей Пяткевіч, Рыгор Барадулін, Іна Анатольеўна Карпюк з дачкой Валянцінай; у другім шэрагу: Юрка Голуб, дырэктарка Музея М. Багдановіча Алена Гайко, Валерый Задаля. Фота Андрэя Палуды.

Гэткім чынам, годна пражываючы сваё жыццё, ён быў і застаецца адным з найвядомейшых гродзенскіх інтэлектуалаў. Невыпадкова Васіль Быкаў не толькі дзякаваў яму, але і называў аднадумцам і сябрам. «Галоўнаму нашаму крытыку і парадачнаму чалавеку» — гэтак падпісаў Пяткевічу Аляксей Карпюк адну са сваіх кніг. А Ларыса Геніюш узнёсла казала пра яго, як пра самага вартага і дарагога яе сэрцу беларуса. У сваю чаргу Рыгор Барадулін, называючы Аляксея Міхайлавіча «апорай нашай крэўнай культуры», пакінуў такі дарчы надпіс: «Роднаму й мудраму, трапяткому й мужнаму Аляксею М. Пяткевічу — дзякуй за ўсё гады ягонае апекі й спагады! Са схіленым чалом — Рыгор Барадулін». І напісаць так у народнага паэта былі свае падставы. Аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.