«Нават карэньчыка не засталося». З Алеі славы ў Мінску таямніча знікла елка акцёра Гасцюхіна
Елка, пасаджаная народным артыстам Уладзімірам Гасцюхіным, знікла з Алеі славы. Алея знаходзіцца на бульвары Мулявіна, за філармоніяй.
«Нават карэньчыка не засталося — толькі сціплая ямачка», — піша «Народная Воля».
Як напісана на шыльдзе, дрэва было пасаджанае яшчэ ў 2017
годзе. Прычым знікла з Алеі славы толькі «елка Гасцюхіна».
Выданне мяркуе, што гэта можа быць звязана з нядаўнім
скандальным інтэрв'ю артыста расійскаму інфармагенцтву. Даем некаторыя цытаты з
яго.
«Я рускі, я вяду ў Беларусі палітыку рускага чалавека.
Яны мяне ненавідзяць, гэтыя нацысты: праходзяць часам, шыпяць, яны могуць мяне
справакаваць на што-небудзь — і такое было», — казаў Гасцюхін у гэтым
інтэрв'ю. Ён заявіў, што пры змене ўлады яму давядзецца з'язджаць з Беларусі, а
то яго «заб'юць проста».
Нагаварыў актор і на пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава: «[У 1990-я] русафобія ў Беларусі паднялася проста на высокі ўзровень!
Людзі, якіх я ведаў, з якімі сябраваў, раптам пераабуліся ў паветры і сталі "нацыкамі". Калі пісьменнік Васіль Быкаў заявіў, што "ваяваў не
на тым баку", то ён перастаў для мяне існаваць».
З павагай адзываўся пра Сталіна: «Да Сталіна стаўлюся
вельмі добра. Я зараз вельмі шмат даведаўся, бо адкрыты архівы! Але яны
працягнуць балбатаць пра 20-30 мільёнаў, пра гэтага Салжаніцына. Паставілі
помнік яму… Усё хлусня, у Салжаніцына — хлусня на хлусні, гэта наогул ілжывы
ідал! Калі б я раней гэта ведаў…»
У 1995-м Гасцюхін агучыў агітацыйны фільм Юрыя Азаронка «Дзеці хлусні», у якім у чорным святле паказвалася гісторыя
нацыянальнай сімволікі і які быў скіраваны супраць «Беларускага Народнага
Фронту».
Паводле «Еўрарадыё».