Віктар Башарымаў: Маю планы стварыць мабiльную версiю гульнi пра гарады Беларусі

Карыстальнікі Байнэту правяраюць уласныя веды па геаграфіі, пстрыкаючы мышкай па схаваных мішэнях малазнаёмых гарадоў. У "яблычак" трапляюць адзінкі, большасць блытае нават вобласці.



belarus_map.jpg

Ці ведаеце вы, дзе дакладна знаходзіцца Жабінка? А дзе — Іўе і Маларыта? Каб падараваць мажлівасць беларусам праверыць уласныя веды датычна месцазнаходжання гарадоў на мапе, мінскі праграміст прыдумаў і распрацаваў адмысловую гульню.

У гэтым інтэлектуальным "дартсу" пстрыкаеш мышкай па контурнай мапе краіны ў пошуках адпаведнага гораду і атрымліваеш за гэта ачкі. Колькасць атрыманых напрыканцы ачкоў выкрывае ўзровень ведання геаграфіі радзімы, бо знайсці трэба аж 112 гарадоў.

За адзін "стрэл" максімальна можна атрымаць 3 ачкі — гэта ў тым выпадку, калі промах атрымаўся ў радыусе 20 км ад сапраўднага месцазнаходжання пэўнага горада. Калі ў радыусе 50 км — 2 ачкі, 100 км — 1 ачко. У іншых выпадках вы не атрымаеце нічога.

Гэтая інтэрактыўная геаграфічная гульня блукае па сацыяльным сеткам са жніўня 2014 года, але распрацоўшчык хоча яе ўдасканаліць і зрабіць больш прывабнай для карыстальнікаў дзеля падвышэння ведаў беларусаў пра сваю краіну.

Пра асаблівасці праекту карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" пагутарыла са стваральнікам геаграфічнага тэста ў форме гульні Віктарам Башарымавым.

— Віктар, як нарадзілася ідэя інтэрнэт-гульні? І навошта гэты праект?

— Я заўсёды хацеў стварыць што-небудзь карыснае для іншых людзей. Працую праграмістам, таму, натуральна, што ўвесь час ствараю розныя карысныя штукі для людзей.

Але, па-першае, мне хацелася зрабіць нешта цалкам самастойна. Па-другое, я хацеў стварыць нешта, чым маглі б карыстацца звычайныя людзі, а не замежныя бізнесоўцы.

Доўгі час далей за абстрактныя жаданні справа не ішла. Але аднойчы мяне зацікавіла тэхналогія, з дапамогай якой можна ствараць інтэрактыўныя вэб-сайты. Аўтар гэтай тэхналогіі — Фэйсбук, з яе дапамогай створаны даволі складаны інтэрфэйс гэтай сацсеткі.

Я пачаў думаць, што б гэткае зрабіць, каб не надта складанае, хоць крыху карыснае і каб падобнага яшчэ нідзе не было. Прыйшоў да ідэі геаграфічнай гульні.

— Колькі часу гульня існуе ў сеціве і якім поспехам карыстаецца ў гульцоў?

— Пачаў працаваць над гульнёй у сярэдзіне лета. Рабіў гэта ня надта рэгулярна, таму праект быў гатовы напрыканцы жніўня. Шчыра кажучы, я апублікаваў гульню з адзінай мэтай — паказаць маме. Меркаваў, што ёй было б цікава.

Памятаю, гэта была субота. Маме гульня спадабалася, і яна "запосціла" спасылку ў Фэйсбуку. Сам я літаральна ніякім піярам не займаўся.

На маё здзіўленне, гульня набыла выбуховую папулярнасць. У панядзелак, калі офісныя работнікі прыйшлі на працу, спасылка гуляла па Фэйсбуку, скайп-чатам, "аськам" ды іншым сродкам камунікацыі.

Часам спасылкай дзяліліся нават са мной, не ведаючы, што я — стваральнік гульні. Некаторыя знаёмыя, з якімі я не кантактаваў некалькі год, піcалі мне ў скайп і дзякавалі за гульню.

Блогеры, якіх я чытаю, дзяліліся са светам сваімі вынікамі. Сайты навінаў — "Наша Ніва" ды іншыя — распаўсюджвалі спасылку таксама. Вельмі натхняльны час быў для мяне…

Дзякуй маёй маме за гэта, ёй я і прысвяціў гульню.

На жаль, не маю поўнай статыстыкі наведванняў, бо пачаў збіраць яе толькі некалькі дзён пасля старту, 27 жніўня. У той дзень на сайце было каля 2 000 гульцоў. У папярэднія дні, хутчэй за ўсё, шмат больш.

Даволі хутка гэты паказчык знізіўся да стабільных 20-30 карыстачоў штодзень. Пасля новага году колькасць наведвальнікаў крыху ўзнялася, зараз яна коўзаецца недзе паміж 50 і 100.

— Чаму толькі гарады? Ці не плануеце вы пашыраць гульню і карыстацца не толькі назвамі гарадоў,астыёнімамі, але і іншымі класамі тапонімаў?

— Прычына простая — поўны спіс гарадоў Беларусі элементарна здабыць у сеціве. Гэты спіс я ўзяў з Вікіпедыі, адкуль спампаваў і першую версію мапы.

Гэтую версію прыйшлося памяняць на іншую, бо на мапе з Вікіпедыі было толькі дзве ракі: Дняпро ды Прыпяць. Шмат людзей скардзілася, што Нёмана няма. Што тычыцца іншых класаў тапонімаў, я атрымаў даволі шмат прапаноў дадаць рэкі ды азёры, але пакуль гэтага рабіць не планую.

Дарэчы, дзякуй тым, хто дасылаў мне лісты з прапановамі ды выпраўленнямі памылак. З моманту старту гульні, дзякуючы ім, я выправіў кшталту дзесяці памылак у назвах гарадоў.

Тым не менш, аднаго нашага горада на мапе няма дагутэль. Хто першы здагадаецца, які горад там адсутнічае, той можа атрымаць ад мяне невялічкі прыз — пэўныя грошы на баланс мабільніка.

— Чым карысны для беларусаў ваш праект?

— Асабіста мне заўсёды было складана запомніць хаця б прыблізна, дзе які горад знаходзіцца ў Беларусі. Абласныя цэнтры ды тузін-другі буйных гарадоў я ведаю, а пра  астатнія нават не ведаў, у якім напрамку яны знаходзяцца.

З дапамогай гульні мае веды ў гэтым напрамку паглыбіліся. Спадзяюся, іншым беларусам гэты праект быў таксама крыху карысны.

Зараз я не вельмі актыўна развіваю праект, бо не хапае часу. Маю планы стварыць мабільную версію гульні, калі такая яшчэ не створана кімсьці іншым.

Доўгі час жадаў навучыцца рабіць праграмы для мабільных дэвайсаў, таму гэтая гульня будзе выдатным праектам для трэніроўкі.

 Алена Барэль, ЕўраБеларусь