Віктар Марціновіч: Якасці беларуса, якія замінаюць жыць

Можа падацца, што гэты тэкст быў спароджаны нашэсцем рускіх у Мінск на буйных выходных, але гэта не так. Па факце гэта адна з форм дзённіка маёй вандроўкі. У сваім еўрапейскім падарожжы, што ніяк не скончыцца (а павінны ж быў быць дома яшчэ 2 тыдні таму!), я сустрэў шмат людзей іншых нацый, спрачаўся з каталонцамі пра імперскасць, не пагаджаўся з французамі пра немцаў і пагаджаўся з немцамі пра французаў. Самі па сабе выкрышталізаваліся назіранні за рысамі ў нацыянальным характары, якія адрозніваюць нас ад усіх.



marcinovich.jpg

-        Калі ўзнікае як найменшая замінка, мы ўтвараем чаргу. Калі чарга ўжо ёсць, мы спакойна становімся ў самы яе канец. Калі вы думаеце, што гэты від паводзін адзіна натуральны, вы – сапраўдны беларус. Ці, можа, немец. Індусы, напрыклад, пабачыўшы чаргу, ветліва праціскаюцца на самы перад і ўтвараюць другую чаргу. У самым канцы пачынаецца спрэчка паміж дзвюма чэргамі, якая пераходзіць ці то ў балівудскі баявік, ці то ў балівудскі шлюбны фільм. Танцы абавязковыя ў абодвух выпадках.

-        Мы імкнемся не выпінацца. Нават калі грошы ёсць. Гэта рыса характару, узгадаваная сістэмай. Нацыі, якім уласцівая прага да showing off (да прыкладу, італьянцы і людзі, што знаходзяцца пад культурным уплывам Versace-dressed Італіі), нас катастрафічна недаацэньваюць.

-        Не ў нашым характары спяваць ці танчыць, калі нап’ешся. Кульнуў тры па сто і пайшоў моўчкі спаць пад лаву. Чаму моўчкі? Каб ніхто не заўважыў, што язык заплятаецца. Чаму пад лаву? Таму што толькі там бухому і месца. Усе нашыя фестывалі, усе спробы гарвыканкамаў выправіць «народныя дажынкі» – маркотнае відовішча броўнаўскіх рухаў змрочных, занураных у сябе сялянскіх алканаўтаў (добрыя грамадзяне закідваюцца не выходзячы з кухні). Ці не лепей было б  як у Іспаніі: на каня, і з гітарай, за каханай, пад зорамі, у прапахлым язмінам і пустыняй паветры… І нават калі звернеш сабе галаву, дык сэрца пры гэтым будзе палаць, а не тануць у багне і цяжкіх роздумах…

Мой новы амерыканскі сябра сказаў пра рускіх так: гэта нацыя, якая спачатку б’ецца, потым вырашае праблему. У той час як у астатнім свеце намагаюцца спачатку вырашыць праблему і толькі потым, калі без гэтага немагчыма, пачынаюць біцца. Дык вось, мы, беларусы, не б’ёмся зусім. Калі на нас равуць, мы спачатку губляемся, а потым спрабуем ветліва разруліць праблему.

-        Калі ў гатэлі не працуе ліфт, забыліся ўключыць бойлер і няма гарачай вады, беларус будзе апошнім, хто патэлефануе на рэцэпцыю, каб паведаміць пра нязручнасць. Можа, так і трэба.

-        Сутыкнуўшыся з нязручнай сітуацыяй, выхад з якой можа падарваць нашу рэпутацыю, мы кіруемся прынцыпам «абы чаго людзі не падумалі» і трываем. І я тут не пра сем’і, у якіх бацькі калечаць жыцці адно аднаму, нягледзячы на тое, што папугаю зразумела, што яны не здольныя жыць разам. Я кажу пра сітуацыю, калі ў суседнім нумары вечарына а палове чацвёртай раніцы, а ты не ідзеш з імі файціцца, проста каб ім не падалося, што ты канфліктны.

-        Тое, што мы пагаджаемся: так, мы рускія. Пасля дваццатага разу сіл на тое, каб сказаць: «мы – беларусы, і мы не рускія», звычайна не застаецца. Нават я так зрабіў, прычым пазаўчора, калі прапёхаў 18 кіламетраў да гатэля на ўзбярэжжы пры тэмпературы паветра +35 з заплечнікам на 8 кг: выявілася, што калі паміраеш ад жадання папіць і паспаць, ты гатовы быць рускім, немцам, галандцам – кім заўгодна!

-        Немагчымасць прыняць канчатковае рашэнне. У той ці іншай ступені ўласцівая ўсім нацыям, але ў нашым выпадку маем іншы разварот гэтай хваробы. Рускі ці амерыканец, забукаўшы гатэль, ідзе далей. Нават калі пасля афармлення пабачыў лепшы, з відам на мора і горы і таннейшы на 5$. Беларус будзе есці сябе: чаму я такі дурань? Трэба было ўзяць з гарамі! Думкі будуць бянтэжыць да самага Мінска. А можа, і ў ім. Не верыце, паглядзіце на нашую замежную палітыку, якая то руская, то ну зусім ужо не руская. Ці на тое, як мяняюцца «інвестары» ў забудове Мінска. А таму ніводнае агучанае намі рашэнне не канчатковае. Ні самае дрэннае. Ні самае добрае.

-        Не тое каб нам зусім не ўласціва было ўсміхацца, але гэты прывілей – убачыць усмешку беларуса – дадзены нашым самым блізкім сябрам. Мы ўганароўваем чалавека ўсмешкай; яе трэба заслужыць. У той час як звычайна гэта самы просты спосаб зняць напружанне ў любой размове.

-        Зрабіўшы дабро, мы не выносім гэта на людзі. Ну, зрабілі і зрабілі. Але гэта не праява адсутнасці фанабэрыі. Проста нам быццам сорамна, што мы некаму дапамаглі. Мы баімся, што іншыя людзі, грамада, якая зусім не такая «добранькая», пасмяецца з нас.

-        Часам нам уласціва супольна аб’ядноўвацца супраць найлепшых. Найлепшыя – яны заўсёды і ва ўсіх нацый маюць добры яднальны патэнцыял. Але звычайна людзі гуртуюцца вакол найлепшых. Мы ж імкнемся гуртавацца супраць іх. І чым болей чалавек адчувае ўласную другаснасць у параўнанні з асобай, тым з большай асалодай ён далучацца да палявання на яе. Гэтым правілам тлумачацца шмат якія падзеі ў літаратуры апошніх тыдняў.

-        Мы мала вандруем, у параўнанні з іншымі нацыямі рэгіёна. Менавіта таму пра нас ніхто нідзе ў свеце не чуў. Не трэба думаць, што мы нечым горшыя за палякаў ці ўкраінцаў, якіх ужо праз пень-калоду ад рускіх адрозніваюць. Нас проста нідзе няма. Вось вы кажаце: «масквічы панаехалі», «яны ўсюль», але калі б мы вось так сабраліся ды панаехалі да іх – так, як мы звычайна «панаехваем» у Вільню! Па ўсёй Расіі пайшоў бы шоргат: беларусы крутыя! Яны вандруюць!

– Хочаш дапамагчы Радзіме – едзь як мага далей, едзь і размаўляй з людзьмі. І не пагаджайся з тым, што ты «from Russia», не паўтарай маіх памылак, які б стомлены ні быў.

-        Заўважная адсутнасць пачуцця гумару ў цэлым па краіне. Ад таго, пажартаваўшы, мы не спяшаемся смяяцца самі, чакаем рэакцыі атачэння. Бо, можа, зноўку не зразумеюць. Унутраны голас беларуса – кшталту таго гіперсур’ёзнага бубнення, якім агучаныя папярэджанні ў метро. Навошта ператвараць унутраны сусвет у змрочную мікрамадэль мінскай падземкі – пытаннечка яшчэ тое.

-        Адкладанне «на чорны дзень». Нямногія з нас здольныя патлумачыць, што гэта значыць, той «чорны дзень». Канцэпцыя такая ж размытая, як канцэпцыя выраю, напрыклад. Але мы адкладаем і чакаем гэтага жудаснага моманту. І ён абавязкова прыходзіць. Лацінаамерыканцы, іспанцы, французы, напрыклад, жывуць так, быццам кожны дзень – апошні.

budzma.by