Віктар Марціновіч: Моц Мая

Сярод мастацкіх падзей і падзеек, якімі багаты кастрычнік, я б вылучыў дзве асноўныя. Гэта, дарэчы, вялікая радасць, — тое, што ў мінчукоў нарэшце з’явілася магчымасць выбару, куды пайсці. Цяпер можна хадзіць па музеях усе выходныя і будні. Недзе цябе пацешаць імпрэсіяністамі і Жукоўскім, недзе пакажуць несапраўдныя муміі, недзе — сапраўдныя талерачкі, недзе здзівяць маштабам пры заўважнай адсутнасці куратарскага густу.



6viktar_marcinovic_moc_maja.jpg

Дык вось, разгубіцца ў гэтым проста, асабліва калі звяртаеш увагу на рэкламу. Асноўнае ў гэтым горадзе праходзіць без шуму і пылу і вымагае доктарскай ступені ў мастацтвазнаўстве, каб быць распазнаным. Першая падзея, на якую я настойліва раю звярнуць увагу, — мерапрыемствы Месяца фатаграфіі ў Мінску. Вось проста цяпер у ЦЭХу ідзе надзвычай цікавая выстава, якая з’яднала асэнсаванне нашага феномену аграгарадкоў (з карціначкамі тыповых дамоў, скульптурамі зайчыкаў, пальмамі з пластыкавых бутэлек і насельнікамі, якія жывуць пад гэтымі пальмамі) з развагамі пра смерць і невыносную прыгажосць камуналкі (у экспазіцыі на другім паверсе звярніце ўвагу на каларыстыку стужкавых здымкаў — часам інтэр’еры настолькі прыгожыя, быццам здымалі іх у Луўры, а не не камунальным дне).

Другі нікім, акрамя адмыслоўцаў, не распазнаны выбух — вялізная выстава Мая Вольфавіча Данцыга ў Нацыянальным мастацкім. Вы пытаецеся ў мяне, чаму гэта важна і хто такі Данцыг?

Ну як вам патлумачыць… Гэта калі б у Рыме першы раз за дваццаць гадоў выставілі знакамітую капіталійскую ваўчыцу — тую этрускую скульптуру, да якой у XV стагоддзі былі далучаныя фігуркі Ромула і Рэма, пасля чаго статуйка зрабілася самым пазнавальным сімвалам Рыма ў мастацтве — больш пазнавальным за сабор Пятра ці Калізей.

Данцыг — аўтар той самай карціны «Мой Мінск» 1967 года, якая сфармавала адчуванне зімовага Мінска асабіста для мяне. Нават калі б пасля перапынку яе проста вывесілі ў асноўную экспазіцыю, гэта было б значнай падзеяй для ўсіх знаўцаў. А тут, на выставе, такіх Данцыгаў — дзвесце! Гэта менавіта гала-выстава, маштабная, раскошная і ў значнай ступені прысвечаная Мінску.

Але яшчэ тры словы пра «Мой Мінск»… Тапанімічны жывапіс больш важны за тапанімічную фатаграфію. Фотаздымак з 1960-х з гэтага ракурсу прадэманстраваў бы нам, як змяніўся Мінск з той пары. Выклікаў бы лёгкую настальгію па гэтым смагарадавым колеры вагонаў, што чакаюць на рэйках. Карціна распавядае пра большае. Пра тое, як холадна. Пра тое, як безвыходна. Пра асфальтныя нябёсы, пад якімі мы жывём з лістапада па красавік. Пра стому ад шэрага і белага. Пра талы снег пад нагамі. Пра вільгаць у абутку. Пра тое, якім цяжкім робіцца паліто ад змакрэлага снегу. Пра той смаляны пах далёкай вандроўкі, які лунае ўзімку ля вакзала. І ў гэтым сэнсе «Мой Мінск» — гэта аповесць пра тое, што Мінск ні на грам не змяніўся. Што мы ўсё там жа, у 1967-м. І заўсёды будзем там, нават калі ля Чырвонага касцёла інвестары бахнуць Эйфелеву вежу.

Мне заўсёды было цікава: як Данцыг стаў Данцыгам? З чаго ён вырас? Як дайшоў да гэтага чыгуннага лаканізму? На другім паверсе выставы — цудоўны адказ на гэтае пытанне. Дыпломная праца Мая Вольфавіча, напісаная адразу пасля заканчэння маскоўскага Мастацкага інстытута ў 1958-м. Па мосце ідзе групка студэнтаў. За імі блакітна іскрыцца адна з маскоўскіх высотак. Яны шпацыруюць — вясёлыя, бестурботныя, аптымістычныя. Упэўненыя ў тым, што ўсё ў іх будзе добра — так, як можна быць упэўненымі толькі пасля сканчэння адной вялікай вайны, наводдаль ад галечы 90-х, ад Афгана, ад усёй познесавецкай чэрні, што выцягвала вось гэты аптымізм і святло з больш позніх партрэтаў.

www.radzima.org__images_pamatnik_e9495debbf8e234efe040929a235187c.jpeg

Май Данцыг, «Мой горад старажытны, малады» (1972)

 Данцыгаў дыплом — асколак таго самага вялікага стылю, сфармаванага адразу пасля вайны групай выкладчыкаў сацыялістычнага рэалізму, што самі некалі скончылі імператарскія акадэміі і віртуозна валодалі рэалізмам несацыялістычным. Гэта той самы «сталінскі стыль», які, канечне, быў настолькі ж «сталінскім», наколькі «сталінская» любая савецкая «высотка», натхнёная чыкагскімі хмарачосамі ды Эмпайр-стэйт-білдынгам. Менавіта праз такія палотны цэны на сацыялістычнае мастацтва на сусветных аўкцыёнах зашкальваюць. Справа не ў тым, што ад лёгкасці фігур, ад дзявочых усмешак, ад гамы, нават ад таго мягкага свету, што залівае палатно, патыхае Рэнуарам і Манэ. Справа ў тым, што чалавеку ўласціва імкнуцца да шчасця ці хаця б назіраць яго. А студэнты, выяўленыя на данцыгавым дыпломе «Насустрач жыццю», менавіта і бясспрэчна шчаслівыя.

Пазней, пад цяжарам тых самых 1970-х 1980-х, шчаслівыя людзі з карцін Данцыга знікнуць. Параўнайце, напрыклад, манументальную працу «Час. Падзеі. Людзі» 1987 года, што вісіць на суседняй сценцы. У зялёных прыцемках — тузін чалавечых галоў. Яны выяўленыя тымі самымі знакамітымі данцыгавымі мазкамі, быццам позні Паўль Клее пачаў выкарыстоўваць для контуру лімонны і ультрамарын замест чорнага. Галовы чытаюць «Аганёк», «Новы час» і часопіс «Балгарыя». Ад карціны вее трывогай. Гэта знаёмая, такая знаёмая нам усім трывога!

Уласна, у гэтым і ёсць хараство Данцыга: тое, пра што ён гаворыць з намі, — знаёмае, вельмі-вельмі знаёмае. Вось выява плошчы Перамогі. Вось шлюбная працэсія, якая ідзе ад вечнага агню. Вось маладзён у кардонным камінтэрнаўскім пінжаку, вось ягоная задуменная каханая ў белым. Усё як цяпер. Толькі праца напісаная ў 1972-м. Вось вам археалогія гарадской культуры. Вось вам партрэт таго, як было да нас. Як браліся шлюбам нашыя бацькі. І яшчэ раз удакладню: гэта не пра тое, як гэта выглядала, бо тое вы лёгка знойдзеце на іх чорна-белых здымках. Гэта пра тое, як гэта адчувалася. Пра тое, чым пах вецер. Што было на сэрцы.

І, канечне ж, Данцыг нашмат глыбейшы за ўжо згаданыя «Аганёк», «Новы час» і «Балгарыю», бо асноўны герой карціны «Час. Падзеі. Людзі» — дзіця, што глядзіць сваімі па-васняцоўску пранізлівымі вачыма наўпрост гледачу ў душу з правага ніжняга кута.

«Мінск абуджаецца», «Мой горад, старажытны, малады», партрэт Быкава, партрэт — увага! — Алеся Адамовіча — усё гэта вы знойдзеце ў Мастацкім музеі. Вы ахнеце, пабачыўшы велізарнае палотнішча «Сонечны кантынент», дзе выяўленая дзіцячая ізастудыя, і дзіцячыя малюнкі падаюцца больш рэальнымі за дзіцячыя постаці, і ад памераў ды стракатых каляровых выбухаў займае дыханне.

Душа любога горада складаецца з мноства галасоў, што гучаць пра гэты горад. Вы згадаеце Данцыга ў наступны раз, як будзеце чвякаць талым снегам на бясконца прамой мінскай вуліцы, ці піць духмяную каву і глядзець праз акно кавярні на шэры асфальт пад такімі ж шэрымі нябёсамі. Але калі-небудзь абавязкова прыйдзе май.

budzma.by