Выстава “Тэатр майго жыцця” – 75-годдзю Алеся Шатэрніка (фота)

Вечарам 16 кастрычніка ў Мінску, у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адкрылася выстава “Тэатр майго жыцця”, прысвечаная 75-годдзю вядомага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Шатэрніка.



У экспазіцыі — скульптура і жывапіс прызнанага ў Беларусі і за яе межамі майстры айчыннага выяўленчага мастацтва — яскравага прадстаўніка апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння, чалавека шматгранных талентаў — скульптара, жывапісца і паэта.

Выставўленыя творы паказваюць прыгажосць беларускага сусвету і пашану, з якой да яго ставіцца мастак. Сярод экспануемых — пластычныя кампазіцыі – прысвячэнні выбітным асобам нацыянальнай гісторыі — Усяславу Чарадзею, Еўфрасінне Полацкай, Тадэвушу Касцюшку, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Андрэю Макаёнку, а таксама жывапісныя краявіды з помнікамі айчыннага дойлідства.

Мастака прыйшлі павіншаваць сябры, паплечнікі і прыхільнікі таленту творцы, у тым ліку знаныя прадстаўнікі нацыянальнай навукі і культуры, грамадскія і палітычныя дзеячы Эдуард Агуновіч, Радзім Гарэцкі, Мікола Купава. Гэнік Лойка, Аляксей Марачкін, Уладзімір Някляеў, Рыгор Сітніца, а таксама сям’я паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна, які неўзабаве адышоў у лепшы свет, прадстаўнікі амбасады ЗША.

Выступоўцы зазначалі, што юбіляр — мастак адказны, рамантычны, надзвычай яркі, светлы, запамінальны, цікавы і змястоўны, які захаваў погляд юнака, маладую незамутнёнасць душы і метафарычны погляд на жыццё, чаго так не хапае сённяшняму айчыннаму выяўленчаму мастацтву, і пазбавіўся абцяжаранасці дурнымі комплексамі дарослага неразумнага чалавека; творца, які неабыякава і балюча ўспрымае рэчаіснасць, бязмежна любіць сваю Бацькаўшчыну і ўсё робіць для таго, каб і іншыя яе любілі.

Сябры звярнулі ўвагу: гадоў пятнадцаць таму Алесь Шатэрнік заняўся жывапісам, прычым стаў рабіць гэта так надзвычай прафесійна і паспяхова, што ніхто з творчай супольнасці не можа сказаць — мастак пачаў займацца не сваёй справай.

Аднадумцы адзначылі і каштоўнасць літаратурных твораў Алеся Шатэрніка — ягонае паэтычнае шуканне “Сонцакрыж”, ягоныя ўспаміны пра паэта Анатоля Сыса, дзе аўтар напісаў, што паэт не патрэбны Бацькаўшчыне.

Паплечнікі ўзгадалі ранейшыя творы юбіляра, у тым ліку Звон Волі, што павінен абудзіць спячую беларускую грамадскасць, мемарыяльныя дошкі выбітным беларускім дзеячам  Наталле Арсеньевай, Максіму і Гаўрыле Гарэцкім, пластычныя кампазіцыі — прысвячэнні ахвярам ГУЛАГу, а таксама грамадскі чын творцы, які неаднаразова ўзнаўляў у Курапатах пашкоджаную вандаламі “Лаву Клінтана” — падарунак народу Злучаных Штатаў Амерыкі народу Беларусі дзеля памяці, перададзены прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас яго візіту ў Беларусь у студзені 1994 году.

                       

Алесь Шатэрнік падзякаваў усім, хто прыйшоў віншаваць яго з юбілеем, і зазначыў: “Добра, што я зразумеў галоўнае. Сусвет — зоры, Сонца, вясёлка, жыццё, і хто стварыў сусвет — гэта мастак. І вельмі малая верагоднасць таго, што такая прыгажосць, як на Зямлі, змагла ўзнікнуць сярод мільярдаў іншых сусветаў. Бог і прырода маюць разумны пачатак. І калі ты жывеш, дык ўразліва назірай за ўсім, што вакол цябе, і рабі адпаведныя высновы. Вось чаму сваім настаўнікам я лічу сусвет”.