Вяртанне памяці

Рэшткі былога кляштара картузаў у Бярозе — помнік архітэктуры ХVII стагоддзя, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь з прысваеннем катэгорыі каштоўнасці «2».

Рэшткі былога кляштара картузаў у Бярозе — помнік архітэктуры ХVII стагоддзя, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь з прысваеннем катэгорыі каштоўнасці «2».
Кляштарны ансамбль мог бы стаць візітоўкай не толькі невялічкага раённага цэнтра, але ж і адным з прываблівых турыстычных аб’ектаў вобласці, разам з Косаўскім і Ружанскім палацамі. Мог бы, калі б удалося аднавіць хай не ўвесь ансамбль, а хаця б тыя рэшткі. Узрост унікальнага аб’екта спадчыны і тыя выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс, не дазваляюць далей марудзіць. Патрэбна дзейнічаць, і дзейнічаць хутка.
Пачатак ёсць. У 2006–2007 гадах выканана праектная дакументацыя на рэстаўрацыю ўязной брамы кляштара. Аднак рэстаўрацыйныя работы пачаліся толькі ў 2009-м — узніклі цяжкасці з пошукам падрадчыка. За 2009–2010 гады выкананы работы па ўмацаванні і гідраізаляцыі фундаментаў, расчыстка цаглянай кладкі сцен сярэдняй трываласці, апрацоўка ўцалелых сцен спецыяльнымі сродкамі з мэтай прадухілення іх далейшага разбурэння, аднаўленне сцен з выкарыстаннем цэглы, вырабленай па спецыяльнай тэхналогіі і па складу і якасцям прыбліжанай да арыгінальнага матэрыялу кляштарнага комплексу. На чарзе — узвядзенне страчаных зводаў брамы і паддашкавага перакрыцця.
Не так даўно з’явілася надзея, што сітуацыя вакол рэстаўрацыі рэшткаў кляштара картузіянцаў зменіцца ў станоўчы бок. Унікальны аб’ект спадчыны Бярозаўскага раёна разам яшчэ з 33-ма аб’ектамі на тэрыторыі краіны ўключаны ў Дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2011–2015 гады. Фінансаванне ў рамках гэтай праграмы прадугледжвае прыцягненне сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Хочацца спадзявацца, што здолеюць завяршыць рэстаўрацыю брамы і правесці кансервацыю будынка шпіталю, выканаць кансервацыю званіцы, вуглавых вежаў, а таксама левага і правага флігеляў, прылягаючых да брамы.
Магчыма, праз дзясяткі гадоў мы зможам не толькі расказаць нашым нашчадкам пра гісторыю стварэння і існавання выдатнага помніка архітэктуры, пра славутага Казіміра Льва Сапегу, які выступіў ініцыятарам і фундатарам будаўніцтва кляштара ў мястэчку Бяроза, але і паказаць захаваныя і адноўленыя фрагменты былога прыстанку манахаў ордэна картузіянцаў.