Вось які кніжны зубр з'явіўся ў Нацыянальнай бібліятэцы
У Нацыянальнай бібліятэцы з’явіўся зубр: не сапраўдны, вядома, а кніжны. У яго нават імя ёсць – Алеф. Паказваем, як ён выглядае, калі самі не пойдзеце на яго глядзець.
Чаму зубра называюць кніжным?
Па-першае, таму, што ён сабраны з дэталей старой друкарскай (паліграфічнай) тэхнікі.Па-другое, ён мае імя Алеф – па назве першай літары старажытных алфавітаў, якая паходзіць ад егіпецкага іерогліфа – галавы быка. Гэта літара ў далейшым паслужыла правобразам першай літары грэчаскага, лацінскага, кірылічнага і іншых алфавітаў.
Па-трэцяе, поўсць зубра складзена з сапраўдных шрыфтоў, якія выкарыстоўваліся ў мінулым стагоддзі беларускімі друкарнямі (таму там ёсць літары «ў» і «і»).
Урэшце чацвёртая прычына – у самым сэрцы зубра працуе механізм, які створаны па вобразе сігнета Францыска Скарыны, знакамітай выявы сонца і паўмесяца, якая стала нефармальным сімвалам беларускай кніжнасці.
А хто ж зрабіў гэтага Алефа?
Мастак скульптуры – Генадзь Катлінскі. Ён працаваў над гэтым творам некалькі месяцаў. Праца выканана ў межах праекта Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага».
Як доўга зубр будзе знаходзіцца ў бібліятэцы?
Гэта пакуль невядома – пакажа час. Сёння адміністрацыя бібліятэкі шукае спонсара, які б дапамог зубру назаўжды застацца ў яе сценах. Але зараз на яго можа прыйсці паглядзець любы жадаючы.
citydog.by