З імем Скарыны: Вітаўт Тумаш

Цалкам магчыма, што гэта толькі выпадковы недагляд укладальнікаў кнігі або нават чыясьці злая воля, але, тым не менш, вельмі характэрным для асобы Вітаўта Тумаша падаецца нязгадванне ягонага імя ў кнізе «25-лецьце Беларускае Гімназіі ў Вільні. 1919–1944» (Вільня: Выданьне Беларускае гімназіі ў Вільні, 1944).



v_ta_t_tumash.jpg

Бо надта ж унікаў ён шырэйшага афішавання сваёй біяграфіі, палітычнай, а часта і грамадскай дзейнасці, калі толькі гэта не было павязана са імем Скарыны.

Вітаўт Тумаш нарадзіўся 20 снежня 1910 года ў вёсцы Спягліца Вілейскага павету Віленскай губерні (сёння вёска Свяцілавічы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці) у сям’і Яна і Петранелы з Канапелькаў. Недзе ў 1915 годзе сям’я падалася ў бежанства, таму першую адукацыю Тумаш атрымаў на летувіскай мове, цікавасць да якой захаваў на ўсё жыццё. Пасля заканчэння пачатковай школы, ад верасня 1924 года да чэрвеня 1930-га, навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі.

У мурах гімназіі ён пазнаёміўся з шэрагам будучых калегаў па грамадскай і навуковай працы ў эміграцыі; у гімназіі ж закладаліся і падмуркі тых адносінаў. З Радаславам Астроўскім не было паразумення, бо Тумаш, блізкі да Максіма Танка, рахаваўся там за чалавека левых поглядаў, а з Янкам Станкевічам, бадай, варагавалі на гістарычнай дзялянцы:

«Станкевіч ня гісторык па сваіх студыях, ня стаўся ім, па-мойму, і сяньня, хоць ужо некалькі разоў прабуе пісаць гісторыю «Крывіч-Беларусі». Ягоная «гісторыя» ў вапошняй рэдакцыі, гэта насьпех робленая павярхоўная з некалькі пакладзеных перад сабою кніжак чужых аўтараў, кампіляцыя, без прадуманьня цэласьці й наагул бяз ніякіх сваіх арыгінальных гістарычных гарызонтаў. Іх ён ніколі й ня будзе мець, бо гэта ўжо рыса ягонага характару — ён працавіты, але нейкага навуковага «палёту» чакаць ад яго цяжка. Пішу гэта, бо ведаю яго бліжэй ад 25 гадоў, ад чвэрцьвечча. І ў апошняй ягонай «гісторыі» здараюцца выпадкі, што аўтар дзьве бачыны далей піша зусім адваротнае ці ў разрэз з раней сказаным (што я яму некалі заўважыў і на што ён толькі сказаў «ну, нічога» (Ліст В. Тумаша да А. Вярбіцкага ад 08.12.1952. Захоўваецца ў архіве БІНіМу).

Ад восені 1930 года Тумаш студыяваў на медычным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Дыплом аб заканчэнні навукі выпісаны 30 траўня 1939 года.

Ад ліпеня 1939-га да пачатку Другой сусветнай вайны працаваў лекарам у шпіталі ў Беластоцкім Choroszcz, пасля, ад 1940 года, меў прыватную медыцынскую практыку ў Лодзі.

19 кастрычніка 1940 года пабраўся шлюбам з Ксеніяй Грыгарчук, з якой меў трое дзетак.

Дзейнасць Тумаша ў даваенным беларускім нацыянальным руху ўражвае нават адно пералікам пасадаў: адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюзу, старшыня Таварыства прыяцеляў беларусаведы, віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы; ад верасня 1939 года супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве, у 1940–1941 гадах старшыня Беларускага камітэту ў Лодзі.

З пачаткам нямецкай акупацыі Беларусі з ліпеня па лістапад 1941 года Тумаш выконваў абавязкі бургамістра Мінску. Напрыканцы 1941 года выехаў у Германію, дапамагаў з рэдагаваннем газет «Раніца» і «Беларускі работнік», працаваў у берлінскім аддзеле Беларускай народнай самапомачы.

tumaszdyplom.jpg

У 1943–1945 гадах быў на пасадзе лекара ў Мекленбургу, ад 1945-га — у Заходняй Германіі, у шпіталі лагеру Люнэбург, ад 1946 года — у лагеры Ватэнштэт, ад 1947-га — у лагерах Госляр, Унтэрлюс, Зеедорф.

Заснаваў «Згуртаванне беларускіх лекараў на чужыне», выдаваў часопіс «Медычная думка» (1946–1950), рабіў захады па перакладзе Бібліі на беларускую мову, запрасіўшы ў адмыслова створаны ім Камітэт Леаніда Галяка, Яна Пятроўскага, Уладзіміра Тамашчыка ды іншых.

У ЗША прыехаў 25 лістапада 1950 года. Амерыканскае грамадзянства атрымаў 20 жніўня 1956-га. Жыў у Нью-Ёрку, працаваў у шпіталях (Фордхам, Бронкс, 1952–1976, у аддзяленні хуткай дапамогі, ад 1976 года — у шпіталі Сэйдэнхам на Манхэтане).

Кароткі час ачольваў Урад БНР, браў удзел у выданні газеты «Беларус» — зрабіў два нумары, быў старшынёй Фундацыі імя П. Крэчэўскага (1979–1982).

tumaszdyplom.jpg

От жа калі чытаць Тумашава ліставанне, кідаецца ў вочы, што там бадай не закранаецца ніякая іншая дзейнасць акрамя Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, фактычным заснавальнікам якога ён стаўся і ўзначальваў ад 1955 года да раптоўнай хваробы ў 1982-м. Тумаш стараўся асабліва не ангажавацца ў палітычную дзейнасць. Шмат сілаў забіралі асабіста-сямейныя справы — гэта здаванне іспытаў на ліцэнзію медыцынскага доктара ды хвароба жонкі, а ўвесь вольны час меўся ісці на адну справу — на БIНіМ.

Зрэшты, навуковая інстытуцыя, створаная Тумашам, таксама не была «адной справаю»: гэта і літаратурна-мастацкі часопіс «Конадні», заснаваны ў 1954 годзе, і «Запісы», выдаваныя ад 1952 года, выставы ў Нью-ёркаўскай публічнай бібліятэцы, збор беларусікі. Гэта ўласныя доследы — гісторыі кніжнай культуры, а насамперш — спадчыны Францішка Скарыны. З доследаў нямала карысталі скарыназнаўцы ў СССР, не спасылаючыся, натуральна, на першакрыніцу. Ён пісаў пра Скарыну ў Падуі і ў Маскве, даследаваў імя Скарыны, лакалізаваў жыццяпісы першадрукара, вывучаў кнігі Скарыны, аналізаваў скарынаведныя публікацыі.

binimsymbol1.jpg

«Як маглі крыху ўжо заўважыць з друкаванага апошнімі гадамі, досьледы над жыцьцём і працай першага ведамага беларускага доктара мэдыцыны Франьцішка Скарыны сталі маім «нэбэнляйдэншафт». У пошуках за новым і няведамым аб ім ператрасаю бібліятэкі і архівы Эўропы і Амэрыкі. Дзякуючы мадэрнай тэхніцы мікрафільмаў і фотастатаў, седзячы ў Нью-Ёрку, было магчыма раздабыць фотаадбіткі архіўных аб ім дакумэнтаў у Падуі і Кенігсбэргу, пры тым ёсьць дакумэнты, нікому дагэтуль не вядомыя, новаадкрытыя, з новымі ў іх зьвесткамі аб Скарыне (сёе-тое пра гэта ў чародным нумары «Запісаў»). Ператрос і вялізную аб ім літаратуру — каля 1000 пазыцыяў, якія часта таксама можна было раздабыць толькі з Эўропы пры помачы мікрафільмаў. Маю на мікрафільмах і каля 60% ягоных арыгінальных кнігаў (надрукаваў ён усяго каля 4000 бачынаў). Гэта кнігі, што ляжаць у бібліятэках Эўропы або Ленінграду. Адным словам, у «скарыніяну» ўграз па вушы.

Скарыне, і некаторай іншай навукова-дасьледчай працы, аддаю ўвесь мой вольны час, якога вельмі мала, бо мушу ўвесь час і даволі шмат працаваць на «хлеб штодзённы» для сям’і. Да таго ўвесь час і розныя клопаты ды беды, пра якія хіба нешта Вам раскажа сп. Конюх, калі давядзецца пабачыцца зь ім падчас сёлетніх ягоных аб’ездаў з хорам. Асабліва востра адчуваецца нястача часу — можна было б рабіць і друкаваць шмат, але калі робіцца гэта толькі ўрыўкамі вольнага ад працы часу, усё ідзе вельмі марудна» (з ліста В. Тумаша да В. Жук-Грышкевіча (?) ад 20.12.1964).

Апошняя праца Вітаўта Тумаша, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны» — грунтоўнейшая скарынаведная бібліяграфія — выйшла ў 1989 годзе, калі ўкладальнік ужо быў прыкаваны да ложка. Памёр скарыназнаўца 27 красавіка 1998 года.