ЗА КУЛІСАМІ ВАЙНЫ: «Матухна Кураж і яе дзеці» ў выкананні «Тэатра Ч»

Тэатр «Ч» — камерцыйнае гастрольнае прадпрыемства, якое з 2013 года стварае ўласныя пастаноўкі. Калектыў яскрава заявіў пра сябе спектаклем «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча, пра які ў НЧ захоплена адгукалася Валярына Кустава. І вось 21–22 студзеня адгрымела (у літаральным сэнсе) новая прэм’ера — на сцэне ДК Прафсаюзаў паставілі «Матухну Кураж…» Бертольда Брэхта ў перакладзе з нямецкай мовы Генадзя Бураўкіна і рэжысёрскім бачанні Міхаіла Лашыцкага.



matuchna.jpg

Фота Яўгена Ерчака

Міхаіл Лашыцкі не хавае, што пастаноўка такой антываеннай п’есы, як «Матухна Кураж…» менавіта цяпер у Мінску — невыпадковая. Брэхт пачаў пісаць п’есу ў 1938 годзе як папярэджанне нацыстам, напамін пра тое, чым на самой справе ёсць вайна. У павучальных мэтах ён звярнуўся да падзей Трыццацігадовай вайны 1618–1648 года — вялікага кровапраліцця, падчас якога загінула больш за траціну насельніцтва Германіі. Даўняя вайна, на яго думку, мусіла спрацаваць як абстракцыя, нагадаць пра сапраўднае аблічча ўсіх чалавечых збройных канфліктаў. Папярэдзіць не паспеў, бо «пісьменнікі не могуць пісаць з такой хуткасцю, з якой урады развязваюць войны». П’есу Брэхт скончыў толькі падчас Другой сусветнай у шведскай эміграцыі.

Дзеянне п’есы «Матухна Кураж…» адбываецца ў розныя перыяды спачатку рэлігійнай, а пасля антыгабсбургскай разні на тэрыторыі Швецыі, Польшчы і Баварыі. Брэхт паказаў падшэўку вайны з гледзішча маленькага чалавека, яе трагікамічнае закуліссе, апісаўшы лёс сям’і маркітанткі Ганны Фірлінг, якая нажываецца, спекулюючы неабходнымі на фронце таварамі. Яе дабрабыт звязаны з вайной: мір для яе азначае нэндзу. У сваіх каментарах да п’есы Брэхт настойліва прасіў рэжысёраў рабіць так, каб гераіня, якая праз уласную сквапнасць і дурасць страчвае на вайне траіх дзяцей, не выклікала ў гледача спачування. Бо «калі сядаеш абедаць з д’яблам, запасайся даўгой лыжкай».

Брэхт быў заснавальнікам і ідэолагам эпічнага тэатру, які, у адрозненне ад тэатру Станіслаўскага, не выклікаў суперажывання, а агаломшваў публіку, заклікаў паглядзець на нейкую сацыяльную праблему з нязвыклага ракурсу. Іншая асаблівасць яго п’ес — насычанасць іх музычнымі ўстаўкамі (так званымі зонгамі) — праваднікамі найважнейшых думак аўтара (яно ж вядома: тое, што ў рыфму — лепш запамінаецца).

Усё вышэйапісанае і імкнуўся ўвасобіць «Тэатр Ч». І абстрактную вайну, і эпічны тэатр, і зонгі. Атрымалася сумбурна і нагрувашчана — як крытыкам, так і гледачам яшчэ доўга давядзецца разбірацца ў думках і пачуццях.

Што да эпічнага тэатру, то ў выкананні беларускай трупы ён выглядае наступным чынам: акторы не камунікуюць паміж сабой, рухаюцца, як у батлейцы, а ўсе рэплікі кажуць у бок глядзельнай залы. Беларускім гледачам, выхаваным на Станіслаўскім, гэта можа падасца нязвыклым — прынамсі, ужо гучалі меркаванні, што акторы проста не ўмеюць граць. Што да зонгаў, то гэта, безумоўна, прывабны бок пастаноўкі — на сцэне гучыць жывая музыка сучасных альтэрнатыўных гуртоў, і вершы ў перакладах Бураўкіна набываюць то рок, то рэп-афарбоўку. Нараканні, аднак, выклікае тэхнічны бок — апаратура і пляцоўка, яўна не прызначаныя да мюзіклаў. Эфект ад тэкстаў, такім чынам зведзены, на нуля, бо іх проста не чуваць у залі. Магчыма, акурат гэты недахоп можна будзе лёгка паправіць.

Што тычыцца вайны і ўніверсальнасці Брэхтавага наратыву, то п’еса «Матухна Кураж…» сапраўды шыкоўная і без усялякіх адаптацый сугучная з тым, што цяпер адбываецца ў свеце, у тым ліку на ўсходзе Украіны. Нам, аднак, давялося пагутарыць з наведнікамі прэм’еры, якія чакалі значна большага. Нейкай выразнай эзопавай мовы — прынамсі, у тэксце было дзе разгарнуцца, але рэжысёр не захацеў або не рызыкнуў праводзіць надта лабавыя паралелі з сённяшняй Беларуссю. Напрыклад, слова «застой», якое ў свой час вельмі ўдала ўпісаў у пераклад Бураўкін, сёння ён жа, не вагаючыся, замяніў бы на «стабільнасць». З іншага боку, можа, яно і правільна: было б сумна, калі б такую неардынарную і патрэбную пастаноўку забаранілі праз дробязі.

Хочацца пажадаць прэм’ернаму спектаклю ўдалага сцэнічнага лёсу. У спектаклі, безумоўна, шмат цікавага і вартага глядацкай увагі. Кагосьці прывабіць зборная любімых музыкаў (гурты NAKA, «Нагуаль», «9 міліметр», «Zui», «ili-ili», «VuRaj»), кагосьці — моцны вобраз загалоўнай гераіні, які стварае на сцэне Алена Сідарава. Хтосьці прыйдзе, каб паглядзець на гратэскныя касцюмы, вырабленыя Андрэем Зылем з пачуццём гумару, густам і выкарыстаннем кіламетру прадукцыі з крамы «Лянок». А ўлічваючы нелінейнасць задумы і амбіцыі калектыву, можна прагназаваць, што з часам спектакль будзе толькі паляпшацца.