ТЭАТР ЯК СУПЕРМАРКЕТ: «Паяцы» ў Мінскай оперы

У свеце сёння папулярныя так званыя оперныя флэшмобы, калі тэнары ды сапрана, апранутыя як непрыкметныя мінакі, нечакана пачынаюць спяваць арыі ў месцах, што як найменш асацыююцца з операй: на кірмашах ці гандлёвых цэнтрах. Так, дзве падобныя творчыя акцыі ў Мінску мелі месца ў супермаркетах «BIGZZ» і «Соседи». Мэтай гэтых флэшмобаў было не толькі прыцягнуць увагу масавага гледача да опернага мастацтва, але і прадэманстраваць: опера з яе жарсцямі значна бліжэй да звычайнага жыцця звычайнага чалавека, чым нам магло здавацца.



teatr.png

Фота http://www.operanews.ru

Прэм’ера оперы «Паяцы» Руджэра Леанкавала, якая адбылася ў Вялікім тэатры оперы і балета ў снежні 2014 года, нясе ў сабе паэтыку і энергетыку опернага флэшмоба. Узнаўляючы знакамітую оперу пачатку ХХ стагоддзя, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ з трэскам абрынуў тую самую «чацвёртую сцяну», з якой зацята змагаюцца прагрэсіўныя тэатры свету. Што-што, а заснуць на новым спектаклі наўрад ці ўдасца: няма ніякай гарантыі, што ў залі побач з вамі не сядзіць саліст, які праз імгненне пачне выконваць знакамітую арыю «Смейся, Паяц…» проста над вашым вухам.

«Паяцы» — візітная картка Леанкавала, які працаваў у духу верызму. Оперы кампазітараў-верыстаў, былі максімальна набліжаныя да сучаснасці: на сцэне спявалі ды пакутавалі не міфічныя багі ці заморскія каралі, а такія ж звычайныя людзі, што прыйшлі ў тэатр. Нездарма тэлесерыялы, калі яны толькі з’явіліся, таксама празвалі операмі — мыльнымі.

Опера «Паяцы» знакамітая сваёй мадэрністычнай кампазіцыяй: другое дзеянне дубліруе падзеі першага, хіба што першае разгортваецца за кулісамі тэатру, а другое — на яго падмостках. Атрымліваецца такі сабе двайны «тэатр у тэатры». Сюжэт, калі сцісла, такі: у абстрактны італьянскі тэатр з гастролямі прыбываюць зоркі буфанады — вечарам адбудзецца прадстаўленне. У артыстаў абодвух палоў імкліва завязваюцца любоўныя трохкутнікі і нават простакутнікі. У канцы ўсе паміраюць.

Панджавідзэ лагічна разважыў, што калі Леанкавала набліжаў оперу да жыцця сваіх сучаснікаў, у тэатры ХХІ стагоддзя трэба зрабіць гэтаксама. У мінскіх «Паяцах» шмат гумару, бурлеску, вынаходлівасці і парадыйнага кічу. Па антуражы гэта штосьці сярэдняе паміж рэпартажам з гастроляў Алы Пугачовай і Філіпа Кіркорава ды экстравагантнай італьянскай кінакамедыяй 1980-х. Звычайна параўнанне оперы з аперэтай — абраза для стваральнікаў першай, але ў дадзеным выпадку, відаць, менавіта такога эфекту і пры пастаноўцы «Паяцаў» і дамагаліся. Апроч таго, нам паказваюць «закуліссе» сучаснага тэатру — усіх гэтых асістэнтаў з гарнітурай, рабочых сцэны ў касках і маленькіх танцорак за балетным станком. Часам нават здаецца, што гэтага тэатральнага натоўпу на сцэне аж занадта, але сам ход адразу падкупляе і выклікае сімпатыю.

Гэтая пастаноўка, як ніякая іншая ў рэпертуары Опернага, будзе карыстацца заслужаным поспехам у масавага гледача, што, улічваючы ідэалы эпохі Леанкавала, можна лічыць аднаўленнем гістарычнай справядлівасці. Апроч усяго іншага — опера і яе выкананне захапляюць. І варта парадавацца таму, што спектакль даволі хутка акупіцца: узнаўляючы «тэатр у тэатры», на падмостках іранічна абыгралі рэквізіт іншых опер, якія ідуць на той жа сцэне, так што прынамсі на дэкарацыі траціцца не давялося.