Безгаспадарная функцыя
«У прынцыпе, сіла і магчымасць улады ўтрымліваюцца не ў ёй самой, а ў яе здольнасці ўвесь час быць «сваёй» для масавай свядомасці».
«У прынцыпе, сіла і магчымасць улады ўтрымліваюцца не ў ёй самой, а ў яе здольнасці ўвесь час быць «сваёй» для масавай свядомасці».
Усім прывітанне з сонечнага штату Дэлавэр. Я вырашыў арганізаваць тут сямейную кансалтынгавую фірму. Планую кансультаваць амерыканскіх палітыкаў. Ужо прыступіў да чытання трохмесячнага лекцыйнага
курсу па праблемах сацыякультурнага расколу беларускага грамадства. Праўда, пакуль сярод тых, хто запісаўся на курс, пераважае сям’я маёй малодшай дачкі. Самы зацікаўлены слухач —
мой унук. Яму два месяцы. Але ён ужо здольны падаваць рэплікі з месца, і заўсёды па справе.
Мяшэчнік як сведка
Пра тое, што «белорусская модель развития или белорусский путь развития объективно существует», было заяўлена яшчэ ў сакавіку 2002 года на вядомым семінары кіраўнічых работнікаў
рэспублікі. Як і беларуская дзяржаўная ідэалогія, гэта мадэль выбудоўвалася «от жизни, а не от теории». Яе галоўная характарыстыка, на думку аўтара, —
«сильная и эффективная государственная власть».
Але пастаянны рух улады «от жизни» — занятак дастаткова небяспечны. Урэшце, «от жизни» ўлада можа і сысці, і тады шляхі «государства для
народа» і народа разыдуцца. Размова, зразумела, ідзе не пра ўвесь народ, а толькі пра яго частку, якую прынята называць «большасцю» (з «меншасцю»
ўлада канчаткова разышлася яшчэ ў 1996 годзе).
Беларусы з другой паловы сакавіка 2011 года пазбаўленыя магчымасці свабодна набываць валюту ў абменніках. Гэты сумны факт можна разглядаць з розных бакоў, у тым ліку і з боку адмаўлення дзяржавы
выконваць функцыю грашовага рэгулявання ў поўным аб’ёме. У выніку абменныя аперацыі, як частка гэтай функцыі, сталі безгаспадарнымі. Жыццё ад гэтага не памерла. Яно самаарганізавалася і
завіравала з ранейшай сілай, але ўжо па-за рамкамі «белорусской модели развития».
Безгаспадарныя функцыі з’яўляюцца там і тады, дзе абвастраецца супярэчнасць паміж запатрабаваннямі грамадства ў рэсурсах і здольнасцю аўтарытарнай дзяржавы гэтыя рэсурсы вытвараць. СССР пры
Брэжневе — класічны прыклад масавага з’яўлення безгаспадарных функцый, за выкананне якіх узяліся так званыя «ценевікі».
Да 1989 года прыбыткі контрагентаў ценявой эканомікі ў адносінах да фонду аплаты працы ў СССР склалі, паводле сціплых падлікаў, больш за 25 працэнтаў. Зразумела, што савецкая дзяржава ў адказ на
такую самадзейнасць перыядычна ініцыявала кампаніі па барацьбе з «асобамі, якія атрымліваюць непрацоўныя прыбыткі», душачы тым самым творчы патэнцыял грамадства. Вывядзенне ж
творчай актыўнасці мас з ценю азначала б легалізацыю прыватнай ініцыятывы, што супярэчыла самой прыродзе народнай дзяржавы ў яе камуністычнай трактоўцы.
Пры гэтым дзяржава часцяком хітравала. Так, планаванне харчовага фонду ў СССР па многіх прадуктах праводзілася без уліку сельскага насельніцтва, якому па ўмоўчванню належала харчавацца «з
агароду», што не замінала дзяржаве разглядаць прыватныя гаспадаркі ў якасці перажытку мінулага, які належала выкараніць.
Яшчэ адзін прыклад безгаспадарнай функцыі — мяшэчніцтва. Яго сучасны варыянт — памежны народны гандаль. Грамадзяне займаюцца ім вымушана, а не ад любові да чаўночных перасоўванняў у
прасторы. Таму рост актыўнасці такіх перасоўванняў сведчыць, як правіла, пра наяўнасць праблем на макраэканамічным узроўні.
У сваю чаргу, папаўненне спісу безгаспадарных функцый — дакладны знак дэзарганізацыі кіравання, што прыводзіць да росту масавага дыскамфорту. Чым усё гэта можа завяршыцца —
нескладана зразумець на прыкладзе стабільнасці часоў Брэжнева, што нечакана згенеравала перабудову Гарбачова.
Кароўнікі разладу
Грошы, як падказвае нам Вікіпедыя, праяўляюць сябе праз адну меру (кошту) і тры сродкі — абарачэння, плацяжу і назапашвання. Пад апошнім сродкам разумеецца магчымасць перанясення пакупной
здольнасці нескарыстаных у дадзены момант грошай з сучаснасці ў будучыню.
Паводле афіцыйных дадзеных, за першую палову 2011 года кошык валют у Беларусі падаражэў на 78%. Год яшчэ далёкі ад завяршэння, і таму складана сказаць, якую ж частку пакупной здольнасці сваіх
рублёвых дэпазітаў беларусы перанясуць з першага года чацвёртай пяцігодкі ў другі. Але ў чым можна быць упэўненым адназначна, дык гэта ў тым, што рублі перастаюць выконваць функцыю сродку
назапашвання. З чатырох функцый грошай адна, такім чынам, у беларускай грашовай адзінкі апынулася безгаспадарнай. Прывітанне моцнай і эфектыўнай дзяржаве!
Мая іронія зразумелая, аднак фармат «азбукі паліталогіі» патрабуе не эмацыйных воклічаў, а рацыянальнага аналізу. Эфектыўнасць чалавечай дзейнасці прынята ацэньваць па яе здольнасці
забяспечваць канчатковы вынік. Праблема, такім чынам, упіраецца ў вызначэнне канчатковага выніку, да дасягнення якога імкнецца кіраўніцтва беларускай дзяржавы.
У традыцыйных цывілізацыях мінулага жаданай мэтай любога кіраўніка была сацыяльная стабільнасць. З эканамічнага пункта гледжання гэта азначала захаванне эфектыўнасці, якая гістарычна склалася. Любыя
яе змены (як у бок паніжэння, так і падвышэння) пагражалі стабільнасці. Абавязковая ўмова існавання сучаснай ліберальнай цывілізацыі — развіццё, якое патрабуе сталага росту эканамічнай
эфектыўнасці.
А дзе ж месца Беларусі ў гэтай двухполюснай схеме? З традыцыйнай цывілізацыі, хочацца верыць, яна выйшла, але ў цывілізацыю ліберальную, відавочна, не ўступіла. Беларусь затрымалася ў цывілізацыйным
прамежку. Адсюль сталае імкненне сумясціць несумяшчальнае. Адсюль чарада кульгавых рашэнняў (гл. «Час кульгавых рашэнняў»).
Звернемся да свежых прыкладаў. 2 жніўня на пасяджэнні Саўміна прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч так пераканаўча казаў пра неабходнасць «резко сокращать эмиссионное
кредитование» сельскай гаспадаркі, што мне цяжка ўтрымацца ад цытаты: «Больше половины ферм имеют невысокую эффективность (маюцца на ўвазе фермы, пабудаваныя на эмісійныя грошы).
Удои молока на корову в первом полугодии — ниже среднего по стране. В 2011 году облисполкомы просят еще 4 трлн. рублей на молочную программу. А кто будет отвечать за
эффективность?»
Адказны знайшоўся праз два дні. Ён і падпісаў указ №342, які прадугледжвае вылучэнне чарговых трыльёнаў на будаўніцтва чарговых кароўнікаў.
Абвіслыя ветразі ўлады
Адзінага палітыка (АП) часта вінавацяць у папулізме. Здавалася б, такія абвінавачванні не пазбаўленыя падстаў, але адкрыем слоўнік: «Папулізм — усвядомленае імкненне першай асобы,
любога палітыка прыцягнуць народ, тыя ці іншыя групы насельніцтва, не столькі выкладаннем сваіх рэальных мэтаў, колькі спробай упісацца ў масавую свядомасць, у стэрэатыпы народнай
культуры».
Калі пад масавай свядомасцю разумець свядомасць беларускай «большасці», то сваіх рэальных мэтаў АП ніколі не хаваў. Ён пад «большасць» не падладжваўся і ў гэтым
сэнсе заўсёды быў шчырым палітыкам. «Я свое государство за цивилизованным миром не поведу». Сказана — зроблена. Паглядзіце навіны за любы дзень. Беларусь рухаецца па
ўласнай дарозе, і гэта дарога не вядзе да храма ліберальнай цывілізацыі.
Безгрунтоўныя і абвінавачванні АП у бальшавізме. Пэўнае падабенства пры жаданні знайсці, зразумела, можна. Бальшавікам было ўласцівае паталагічнае імкненне да захопу і ўтрымання ўлады, але, як гэта
ні здасца дзіўным, яны пры гэтым не звязвалі сябе ўнутрана паслядоўнай ідэяй.
За сваё адносна нядоўгае знаходжанне ва ўладзе Ленін тры разы кардынальна змяняў палітычны курс. Ён узначаліў кастрычніцкі пераварот, падзяляючы «асноўная памылка інтэлігенцыі», г.
зн. веру, што народ, калі яго вызваліць ад прыгнёту начальства і эксплуататараў, сам хутка наладзіць жыццё грамадства. Адсюль абсалютызацыя саветаў і ўяўленне пра сацыялізм як пра «жывую
творчасць мас».
Аднак саветызацыя краіны прывяла да поўнага хаосу. Інакш і не магло здарыцца, бо саветы — гэты сучасны аналаг сярэднявечнага веча — для рашэння праблем вялікага грамадства
(дзяржавы) не прызначаны. У адказ на масавы запыт аднавіць «моцную ўладу», які сфармаваўся пад канец 1918 года, Ленін разгортваецца на 180 градусаў і пераходзіць да палітыкі
«ваеннага камунізму». Новы варыянт сацыялізму «ёсць ні што іншае, як дзяржаўна-капіталістычная манаполія, звернутая на карысць усяго народа».
Але і першы блін аўтарытарызму, выпечаны бальшавікамі, не прыйшоўся грамадству даспадобы. На харчатрады сяляне адказалі масавымі паўстаннямі. У гэтай сітуацыі непазбежным быў заварот да тых
каштоўнасцяў, што адмаўляліся стыхіяй ураўняльнасці, якая перайшла ўсякія разумныя межы. І Ленін пераходзіць да НЭПу. Ён заклікае сваіх прыхільнікаў «ажыўляць гандаль, дробнае
прадпрымальніцтва, капіталізм, асцярожна і паступова авалодваючы імі ці атрымліваючы магчымасць падвергнуць іх дзяржаўнаму рэгуляванню толькі ў меру іх ажыўлення». Да наступнага развароту на
180 градусаў правадыр сусветнага пралетарыяту не дажыў. Арганізацыйна аформіць наступны разварот давялося ўжо Сталіну.
Але Ленін-Сталін нічога не навязвалі грамадству, ды яны і не змаглі б гэтага зрабіць. Іх талент палягаў у выкарыстанні эфекту ветразяў, прычым іх карабель з ветразямі быў вельмі прымітыўны, няздольны
лавіраваць супраць ветру. І тут логіка жанру вымушае звярнуцца да цытавання: «У прынцыпе, сіла і магчымасць улады ўтрымлівацца не ў ёй самой, а ў яе здольнасці ўвесь час быць
«сваёй» для масавай свядомасці, здзяйсняць учынкі, якіх ад яе чакаюць ці пераканаць масы з дапамогай ідэалагічнага маніпулявання ў тым, што ўлада менавіта такія ўчынкі і
здзяйсняе» (А. Ахіезер, гісторык).
У першай палове 1990-х злавіў вецер у свае ветразі і АП, але сёння кірунак ветру пачынае мяняцца. А вось ці здольны змяніцца АП? Прынамсі, нагодаў для такой высновы ён за апошні час не даваў.