Беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу ўваходжанню ў ЕС, а не аб'яднанню з Расіяй, сведчыць апытанне НІСЭПД

Беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу ўваходжанню ў Еўрасаюз, а не аб'яднанню з Расіяй — за першы варыянт выказваюцца 43,4%, а за другі — 37,7% рэспандэнтаў. Такія звесткі апытання грамадскай думкі, прысвечанага найважнейшым праблемам жыцця беларусаў, праведзенага ў снежні 2012 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва).



b_e_r.jpg

Метадам face-to-face interview было апытана 1.500 рэспандэнтаў 18 гадоў і больш; памылка рэпрэзентацыйнасці не перавысіла 0,03%.

У верасні 2012 года 36,2% выказвалася на карысць аб'яднання з Расіяй і 44,1% — за ўваходжанне ў ЕС.

"Аднак у больш глыбокай рэтраспектыве "дрэйф" грамадскай думкі ад Расіі да Еўрапейсказа саюза становіцца ўсё больш прыкметным, — адзначаюць эксперты НІСЭПД. — Так, калі ў снежні 2011 года за ўваходжанне ў ЕС на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласавалі б 35,9%, а супраць 36,9%, за аб'яднанне з РФ 29%, а супраць 42,9%, то ў снежні гэтыя суадносіны сталі 38,9% супраць 37,6% і 28,7% супраць 47,5% адпаведна".

У каментары інстытута гаворыцца, што, "магчыма, расійская падтрымка, дзякуючы якой з канца мінулага года і пачалася эканамічная стабілізацыя, стала выклікаць пытанні ў "масавага беларуса". Напрыклад, у снежні 47% рэспандэнтаў ведалі або "штосьці чулі" аб чарговым абвастрэнні беларуска-расійскіх адносінаў з-за экспарту Беларуссю нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў.

З іншага боку, адзначае НІСЭПД, хаця пра новую праграму Еўрасаюза "Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі" ведаюць або чулі значна менш людзей, іх колькасць паступова расце. Так, калі восенню іх было 20,9%, то ў снежні — 25,3%. Пры гэтым калі ў ходзе папярэдняга апытання 40,3% лічылі, што такая праграмы патрэбна Беларусі, то ўжо сёння — 48%.

Эксперты інстытута лічаць, што "еўрапеізацыя грамадскай думкі мае хутчэй прагматычны, чым каштоўнасны характар". На пытанне: "Якога роду дапамогу ў мадэрнізацыі Беларусі, на вашу думку, мог бы аказаць Еўрасаюз?" беларусы ў першую чаргу адказваюць "перадачу сучасных тэхналогій" і "выдзяленне крэдытаў" (42,2% і 36% адпаведна), а не "кансультацыйную дапамогу ў правядзенні рэформ" (28,4%).

"Іншым прыкладам такога ціхага пранікнення Еўропы служыць тэма малога прыгранічнага руху, — адзначае НІСЭПД. — Пра яе сёння ведаюць 37,7%, а падтрымліваюць амаль палова апытаных (прычым большая іх частка гатовы аказваць актыўную падтрымку ў яе прасоўванні)". "Верагодна, менавіта таму беларускія ўлады не спяшаюцца падпісваць адпаведныя пагадненні, што не застаецца незаўважаным грамадскай думкай, — гаворыцца ў каментары інстытута. — Так, на пытанне: "Як вы лічыце, чаму пагадненні аб "малым прыгранічным руху" з Літвой і Польшчай дагэтуль не набылі моц?" больш за ўсё рэспандэнтаў (22,7%) адказалі "беларускі бок перашкаджае гэтаму", а на віну іншага боку ("польскі і літоўскі бок перашкаджаюць гэтаму") указалі толькі 13%".
 

Андрэй Серада, БелаПАН