Ці здольны лічбавы актывізм прынесці перамены: вялікая дыскусія ў Мінску

У прасторы "Другі паверх" учора адбылася нечакана шматлікая і зацятая дыскусія аб лічбавым актывізме, самацэнзуры і інтэрнэт-бяспецы.

img_0572_2_logo.jpg


Арганізатарам выступіла праваабарончая арганізацыя "Human Constanta". На дыскусію, заяўленую як Beer-talk, прыйшло каля 60 чалавек: грамадскія актывісты, блогеры, журналісты, юрысты, праваабаронцы і проста цікаўныя. У якасці экспертаў на дыскусію былі пакліканыя Алесь Герасіменка: даследчык, выпускнік ЕГУ і лектар Вестмінстэрскай школы медыя, Святлана Гатальская — актывістка, заснавальніца шэрагу сацыяльна-прадпрымальніцкіх праектаў, каардынатарка ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка!» і Мікола Дзядок: блогер, журналіст Новага Часу, актывіст анархісцкага руху, які вядзе актывісцкі канал больш чым на тысячу чалавек.

Святлана Гатальская, Мікола Дзядок, Алесь Герасіменка

Святлана Гатальская, Мікола Дзядок, Алесь Герасіменка


Грунтам для размовы стала даследаванне Алеся Герасіменкі па выкарыстанні сацыяльных сетак для каардынацыі пратэстнай актыўнасці, якое ён і прэзентаваў напачатку дыскусіі. З даследавання вынікае, што ва ўмовах аўтарытарных краінаў найбольшы эфект даюць пратэсты, арганізаваныя дэцэнтралізавана з дапамогай сацыяльных медыя і месенджэраў, а адміністратары, часта ананімныя, пратэстных суполак набываюць у гэтых умовах даволі вялікую ўладу, у чымсьці замяняючы сабой традыцыйных лідараў.

Фота Юліі Сакалоўскай

Фота Юліі Сакалоўскай


03_20.jpeg

Фота Юліі Сакалоўскай
Асноўныя спрэчкі разгарэліся вакол двух пунктаў: ці можна лічыць лічбавы актывізм актывізмам, а таксама дзе палягае мяжа самацэнзуры юзераў ва ўмовах, калі за пасты ў сацсетках можна атрымаць рэальнае пакаранне? Мікола Дзядок лічыў, што лічбавага актывізму як такога ўвогуле не існуе: актывізмам можна назваць толькі рэальныя дзеянні ў афлайне, і нельга ставіць на адну дошку кляцканне мышкай і пратэсты на вуліцах. Іншыя ўдзельнікі лічылі, што ўсе дзеянні, што датычныя грамадскага жыцця можна назваць актывізмам. Размова ж пра самацэнзуру плаўна перацякла ў разважанні аб тым, як прадумываць наступствы сваіх палітычных дзеянняў, ведаючы, што ты за іх можаш быць пакараны.
Блогер "Шэры Кот" вёў стрым з івенту


Аб тым, навошта нам патрэбныя такія семінары і што агульнага ў лічбавага актывізму з праваабаронай, НЧ распавяла праваабаронца, удзельніца Human Constanta Яна Ганчарова.

66388530_394242287881908_672705772496355328_n.jpg


Яна Ганчарова. Фота з асабістага архіву.

— Як увогуле з'явілася ідэя правесці падобнае мерапрыемства?
— Да нас звярнуўся Алесь, які праводзіў даследаванне. Пару год таму ён апытваў мяне ў рамках гэтага даследавання. І таму ён напісаў нам, як арганізацыі, якая займаецца лічбавымі правамі, з тым каб арганізаваць прэзентацыю высноваў і парадаў для актывістаў.
— Якое было чаканне ад мерапрыемстваў?
— Мы хацелі сабраць людзей і паразмаўляць з імі, і зрабіць гэта ў фармаце размовы, а не прэзентацыі, каб актывісты, якія гэтым займаюцца, таксама маглі выказаць сваё меркаванне. Гэта было важна і для Алеся ў ягоных даследчыцкіх мэтах, каб даведацца, ці згодныя актывісты з тым, што ён надаследваў, а таксама даведацца кропкі росту. І гэтыя чаканні цалкам спраўдзіліся.
— А як гэтая тэма суадносіцца з праваабаронай, якой займаецца Human Constanta.
— Адна з тэмаў, з якімі працуе Human Constanta, гэта лічбавыя свабоды. То-бок,усё, што так ці інакш закранае нашыя правы і свабоды ў інтэрнэце. І лічбавы актывізм з гэтым наўпрост звязаны: людзей саджаюць за рэпосты, на іх заводзяць крымінальныя справы за тое, што яны робяць у інтэрнэце. І адна з тэмаў, з якой мы працуем, гэта лічбавы актывізм, тым больш, што ніхто глыбока і сур'ёзна гэтай тэмай у Беларусі не займаецца.
— Што стала найбольшай нечаканасцю для вас сёння на мерапрыемстве?
— Нечаканай стала вялізная колькасць людзей. Больш за 50 чалавек, і гэта хаця лета, вечар, ліпень... І прыйшло вельмі шмат людзей "не з тусоўкі", людзей, якіх мы не ведаем. Гэта значыць, што ёсць цікаўнасць: слухаць і размаўляць аб гэтым. І людзям-актывістам цікава ведаць, як дзейнічаць больш цікава ў лічбавай сферы.
— Будзеце яшчэ праводзіць аналагічныя мерапрыемствы?
— Так, мы будзем болей рабіць у фармаце размовы, таму што фармат "гаварашчай галавы", як мы лічым, ужо састаравае: трэба болей размаўляць з аўдыторыяй. Таму, так, вядома, будзем праводзіць. Напрыклад 1 лютага будзе наш традыцыйны Privacy day, дзе мы будзем абмяркоўваць лічбавыя правы, актывізм, прыватнасць і ўсялякае такое!