Чаму квітнее карупцыя?
Апошнім часам у бясконцы серыял па барацьбе Аляксандра Лукашэнкі з карупцыяй дадаюцца ўсё новыя серыі
Яшчэ 15 лютага кіраўнік дзяржавы вызваліў ад пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко з вельмі знамянальнай фармулёўкай: за «непрыняцце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях». Паведамлялася, што КДБ затрымаў 12 работнікаў міністэрства лясной гаспадаркі і двух прадпрымальнікаў, якія пад выглядам таннай драўніны прадавалі за мяжу прадукцыю высокай якасці. Таксама затрыманы за хабар дырэктар сталічнага Палаца спорту Сяргей Прановіч.
Зусім нядаўна быў арыштаваны памочнік кіраўніка дзяржавы Сяргей Раўнейка, які спрабаваў атрымаць хабар у $200 тысяч. Днямі Лукашэнка праанансаваў новыя гучныя карупцыйныя справы. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык пацвердзіў, што затрымана некалькі службовых асоб высокага ўзроўню, адзін з якіх браў хабар у $140 тысяч. У пачатку траўня быў адпраўлены ў адстаўку міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык з фармулёўкай «за садзейнічанне незаконнаму сямейнаму бізнесу».
Паводле паведамлення прэс-службы Генпракуратуры, колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў у 2018 годзе павялічылася: «За 3 месяцы гэтага года ў Беларусі адбыліся амаль 700 карупцыйных злачынстваў. Гэта ў два разы больш, чым за такі ж перыяд 2017 года». Колькасць хабараў узрасла больш чым удвая. Амаль раз на тыдзень прыходзяць паведамленні пра чарговыя затрыманні, крымінальныя справы. Карупцыя закранула ўсе сферы грамадскага жыцця. Ствараецца ўражанне, што ў высокіх чыноўнікаў сарвала нейкія тармазы, і яны паводзяць сябе як «у апошні дзень Пампеі».
Мы ўсе памятаем, як Лукашэнка зрабіў ідэю барацьбы з карупцыяй сцягам сваёй прэзідэнцкай кампаніі 1994 года: ён абяцаў адсекчы гэтай гідры галаву, разграміць мафіёзныя кланы. Вобраз непрымірымага змагара з карупцыяй стаў візітоўкай беларускага правадыра. Ён шмат разоў пераконваў расійскіх журналістаў у тым, што ў нас, у адрозненне ад Расіі, няма такой маштабнай карупцыі, таму што, маўляў, сам не краду і чыноўнікам спуску не даю. Падчас паездкі ў Слуцк у лютым гэтага года Лукашэнка заявіў: «З першых прэзідэнцкіх выбараў я выразна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа».
Але прыведзеныя вышэй факты сведчаць пра крах усёй палітыкі барацьбы з карупцыяй. Як вядома, хабарніцтва — сусветная праблема. Сродкі барацьбы з ёй у свеце вядомыя. Гэта змяншэнне ролі дзяржавы ў эканамічным, сацыяльных, грамадскім жыцці. Гэта кантроль за ўладай з боку грамадства. Гэта моцная апазіцыя, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, якія сочаць за кожным крокам чыноўнікаў. Гэта прававая дзяржава ў выглядзе вяршэнства закону, незалежнага суду. Але нічога гэтага ў Беларусі няма.
Калі пасля 24 гадоў упартай і непрымірымай барацьбы з карупцыяй аказваецца, што яна, наадварот, квітнее і ўзмацняецца, гэта азначае толькі адно: сама беларуская мадэль прадукуе карупцыйныя працэсы. Бо сістэма, у якой дзяржава (то бок чыноўнікі) кантралююць усе сферы грамадскага жыцця, а ў эканоміцы цалкам дамінуе дзяржуласнасць, з’яўляецца ідэальнай для карупцыі. Гэта спараджае празмерную зарэгуляванасць усіх сацыяльных працэсаў. Не парушаючы правілы і інструкцыі, працаваць вельмі цяжка (калі наогул магчыма). У выніку многія віды дзейнасці, якія ў свеце з’яўляюцца легальнымі, законнымі, у Беларусі крыміналізаваныя.
Інакш кажучы, калі ў большасці краін свету адбываецца рынкавае самарэгуляванне сацыяльна-эканамічных працэсаў, то ў Беларусі ўсё рэгулюе чыноўнік. Вялікая ўлада бюракратыі ў закрытай, непразрыстай сістэме, дзе любая інфармацыя абвяшчаецца сакрэтнай, пры адсутнасці вяршэнства закону, вядзе да таго, што карупцыя ў такой краіне запраграмаваная, закладзеная ў ёй генетычна. Бо кантроль з боку грамадства за чыноўнікамі не можа быць заменены кантролем за імі з боку кіраўніка дзяржавы. Нават калі апошні шчыра зацікаўлены ў перамозе над гэтым злом.
Звернем увагу на маральны бок справы. Варта адзначыць, што ў савецкія часы беларуская наменклатура была самай сумленнай у СССР. У тым сэнсе, што яна шчыра верыла ў афіцыйную ідэалогію і спрабавала добрасумленна рэалізаваць яе пастулаты ў рэспубліцы. Тут не было такой карупцыі, як у Сярэдняй Азіі, Закаўказзі, Маскве ці Краснадары. Госці, якія прыязджалі сюды, са здзіўленнем казалі: у вас тут сапраўды існуе «савецкая ўлада». У пэўным сэнсе ў свядомасці партыйнай, дзяржаўнай, гаспадарчай наменклатуры прысутнічала місія служэння ці то народу, ці партыі, ці нейкай вялікай ідэі.
У пацвярджэнне гэтай версіі сведчыць той факт, што беларуская кіроўная эліта ў пачатку 1990-х гадоў так і не наважылася хутка правесці наменклатурную прыватызацыю, хоць і мела такую магчымасць, бо ў яе была ўся ўлада. Хоць Лукашэнка любіў разважаць пра існаваўшую тады ўсеагульную, усёабдымную карупцыю, мафію, але насамрэч асноўныя эканамічныя рэсурсы захаваліся ў руках дзяржавы.
Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі створаная ім сацыяльная мадэль напачатку дэманстравала пэўны поспех. Што дало падставу кіраўніку казаць пра перавагу беларускага эканамічнага і палітычнага ладу. Маўляў, мы не разрабавалі народнае багацце, як ва Украіне ці Расіі, Беларусь — эканамічны тыгр Усходняй Еўропы, мы ўпершыню ў свеце будуем «дзяржаву для народа» і іншае. І гэта адпаведным чынам уплывала на псіхалогію чыноўнікаў. Місія служэння часткова вярнулася ў наменклатурнае асяроддзе.
Але калі беларуская сацыяльная мадэль уступіла ў стадыю крызісу, то ўсё паступова пачало мяняцца. Прычым, маштаб праблем чыноўнікам больш бачны, чым звычайнаму абывацелю. Дэградацыі лукашэнкаўскай сістэмы спадарожнічае маральная дэградацыя кіроўнай эліты. Калі ўсё валіцца — ад эканомікі да хакея, — які сэнс у місіі служэння? Адна справа — служыць краіне, і зусім іншая — служыць гаспадару. Матывацыя крыху іншая.
Сітуацыя нагадвае тую, якая была ў апошні час існавання савецкай сістэмы. Чыноўнікі разважалі, што калі сістэма, якой служылі, развальваецца, то варта падумаць пра сябе. І тады ў СССР былыя партыйныя функцыянеры хутка канвертавалі ўладу ў багацце.
У 1990-я гады, пакуль рынкавыя адносіны былі неразвітыя, у Беларусі, у адрозненне ад Расіі і Украіны, не было сваіх алігархаў, існавала большая сацыяльная роўнасць. А за апошнія 10–15 гадоў вырас клас беларускіх мільянераў, якія сваім ладам жыцця спакушаюць чыноўнікаў. І тыя прывілеі, якія ім дае Лукашэнка (катэджы ў Драздах і іншых наменклатурны пасёлках), чыноўнікаў ужо не задавальняюць. Яны пачынаюць думаць: а чым я горш за Чыжа ці Шакуціна?
Акрамя таго, паводзіны самога Лукашэнкі, які заклікае ўсіх да сціпласці і служэння дзяржаве, не з’яўляюцца добрым прыкладам. Задавальненне любога капрызу за дзяржаўны кошт, ад 12 рэзідэнцый да правядзення штогадовага міжнароднага хакейнага турніру імя самога сябе, разбэшчвае чыноўнікаў больш, чым што іншае.
Як вядома, рыба гніе з галавы. Бо як толькі гаворка заходзіць пра карупцыю, адразу ўзнікае пытанне: за які кошт вышэйшыя чыноўнікі пабудавалі дарагія катэджы ў Драздах, Вяснянцы і іншых падобных пасёлках?
Таму карупцыя і квітнее. Паводле маіх падлікаў, у Беларусі існуе цэлых 9 (дзевяць!) дзяржаўных органаў з правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. І не спраўляюцца.
Акрамя таго, барацьба з карупцыяй, якую пастаянна ажыццяўляе Лукашэнка, з’яўляецца сродкам кантролю над наменклатурай, дзеля ўтрымання яе на кароткім ланцужку. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму сіла і аўтарытэт вярхоўнага кіраўніка ў чыноўніцкім асяродку ў значнай ступені вызначаецца узроўнем рэпрэсіўных акцый супраць кіруючай эліты. Без іх бюракратыя выйдзе з-пад кантролю і ператворыцца ў самастойную палітычную сілу з уласнымі інтарэсамі, якая дзейнічае аўтаномна ад «бацькі», і нават дыктуе яму сваю волю. Так было ў СССР у часы Брэжнева і збольшага ўжо ў незалежнай Беларусі ў перыяд праўлення Кебіча. Прычым, кампанію чыстак трэба ладзіць перыядычна, каб кожны чыноўнік увесь час адчуваў дамоклаў меч над галавой. Таму ўсе чыноўнікі і гаспадарчыя кіраўнікі працуюць ва ўмовах перманентных рэпрэсій з боку кантралюючых органаў.
Таксама барацьба з карупцыяй з’яўляецца бяспройгрышнай тэмай для электарату ў любыя часы. Народ не любіць начальнікаў, і гатовы пляскаць у ладкі, калі іх б’юць. Схема «цар добры, баяры дрэнныя» працягвае працаваць.
Таму ў доўгай барацьбе Лукашэнкі з карупцыяй перамог мацнейшы. То бок, карупцыя.