Чаму сёння важна чытаць кнігу «Вузкі калідор» і прыслухацца да філосафа Мацкевіча
Дарон Аджэмоглу з калегам Джэймсам Робінсанам працягнулі палітэканамічны і антрапалагічны аналіз розных краін і ў сваёй кнізе «Вузкі калідор» (2019), дзе прапанавалі новы-стары рэцэпт, як могуць адначасова існаваць моцная дзяржава і моцнае грамадства, і як вынік — «краіна для жыцця».
Працягваю серыю аглядаў кніг з сацыяльным і палітычным зместам на злобу дня. У час, калі ўжо мы жывём не як раней, але яшчэ не як хочацца, паўстае шмат пытанняў. Я шчыра веру, што з кніг можна атрымаць шмат адказаў — у тым ліку і на актуальнае сёння «Што рабіць?».
Дарон Аджэмоглу з калегам Джэймсам Робінсанам працягнулі палітэканамічны і антрапалагічны аналіз розных краін і ў сваёй кнізе «Вузкі калідор» (2019), дзе прапанавалі новы-стары рэцэпт, як могуць адначасова існаваць моцная дзяржава і моцнае грамадства, і як вынік — «краіна для жыцця».
Райскі куток — месца, дзе і грамадства мае «стальныя яйкі» і дзяржава пастаянна прэтэндуе на новыя сферы ўплыву сярод людзей праз новыя і патрэбныя сэрвісы. Усё гэта працуе ва ўзаемадзеянні і здаровай канкурэнцыі.
Насамрэч такое стваральнае сужыхарства — нячастая з’ява ні на Захадзе, ні на Усходзе. І свабода, якая ўзнікае ў «вузкім калідоры» паміж моцнай дзяржавай і развітым грамадствам, — гэта насамрэч вельмі карпатлівая праца і калектыўная творчасць часам цэлых пакаленняў.
Часцей у гісторыі чалавецтва грамадствы самі гублялі, не хацелі, адмаўляліся (!) ад сваёй свабоды і аддаваліся ва ўладу дэспатычных кіраўнікоў. А магла і сама дзяржава, з усімі сваімі інстытутамі, разбурыцца — і наступалі хаос або заклятае кола стабільнасці «раскіданых плямёнаў», скаванае «клеткай норм», дзе «ні сабе, ні іншым».
Аўтары «Вузкага калідору» для лепшага разумення гэтага насамрэч вялікага і ўсеахопнага даследавання ўвялі свой слоўнік і свае тэрміны з даволі простымі для запамінання назвамі. Таму кнігу можна чытаць без вялікага «парогу ўваходу».
Зараз трэба прыадкрыць змест тэрмінаў «вузкі калідор», «скаваны левіяфан», «чырвоная каралева», «клетка норм». Гэтыя словы ствараюць смачны наратыў, які штурхае чытаць сапраўды эпік-даследаванне, на больш за 650 старонак, да канца.
Дэспатычны Левіяфан
Левіяфан у кнізе, згодна з Аджэмоглу і яго калегам, — гэта працяг Гобсаўскай традыцыі называць так дзяржаву: жывёлінай (монстрам?), якая стрымлівае вайну ўсіх супраць усіх (хаосу).
Аўтары асабліва падкрэсліваюць дзве ўласцівасці такога левіяфана: яго дэспатычную прыроду і пастаяннае жаданне дамінаваць. Вось такая хатняя жывёліна наканавана пастаянна жыць з кожным грамадствам, якое саспела для ўтварэння сваёй дзяржаўнасці.
Як толькі грамадства расслабляецца, гэты левіяфан пачынае забіраць свабоды грамадства і становіцца бацькам-дэспатам. Гэты дэспат бессаромна «піліць сук, на якім сядзіць»: прэсуе сваё насельніцтва праз прымусовае перавыхаванне («суды-тройкі», гулагі, канцлагеры, турмы, фізічнае знішчэнне — палітычныя забойствы), бязбожную эксплуатацыю (абкладанне непасільнымі падаткамі), у тым ліку праз кантроль над прыватным жыццём (ледзь не да пытанняў, хто з кім мусіць спаць). Апошняе ў гісторыі таксама здаралася: напрыклад, Імперыя Шакі Зулу, дзе кантраляваліся шлюбныя адносіны самім кіраўніком-дэспатам. Падсумую: такі вось Левіяфан можа даволі доўгі час гэтак бессаромна існаваць. Вельмі знаёма, праўда?
Клетка норм
Вядома, калі дзяржава адсутнічае наогул (ў кнізе — «адсутны левіяфан»), наступае іншая крайнасць. Грамадства рассыпаецца на аўтанамізаваныя і атамізаваныя супольнасці, і калі тыя не варагуюць паміж сабой адкрыта, дык яны ўнутры сябе ствараюць набор норм, напачатку вельмі патрэбных, але з часам з гэтымі нормамі невыносна жыць. Чаму?
Нормы забяспечваюць «статус кво», нікому ніяк нельга выдзеліцца. Стварыць нейкую навацыю (і сацыяльную ў тым ліку) ці прапанаваць пачазарговыя выбары замест састрэлага і рыгіднага да новых веянняў важака ці шамана племені адначасова, ці наогул аб’яднаць высілкі, каб пабудаваць нарэшце грэблю праз балота — гэта пад забаронай. Так жылі шматлікія плямёны Еўропы, Амерыкі, Афрыкі і Акіяніі. Пакуль не з’явіліся ці да іх не прыйшлі пасіянарныя людзі, якія пачалі ствараць дзяржавы.
«Эфект чырвонай каралевы»
Але аўтары не губляюць аптымізму і прыводзяць прыклады, як розныя грамадствы паціху-паціху ўтаймоўваюць, бяруць пад кантроль свайго левіяфана — і наступае той самы крохкі баланс — «вузкі калідор».
Сама дзяржава пастаянна імкнецца, як звышклапатлівыя бацькі, неяк «дапамагчы» свайму грамадству-дзіцяці. Яна аказвае (часта) патрэбныя паслугі, дзе само грамадства яшчэ не здольнае вырашаць. Ці стварае ўмовы, каб толькі сама дзяржава манапольна магла займацца такой «апекай» — і як вынік мікраменеджмэнтам грамадзян. Даросламу грамадству такая мадэль рэдка падабаецца.
Таму грамадства мабілізуецца і выпрацоўвае набор стрымліванняў і супрацьваг у структуры самой дзяржавы, ды і само пастаянна падтрымлівае пэўны ўзровень мабілізацыі, каб сваю свабоду (эмансіпацыю) перад бацькамі адстаяць.
Мы памятаем, што левіяфан — гэта жывёліна, якая з грамадствам назаўжды, таму гэты ўзровень мабілізацыі мусіць быць прадстаўлены вельмі разнастайнымі формамі і інстытутамі пастаянна.
Якія гэта могуць быць інструменты: дэкларатыўныя дакументы (напрыклад, Magna Carta), падпісаныя максімальнай колькасцю зацікаўленых (!) грамадзян, петыцыі, абіранне шэрыфаў, суддзяў, стварэнне асацыяцый і асамблей, гільдый, самакіравання па эканамічных, мясцовых ці прафесійных інтарэсах, маніфестацыі, забастоўкі, развіццё грамадскіх медыя, нарэшце, стварэнне грамадскіх армій, міліцыіі і іншыя спосабы, якія культывуюць салідарнасць і давер у грамадстве. Падкрэслю: не ў дзяржаве, а ў грамадстве.
Карацей, дарослае грамадства не чакае, пакуль настане «афіцыйнае паўналецце», а бярэцца за набыццё сваёй вольнасці (свабоды) па меры сталення і ўсведамлення сваіх правоў. Вось гэтыя гонкі паміж дзяржавай і грамадствам аўтары кнігі назвалі «эфектам чырвонай каралевы».
Насамрэч аўтары паказваюць, што гэты эфект, які прыводзіць у «вузкі калідор» свабоды, — гэта парытэтная барацьба паміж дзвюма іерархіямі: палітычнай (дзяржавай) і сацыяльнай (нормамі). Лом на лом.
Нулявы вынік
Часта гонкі паміж дзяржавай і грамадствам могуць завяршацца нулявым вынікам. Чаму?
Таму што грамадства ў зручны час не змагло ці не захацела ўтварыць празрыстыя правілы (законы) для існавання свайго левіяфана — закаваць ці скаваць яго. Грамадства не паклапацілася пра інстытуалізацыю (!) сваіх дасягненняў і, як вынік, дэзінтэгравалася зноў.
Гэта значыць, павінны быць створаныя і ўстановы, і зборы правілаў, якія б, з аднаго боку, аб’ядноўвалі грамадзян (трымалі ўзровень мабілізацыі), з другога — прымушалі левіяфана жыць па правілах і выконваць калектыўную волю грамадства, то-бок пастаянна скоўвалі яго ці хаця б абмяжоўвалі яго дэспатычны нораў.
Аўтары Аджэмоглу і Робінсан, асабліва ў канцы свайго даследавання, часта звяртаюцца да паняцця інстытуалізацыі. Калі мы гаворым пра інстытут, мы адказваем на пытанне «Што, як, і якім чынам мусіць вырашацца на працягу доўгага часу?».
Чацвёртая Рэспубліка
Вось тут і паўстае імя беларускага філосафа і метадолага Мацкевіча, які, дарэчы, зараз знаходзіцца ў палоне нашага дэспатычнага левіяфана.
Чаму Уладзімір Мацкевіч трапляе ў мой агляд кнігі «Вузкі калідор»? Ён доўгі час спрабуе па-свойму і даволі глыбока адрэфлексаваць стан, у якім мы як грамадства знаходзімся і ў апошні год, і ў дзесяцігоддзі, а таксама і робіць прапанову, якая добра сугучная з думкамі аўтараў кнігі «Вузкі калідор».
Ён прапануе перазаснаваць краіну — Чацвёртую Рэспубліку. Іншымі словамі, філосаф прапануе актыўнаму грамадству абнуліць старога левіяфана і завесці новую «хатнюю жывёліну». Важна тое, што Мацкевіч, называе «інстытутам / спосабам / органам / працэсам», які павінен гэта зрабіць.
На яго думку, найбольш адпаведным інструментам для заснавання новай дзяржавы мусіць быць Устаноўчы сход. Устаноўчы сход — гэта той самы часовы інстытут (працэс), які мусіць стаць мастком, месцам усталявання празрыстых і прадказальных адносін паміж левіяфанам і грамадствам для Новай Беларусі.
Устаноўчы сход мусіць аб’яднаць і мабілізаваць грамадства і таксама даць магчымасць здаровым часткам левіяфана развівацца. Бо левіяфану таксама патрэбная энергія маладых і творчых людзей.
Вядома, прыйсці да Устаноўчага сходу няпроста. Але ўсё ж гэтая ідэя вельмі прыцягальная і нараджае надзею, што можна ўключыць беларусаў, збудаваць нейкі алгарытм выхаду з палітычнага і гуманітарнага крызісу, дасягнуўшы «эфекту чырвонай каралевы».