Дэпутатка Алена Анісім прапануе рыхтаваць законапраекты на дзвюх мовах — беларускай і рускай
Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ), які адказвае за афіцыйную публікацыю нарматыўна-прававых актаў, гатовы публікаваць дакументы адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах, калі яны адразу будуць прымацца парламантам у двух варыянтах — на беларускай і рускай.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на дырэктара НЦПІ Яўгена Каваленку, які 18 студзеня выступіў на семінары ў Палаце прадстаўнікоў і адказаў на пытанне дэпутаткі Алены Анісім пра магчымасць адначасовага апублікавання тэкстаў дакументаў таксама і на беларускай мове.
Каваленка растлумачыў, што, у адпаведнасці з дзейным законам «Аб нарматыўна-прававых актах», апублікаванне ажыццяўляецца на той мове, на якой нарматыўны акт прыняты.
«Трэба разумець, што сам па сабе нарматыўна-прававы акт не ўзнікае ў нейкі момант, гэта не чараўніцтва, а працяглы працэс падрыхтоўкі, выпрацоўкі канчатковай рэдакцыі, узгаднення з зацікаўленымі. Таму ўключэнне двухмоўя ў нарматворчы працэс — гэта комплексная і вельмі працяглая працэдура. Казаць пра тое, што ў пэўны момант з'явіцца рэдакцыя на іншай мове, праблематычна. Калі весці гаворку пра тое, што дакумент будзе рыхтавацца на нейкай канкрэтнай мове, то трэба ставіць гэтае пытанне з моманту пачатку яго падрыхтоўкі», — растлумачыў дырэктар цэнтру.
Алена Анісім сказала, што лічыць неабходным распрацаваць такі механізм прыняцця закону Нацыянальным сходам, які гарантаваў бы з'яўленне беларускамоўнай версіі кожнага законапраекту да моманту разгляду яго ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў.
«У свеце існуе шмат краін, у якіх некалькі дзяржаўных моў, і пытанняў апублікавання законаў на ўсіх мовах не існуе», — адзначыла яна.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што ён разгледзеў атрыманы раней ад Анісім зварот з гэтай нагоды і даручыў кіраўнікам парламенцкіх камісіяў прапрацаваць пытанне падрыхтоўкі законапраектаў адразу на дзвюх мовах.
Паводле baj.by