Еўрапейскі саюз працягнуў санкцыі супраць Беларусі

Такое рашэнне прынялі міністры замежных спраў 27 краін на сустрэчы ў Бруселі.

d0096ec6c83575373e3a21d129ff8fef1433887080.jpg


Абмежаванні ўключаюць у сябе эмбарга на зброю і тэхніку, якая можа выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў, а таксама датычаць чатырох чалавек з атачэння беларускага кіраўніка.
Дыпламатычныя санкцыі супраць большасці беларускіх палітыкаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, былі зняты ў 2016 годзе. Тады 170 чалавек былі выдаленыя з чорнага спісу, але 4 асобы засталіся.
Падаўжэнне санкцый азначае, што да 28 лютага наступнага года чатыром асобам з чорнага спісу, якія падазраюцца ў пераследзе палітычных апанентаў, будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і будуць заблакаваныя іх актывы ў еўрапейскіх банках.
Што тычацца эмбарга на ўзбраенне, тры гады таму былі ўведзены льготы, якія дазвалялі экспартаваць у Беларусь біятлонныя стрэльбы, абмежаваную колькасць спартыўных вінтовак і пісталетаў. Аднак кожны раз краіны ЕС павінны даць дазвол на продаж.
У сваю чаргу беларускае Міністэрства замежных спраў заявіла, што расчараванае рашэннем Рады ЕС.
«Лічым,  гэтыя абмежаванні беспадстаўнымі перажыткамі мінулага і праявай палітычнай інэрцыі ў падыходах Еўрасаюза да выбудоўвання дыялогу з Беларуссю. Бо відавочна, што за апошнія гады ў беларуска-еўрапейскіх адносінах дасягнута значна больш, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе санкцый. Упэўненыя, што і ў самім ЕС усведамляюць, што рытуальнае падаўжэнне абмежавальных мер супраць Беларусі не прыводзіць ні да якіх станоўчых вынікаў», — заявіла ведамства.
МЗС РБ заклікала Еўрасаюз да «адмовы ад санкцыйных клішэ, якія толькі перашкаджаюць нармальнаму дыялогу і супрацоўніцтва як па двухбаковых пытаннях, так і па пераадоленні агульных выклікаў у нашым рэгіёне. Нязменна імкнемся да пабудовы паўнавартасных добрасуседскіх і партнёрскіх адносін з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку па адчувальных тэмах».
Еўрасаюз упершыню ўвёў санкцыі супраць Беларусі ў 2004 годзе, якія пазней былі пашыраныя ды ўзмоцненыя. Пасля расейскай агрэсіі ва Украіне беларускі кіраўнік пачаў рабіць прымірэнчыя жэсты супраць Захаду, Еўразвяз прыняў рашэнне адмяніць часткова абмежаванні.
Тады загучалі крытычныя галасы, што рашэнне было заўчасным і пазбавіла Захад магчымасці ціснуць на Беларусь у справе дэмакратычных рэформаў.