Год 1992: страчаныя магчымасці

Адным з самых папулярных сродкаў забыцца пра крызіс у 1992 годзе быў прагляд серыялу «Багатыя таксама плачуць». Прэм’ера серыялу адбылася яшчэ ў лістападзе 1991-га.

kebicz.jpg

Вячаслаў Кебіч


Падчас трансляцыі (спачатку фільм паказвалі па нядзелях, затым па аўтарках—чацвяргах) грамадскае жыццё амаль замірала. Так, на шацкім механічным заводзе падчас трансляцыі з цэхаў збягаў кожны трэці. Для заспакаення рамантычных пралетарыяў прадпрыемства набыло відэамагнітафон, каб пасля змены паказваць серыял у запісе. Спачуванні на адрас герояў меладрамы адбіваліся не толькі на паказніках вытворчасці. Урач салігорскай бальніцы Л. Іванова ў інтэрв’ю “Народнай газеце сцвярджала, што “на глебе Марыяны і Луіса Альберта абвастраюцца розныя балячкі. Колькасць хворых вырасла ад аддзяленняў кардыялогіі да хірургіі.
Але быў і пазітыў. Як пісала маскоўская газета “Новый Взгляд, «калі ГЭТА (серыял) пачынаецца, у былым саўку на гадзіну прыпыняюцца бітвы. Нацыянальныя гвардзейцы ўсіх колераў пакідаюць пазіцыі, прэзідэнты кідаюць бойкі на сякерах…
У Беларусі за лаўры міратворца з Веронікай Кастра мог паспрачацца выключна Станіслаў Шушкевіч. Шушкевіч у гэты час — галоўны мадэратар у клубе лідараў СНД. Дзякуючы яму мірна разводзяцца Кіеў і Масква, ствараецца каркас СНД. Як сведчанне выбітнай ролі Беларусі ў стварэнні інстытутаў СНД, сталіцай Садружнасці становіцца Мінск. Пры гэтым усе бакі аддаюць належнае дыпламатычным якасцям Станіслава Станіслававіча. У лютым 1992 года Леанід Краўчук выказаў упэўненасць, што абранне Шушкевіча на пасаду прэзідэнта РБ — справа тэхнікі. Народ таксама быў удзячны старшыні ВС за мірнае неба. У лютым рэйтынг папулярнасці спікера дасягнуў астранамічнай па тым часе лічбы — 52 працэнта.
Праўда, на гэтай вышыні ён утрымаўся нядоўга. Калі сітуацыя ў СНД больш-менш “устаканілася і на першае месца выйшлі ўнутраныя праблемы, аказалася, што спікер паўтарае антырынкавыя і прарасійскія мантры Кебіча. У снежні папулярнасць старшыні Вярхоўнага Савета ўпала да 15 працэнтаў.
Вера суседзяў у магчымасці беларускай дыпламатыі на гэтым не спынілася. Увесну 1992 года пайшлі чуткі пра хуткую адпраўку нашых вайскоўцаў у ахоплены вайной Прыднястроўскі рэгіён, дзе яны павінны былі развесці малдаўскае і прыднястроўскае апалчэнні. Пазней беларускае МЗС назвала такія заявы інсінуацыямі.
Хаця на Днестр жаўнеры не адправіліся, шматлікія лакальныя канфлікты, якія ўзніклі на руінах СССР і ўсяго Усходняга блоку, нас не абмінулі. Так, у студзені па газетах і казармах прайшла чутка, што хутка ў Кіеве адбудзецца запіс наёмнікаў у харвацкую армію. “Дзікім гусям абяцалі фантастычныя заробкі — па тысячы нямецкіх марак. Шмат жадаючых пазмагацца за харвацкую незалежнасць адправілася ў Кіеў, але ніякіх вярбоўшчыкаў там не знайшлі.
У тыя ж дні на поўным сур’ёзе агенцтва “РИД інфармавала карабахскіх баявікоў (іх напярэдадні быццам нехта бачыў у Беларусі) наконт таго, што тэхніка на ваеннай пляцоўцы мінскага музея Вялікай Айчыннай вайны не можа быць выкарыстана ў баявых мэтах і таму выкрадаць яе бессэнсоўна. Парадаксальна, што, нягледзячы на вайну ў Абхазіі, улетку таго года на цягнік Мінск — Сухумі за нумарам 38, як заўсёды, не магчыма было дастаць білетаў.
Што тычыцца палітыкі, то палітычны сезон 1992 года прайшоў пад знакам рэферэндуму аб роспуску ВС і правядзенні датэрміновых выбараў. Яшчэ ў снежні 1991 года плебісцыт ініцыявалі БНФ і шэраг ідэйна блізкіх да яго структур. У атмасферы грамадскага шоку ад навагодняй лібералізацыі цэн знайсці незадаволеных уладай было няцяжка. У выніку зборшчыкі подпісаў нават перабралі планку: замест 350 тысяч здалі 440 тысяч подпісаў. 11 мая ЦВК прыняла паперы, спраўдзіла іх і перадала іх у ВС, які павінен быў вынесці канчатковы вердыкт.
Здаецца, з самага пачатку парламент і ўрад не збіраліся прызначаць усеагульнае галасаванне. Інакш задоўга да восеньскай сесіі парламенту, якая мусіла вызначыцца з рэферэндумам, у прэсе не пачалася б кампанія супраць гэтага. Раскручвалася ідэя пра тое, што ў выніку рэферэндуму можа ўзнікнуць вакуум улады, паколькі выбаршчыкі вельмі апатычныя, і новы ВС не могуць проста адразу абраць. Прэм’ер казаў пра тое, што суседзі вельмі занепакоеныя рэферэндумам з-за магчымай дэстабілізацыі і таму ўстрымліваюцца ад інвестыцый. Людзей пужалі шматмільённымі сумамі грошай, якія спатрэбяцца на правядзенне ўсенароднага апытання.Кампанія супраць рэферэндуму паступова пачала пераходзіць у кампанію супраць яго галоўнага ініцыятара — БНФ і набываць ідэйныя рысы. Урад усё больш выкарыстоўваў антырынкавую рыторыку, казаў пра сацыяльную арыентацыю эканомікі. Крытыкаваўся нацыяналізм, адначасова вялікае значэнне надавалася сяброўству з Расіяй. Гэтая кампанія супраць БНФ працягвалася нават пасля таго, як тэма рэферэндуму згубіла актуальнае гучанне. У снежні КДБ раскрыў цэлую змову паміж ЦРУ і БНФ, якіх выстаўлялі ў прэсе як “агентаў уплыву. Падставай стаў удзел шэрагу фронтаўцаў у нейкім абсалютна дзяжурным семінары Фонду Крыбса.


Увогуле, чытаючы тагачасныя выступы і інтэрв’ю міністраў, складаецца такое ўражанне, што ўсе формулы канцэпцыі т.зв. стабільнай дзяржавы былі вынайдзеныя задоўга да Лукашэнкі. Да таго ж словы Кебіча не разыходзіліся са справамі. У тым жа годзе была прыпыненая прыватызацыя. Дамова з Расіяй аб танных энерганосьбітах на наступны год разглядалася як вялікае дасягненне ўраду. Кебіч, як і Лукашэнка праз дзесяць гадоў, марыў пра арэнду нафтавых пляцовак у Сібіры.
Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што такі курс кабінету цалкам адпавядаў трэндам масавых настрояў. 1992 год — гэта год калектыўнага краху ілюзій наконт рынку. Адсюль настальгія па Саўку. У красавіку сацыялагічны цэнтр БДУ правёў даследаванне, адпаведная якому большасць беларусаў лічыла перабудову памылкай, хаця пры гэтым і называла камуністычную сістэму злачыннай. Адпаведна дадзеным НІСЭПД, у кастрычніку 47 працэнтаў насельніцтва выступалі за аднаўленне СССР, супраць — 22, не ведалі, што казаць, — 29,5.
У сваю чаргу, Народны Фронт у той час робіць шэраг іміджавых памылак. Улетку нацыянал-дэмакраты ўцягваюцца ў не вельмі зразумелыя простым грамадзянам культуралагічныя войны. Напрыклад, сябры камісіі БНФ па культуры выказалі занепакоенасць наконт афармлення пашпартоў. Яны запатрабавалі, каб прозвішчы афармляліся адпаведна народнай традыцыі, напрыклад, Данілавіч Алесь Міхайлаў сын або Таяноўская Вольга Петрусёва дачка.
Іх апаненты з лагеру рускіх шавіністаў адказвалі не менш забаўна. Так, адзін з панславістаў казаў, што не здольны вывучыць беларускую мову, паколькі яго арганізм аслаблены чарнобыльскай радыяцыяй. Аднак тое, што апазіцыя надае такое вялікае значэнне культурным пытанням ва ўмовах крызісу, яўна не спрыяла яе папулярнасці.
Не прынёс дывідэнтаў БНФ і пераход на выразныя кансерватыўныя пазіцыі, што раскалола маналіт апазіцыі. Так, у адным са сваіх інтэрв’ю Зянон Пазьняк падзяліўся поглядамі на эротыку. “У нармальным цывілізаваным грамадстве ніякай эротыкі быць не можа, — сказаў волат адраджэння. У якасці прыкладу ён узгадаў патрыярхальную вёску, дзе, па яго словах, “муж і жонка займаліся нармальным працягам роду чалавечага, і ніякай эротыкі там не прысутнічала.
Між тым, у сярэдзіне кастрычніка распачала працу сесія Вярхоўнага Савету. ВС большасцю галасоў адмаўляецца прызначаць рэферэндум. Аргументы на карысць забароны, які агучыў старшыня камісіі па заканатворчасці Дзмітры Булахаў, гучаць вельмі спрэчна. Ён спасылаецца на экспертызу подпісаў, якая была праведзеная на вока. Адпаведна ёй, з 2372 узятых на праверку падпісных лістоў, на 1598 паперках знайшлі падробленыя подпісы. Трыбун таксама спасылаецца на тое, што рэферэндумы любілі праводзіць Гітлер і Піначэт. Дэпутат Лявон Баршчэўскі, калі верыць артыкулу ў “Советской Белоруссии, абяцае даць рэакцыйнай дэпутацкай большасці “па зубах, як год таму падчас путчу. Аднак супрацьпаставіць парламенту вуліцу Народны Фронт быў ужо не здольны.
У гэты ж дзень, 28 кастрычніка, беларуская зборная па футболу згуляла ў Мінску свой першы афіцыйны матч з украінскай камандай. Разышліся мірна: 1-1. Паралельна адзначылі дэкаду перамогі мінскага “Дынама на чэмпіянаце СССР і раскрытыкавалі яе форварда Кандрацьева, які ў матчы чэмпіянату Беларусі даў поўху суддзі.
Увогуле, 1992 год быў фантастычным для беларускага спорту. Па колькасці медалёў на Алімпіядзе ў Барселоне беларусы (яны выступалі ў складзе зборнай СНД) увайшлі ў дзясятку самых спартовых дзяржаў свету. Віталь Шчэрба заваяваў аж 6 алімпійскіх медалёў. Нядзіўна, што ўжо ў жніўні таго ж года мінскую кватэру Шчэрбы абрабавалі. Дзякуй Богу, медалі ён хаваў у маці.
Што ж тычыцца палітыкі, правал з рэферэндумам выклікаў вялікае расчараванне апазіцыянераў у інстытутах парламенцкай дэмакратыі і відавочна спрыяў росту колькасці прыхільнікаў канцэпцыі прэзідэнцкай дзяржавы. Культавы апазіцыйны публіцыст пачатку 1990-х гадоў Галіна Айзенштадт заўважыла: “Практыка паказала, што не толькі ў нашай рэспубліцы Саветы самая доўгатрывалая казка бальшавікоў, нібыта гэта орган народнай улады. Насамрэч, гэта зручны інструмент для наменклатуры.
Дарэчы, Аляксандр Сдвіжкоў, будучы выпускаючы рэдактар забароненай у 2006 годзе газеты “Згода, у артыкуле “Ці патрэбна нам дэмакратыя ішоў яшчэ далей: “Акрамя здольнасці вырашаць макраэканамічныя задачы, аўтарытарны рэжым мае магчымасці ў справе навядзення элементарнага грамадскага парадку… У нестабільны час неабходна кропка сутыкнення ўсіх грамадскіх сіл. Такой кропкай можа быць персаніфікаваная ўлада ў форме прэзідэнцкай рэспублікі. (У 2007 годзе гэта ўлада прысудзіць яму тры гады турмы, але, на яго шчасце, выпусціць праз тры месяцы дзякуючы патрабаванням дэмакратычнай грамадскасці).
Падобныя забабоны наконт аўтарытарнага рэжыму яўна падсілкоўваліся палітычнай барацьбой у Расіі. Там пачынаецца канфрантацыя паміж Ельцыным, які быў гатовы дзеля рынкавых рэформаў ахвяраваць Вярхоўным Саветам, што пераўтвараўся ў бастыён чыровна-карычневай апазіцыі. У СМІ таго часу мы знойдзем багата каментараў пра пераварот у Расіі, які паўплывае на сітуацыю ў Беларусі.
Узніклі чырвона-карычневыя і ў нас. Іх ядром стаўся створаны на базе кампартыі “Рух за сацыяльны прагрэс і дэмакратыю (ДСПД). Адной з першых гучных акцый руху стала абарона дома І з’езда РСДП ад амерыканскага місіянера Пола Мора, які быццам бы пасягнуў на захоп нерухомасці.
Увогуле, 1992 год, акрамя іншага, пабіў усе рэкорды па статыстыцы гастроляў замежных лаўцоў душаў. Найбольшы рэзананс меў візіт місіянера Пітэра Юнгрэнга, які тры дні запар здымаў пад свае пропаведзі стадыён “Дынама. У кастрычніку на тумбах з’явіліся плакаты “Белага брацтва. Уздым інтарэсу да сектаў яўна сведчыў пра тое, што грамадства шукае нейкую альтэрнатыву страціўшым прывабнасць тэорыям камунізму і рынкавай дэмакратыі. Пачынаецца бум інтарэсу да эзатэрыкі. Каласальнымі накладамі выдаюцца Блавацкая, Штэйнер і іншыя аўтарытэты метафізікі.
У такой атмасферы ідэйных пошукаў і нявызначанасці сустрэлі 1993 год. Усе прагнозы на будучыню, асабліва з улікам няясных перспектыў нядаўна ўведзенай валюты і трывожных навін з Расіі, гучалі няпэўна. І толькі адзін спраўдзіўся. У снежні Шушкевіч прымаў даверчыя граматы ад Мішэка Юліўса Сібанда, пасла Зімбабве (адна з самах бедных краін свету, дзе амаль 30 гадоў пануе дыктатар Робер Мугабэ). Пасол падзяліўся сваім бачаннем Беларусі. “Беларусь нагадвае мне прыфрантавую дзяржаву і вельмі падобная на Зімбаве. Шушкевіч не пагадзіўся: “У нас парламенцкая рэспубліка, а ў вас прэзідэнцкая. Але пасля супакоіў дыпламата: “З прыняццем новай канстытуцыі ў нас з’явіцца шанс мець прэзідэнта.