Генадзю Фядынічу выставілі абвінавачанне і ўзялі падпіску пра нявыезд
Лідару прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу выстаўлена абвінавачанне паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу — «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
Раней ён быў падазраваны ў справе.
Таксама Следчы камітэт узяў з яго падпіску аб нявыездзе. Пра гэта паведаміў “Радыё
Свабода” сам Генадзь Фядыніч.
Прадстаўніца Следчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова паведаміла:
«Кіраўніку Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу прад’яўлена абвінавачанне паводле ч.2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Расследаванне справы працягваецца. У якасці абвінавачаных прыцягнутыя дзве асобы — кіраўнік і галоўны бухгальтар».
2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік змешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.
10 жніўня Ігару Комліку было
выстаўлена абвінавачванне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленне ад выплаты
падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрымання Комліку пакінулі ранейшую —
ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачванне выстаўлена і Фядынічу. Ён
застаецца на волі.
Фядынічу і Комліку пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідэраў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.
У падтрымку прафсаюзных лідэраў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыі прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
З сумеснай заявай выступілі Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT), якія таксама заклікалі беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідэраў прафсаюзных арганізацыяў.