Імпартазамяшчэнне як сінонім дэградацыі

Ні адна краіна ў свеце — нават ЗША і Кітай — не здольная ў XXI стагоддзі вырабляць тэхнічна складаную прадукцыю самастойна. Нават канкураваць на рынку цвікоў і гузікаў без закупкі сучаснага абсталявання немагчыма.

labuten.jpg

Імпартазамяшчэнне крочыць па прасторах Саюзнай дзяржавы. Не абышло яно бокам і жанчын з нізкай сацыяльнай адказнасцю. Па-першае, масавы зыход з Расіі замежных кампаній разам з іх супрацоўнікамі вымушае пераключацца на айчынных кліентаў. Па-другое, ва ўмовах дэфіцыту наяўнай валюты ў абменніках цэннікі на паслугі даводзіцца ўсё часцей выстаўляць у рублях. Усё ідзе да таго, што «спецыяльная вайсковая аперацыя» падвядзе рысу пад кароткай, але яркай гісторыяй «валютных жрыц кахання» ў Расіі.
Законы рынку на кульгавай кабыле не аб'ехаць. Ва ўмовах эканамічнай нявызначанасці кліенты, у якіх зніжаюцца даходы, пачынаюць адмаўляцца ад празмернасцяў. Як кажуць у народзе, якія тут святкі, калі лупяць падаткі. Паводле даных сэрвісу «Зарплата.ру», эканоміць пачалі 80 працэнтаў расіян. Нескладана здагадацца, што ў першую чаргу пад нож трапілі плацяжы за паслугі. Стрыгчыся, напрыклад, можна і дома! Многае з таго, што ў добрыя гады шукалі па-за ўласным падворкам, у крызісны час прыйдзецца пераносіць бліжэй да роднага агмяню — стала не да юру, абы вынесці скуру. У гэтым ёсць і пэўны плюс: у сваёй хаце і качарга помач. Дый на блакітныя таблеткі можна не марнаваць грошы.
Алею ў агонь нявызначанасці дадаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Ён заявіў, што кіраўнік дзяржавы ведае, куды ён вядзе краіну. Аднак сваімі сакральнымі ведамі першы знаўца краіны дзяліцца адмовіўся, чым унёс яшчэ большую нявызначанасць ды хваляванні ў стройныя шэрагі працаўніц інтыму.
Nolens volens, таму аказваць паслугі прадстаўніцам старажытнай прафесіі ўсё часцей даводзіцца за «зусім смешныя грошы». Што ўжо тады казаць пра айцішнікаў і іншых мерчэндайзераў! Адна справа — раскладваць на паліцах прадукцыю сусветных брэндаў, і зусім іншае — галёшы ад фабрыкі «Чырвоны трохкутнік».
Зніжэнне даходаў падаткаплацельшчыкаў вядзе да скарачэння падатковых паступленняў у бюджэт. Учорашні прафіцыт лёгка можа абярнуцца дэфіцытам, што ў сваю чаргу негатыўна адаб'ецца на якасці і колькасці такой неабходнай Саюзнай дзяржаве прадукцыі ВПК.
І што ў выніку? А ў выніку, як пісаў Маршак: «Враг вступает в город, пленных не щадя, оттого, что в кузнице не было гвоздя». Цытую класіка без іроніі. З цвікамі ў Саюзнай дзяржаве, калі хто не ведае, напружаная сітуацыя па прычыне суцэльнага імпарту. Пра гэта 13 красавіка заявіла спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. Сур'ёзная жанчына. Сур'ёзная заява.

На чыім баку праўда?

Пра перспектыву замены імпартных цвікоў на айчынныя ёсць каму рапартаваць. Здольныя рэзаць праўду-матку, дзякуй Богу, не перавяліся. Дам слова нацыянальнаму лідару Расіі: «За папярэднія восем гадоў шмат было зроблена ў гэтым кірунку, гэта называецца імпартазамяшчэнне. Мы не ўсё зрабілі, што планавалі, але ў цэлым можна сказаць, на 90 з лішнім працэнтаў задачы, якія мы перад сабой ставілі і фармулявалі, вырашаныя».
Узрадуемся за расіян, узрадуемся і паапладзіруем, аднак не будзем забываць пры гэтым выслухаць альтэрнатыўнае меркаванне. Належыць яно калегу Валянціны Мацвіенка, кіраўніку Камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве РФ Андрэю Клішасу: «Праграма імпартазамяшчэння праваленая цалкам. Акрамя бравурных справаздач галіновых ведамстваў няма нічога. Нашы людзі гэта бачаць і па таварах народнага спажывання і ў многіх іншых сферах».
На чыім баку праўда? Прэс-сакратар нацыянальнага лідара, натуральна, падтрымаў шэфа, але неяк непераканаўча: «Казаць пра тое, што ўсе правалена, — наўрад ці, напэўна, можна з гэтым пагадзіцца».
«Наўрад ці, напэўна, можна»... Але не выключаны і варыянты: «наўрад ці, можна, напэўна» ці «можна, напэўна, наўрад ці». Якому з трох варыянтаў варта аддаць перавагу, я меркаваць не бяруся.

«Амерыкана» ў «русіяна»

Пра тое, што не ў грошах шчасце, думаю, ведае кожны. Гэта ў свеце залатога цяльца для арганізацыі вытворчасці сучасных мікрасхем патрабуюцца мільярды долараў. Інакш не атрымліваецца. Кошт адной устаноўкі для літаграфіі галандскай фірмы ASML перавышае 150 мільёнаў долараў, што параўнальна з коштам «Боінга» (ад 80 да 325 мільёнаў долараў у залежнасці ад мадэлі).
У Саюзнай дзяржаве ўпор робіцца не на грошы, а на духоўнасць, якая есці не просіць, што і было днямі пацверджана пры абмеркаванні асноўных напрамкаў у сферы імпартазамяшчэння: «Грошы зусім невялікія. Я не хачу публічна зараз называць, таму што яны прыкладныя. Ну, зусім смешныя грошы. Але мы выйдзем па асноўных момантах, дзе ў нас не хапае камплектуючых і іншага, на добрае імпартазамяшчэнне. Я ўжо не кажу па лініі бяспекі. Мы ўжо добра працуем у сферы бяспекі».
А бяспека — гэта не ў апошнюю чаргу цвікі. Не варта забываць і пра гузікі. З-за парушэнні лагістыкі расійскія швейныя вытворчасці сутыкнуліся з іх недахопам. Пра гэта 21 красавіка заявіла кіраўнік Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна. Па яе словах, падобныя праблемы будуць вырашаны толькі пасля структурнай перабудовы эканомікі.
Пачакаем…
На думку расійска-амерыканскага эканаміста, прафесара Каліфарнійскага універсітэта Алега Іцхокі, уключанага МВФ у спіс «25 эканамістаў маладзей 45 гадоў, якія фарміруюць нашы погляды на сусветную эканоміку», імпартазамяшчэнне — гэта сінонім прымітывізацыі і дэградацыі.
Ні адна краіна ў свеце, у тым ліку ЗША і Кітай, не здольная ў XXI стагоддзі выпускаць тэхнічна складаную прадукцыю самастойна. Нават канкураваць на рынку цвікоў і гузікаў без закупкі сучаснага абсталявання немагчыма.
Зразумела, не варта забываць пра кемлівасць, што неаднойчы ратавала айчынных вытворцаў. Як тут ні прыгадаць ініцыятыву расійскага грамадзяніна Дзмітрыя Мядзведзева, які, калі быў прэм'ерам, прапанаваў перайменаваць каву «амерыкана» ў «русіяна». Не ён першы і не ён апошні. Імпартазамяшчэнне з дапамогай замены гандлёвых марак выратоўвала айчынных вытворцаў неаднаразова.