«Наша мэта — каб не было нападу з Беларусі. Дзеля гэтага можна пачакаць з прызнаннем Ціханоўскай»

У Кіева адносна сённяшніх уладаў Беларусі вельмі прагматычная палітыка. Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка расказаў, ці ёсць стасункі ўладаў Украіны з Лукашэнкам, ці вераць кіраўніку Беларусі на Банкавай, ва ўрадавым квартале Кіева, і чаму Зяленскі дагэтуль афіцыйна не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай.

Калаж ru.slovoidilo.ua

Калаж ru.slovoidilo.ua

Кіраўнік прапрэзыдэнцкай фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Давід Арахамія расказаў, як Лукашэнка ў першы дзень поўнамаштабнага ўварваньня Расеі абяцаў, што беларускае войска ня ўступіць у вайну.

«Я не магу зрабіць так, каб яны не карысталіся маёй інфраструктурай, празь Беларусь не заходзілі і не запускалі ракеты. Але я гарантую, што ніводзін беларускі салдат не перасячэ мяжу Ўкраіны», — цытаваў Лукашэнку Арахамія.

Ці паверылі яму ва Ўкраіне? У якой ступені Лукашэнка самастойны ў пытаньнях вайны і міру? Чаму дагэтуль не адбылася афіцыйная сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага і дэмакратычнай лідаркі Беларусі Ціханоўскай? На гэтыя пытанні ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру стасаваных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Ўладзімір Фясенка адказаў Радыё Свабода.

— Ці не на тым абяцаньні Лукашэнкі грунтуецца палітыка Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі цягам усёй вайны?

— Мы спадзяемся ня толькі на абяцанкі Лукашэнкі. Украінскія дзяржаўныя структуры імкнуліся зьменшыць рызыкі ўдзелу Беларусі ў вайне. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся розныя каналы. Гэта рабілася ня толькі ў першы дзень вайны, але на працягу ўсёй вайны. Выкарыстоўвалі нават аднаго з дэпутатаў фракцыі «Слуга народу» — Яўгена Шаўчэнку, які меў асабістыя сяброўскія стасункі з Лукашэнкам.

Актыўна працавала наша вайсковая выведка. Былі таемныя каналы камунікацыі і з Лукашэнкам, і зь беларускімі вайскоўцамі. Мэта была тая самая — не дапусьціць наўпроставага ўдзелу беларускага войска ў вайне. Гэта адна з галоўных мэтаў украінскай палітыкі ў вайне.

Ва Ўкраіне ня надта давяраюць Лукашэнку. Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ён абяцаў, што з тэрыторыі Беларусі не пачнецца вайна супраць Украіны. Але яна адтуль пачалася.

— Здаецца, у аснове палітычнага выбару Ўкраіны адказ на пытаньне: наколькі, у якой ступені Лукашэнка самастойны ў сваіх рашэньнях адносна вайны і міру. Ці можна аналітычна даказаць, што ён адносна самастойны, што Масква нечага дамагаецца ад яго, а ён упарціцца, «пятляе», як кажуць украінскія палітыкі?

Скажам, пра Дзяніса Пушыліна — кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі «ДНР» — ніхто ў Кіеве не гаворыць, што ён пятляе. Дакажыце, што Лукашэнка пятляе.

— Ёсьць вялікая розьніца паміж Пушыліным і Лукашэнкам. Пушылін ні на што не«»«» ўплывае. Ён — марыянэтка ў поўным сэнсе. Яго Масква ў любы момант можа памяняць, як памяняла ў мінулым іншых кіраўнікоў у так званых «ДНР» і «ЛНР».

Лукашэнка адносна ўплывае на сытуацыю. Напачатку поўнамаштабнай вайны ён ня надта пярэчыў Пуціну, ня надта імкнуўся заблякаваць тэрыторыю Беларусі для расейскіх нападаў на Ўкраіну. Лукашэнка ў першыя дні вайны казаў, што ўкраінская армія «з драўлянымі аўтаматамі» ня вытрымае расейскага наступу. Ён, як і Пуцін, меркаваў, што Ўкраіна хутка прайграе вайну.

Потым ён зразумеў, што вайна ідзе інакш, чым меркавалася. Ён нават заклікаў сваіх вайскоўцаў браць прыклад з украінцаў. Тэрмін «пятляе», які ўжываюць адносна паводзінаў Лукашэнкі многія ўкраінскія палітыкі, магчыма, фігураваў у атачэньні прэзыдэнта Зяленскага ў абмеркаваньні палітыкі адносна Беларусі. Ва Ўкраіне гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца адносна палітыкаў, якія спрабуюць манэўраваць.

Лукашэнка так паводзіў сябе і раней. У тым ліку і адносна Захаду. Ва Ўкраіне ўсе бачаць, што ён няшчыры, двудушны ў стаўленьні і да Ўкраіны, і да Захаду, і да беларускага народу.

Глядзіце таксама

— Вось факт: за 22 месяцы беларускае войска ў вайну не ўступіла. Ёсьць два тлумачэньні гэтага. Першае — Пуціну проста ў галаву не прыйшло, што яму для вайны патрэбна беларускае войска. А Лукашэнка стаяў убаку, як мэбля. І другое тлумачэньне — Пуцін, можа, і хацеў бы, каб і беларусы ваявалі з Украінай, але Лукашэнка пятляе. І дзякуючы гэтаму беларусы не ваююць. Якое тлумачэньне больш слушнае: першае ці другое?

— Я думаю, што Лукашэнка ўсё ж пятляе і ўпарціцца. Калі мінулым летам стала відавочна, што расейцам не хапае сваіх войскаў і патрэбна дадатковая жывая сіла, тады, хутчэй за ўсё, пэўныя звароты да Лукашэнкі былі. Паводле некаторай інфармацыі, гэта было ўлетку і ўвосень летась.

Але Лукашэнка замест таго даваў расейцам зброю і боепрыпасы зь яшчэ савецкіх запасаў. Ён увесь час праводзіць вучэньні на мяжы з Украінай. Лукашэнка меў папярэджаньне з украінскага боку. Украіна разьмяшчала на мяжы зь Беларусьсю дастаткова баяздольныя часткі.

Яму па закрытых каналах даводзілі, што ў выпадку нападу беларускага войска на Валынь полк Каліноўскага будзе перакінуты на гэты новы фронт і для іх ня стане праблемай марш на Менск. Такія тлумачэньні Лукашэнку даваліся. І яны працавалі даволі эфэктыўна.

Я ня думаю, што ён робіць усё, што кажа Пуцін. Ён — не Пушылін, ён мае пэўную самастойнасьць. Быў бы ён поўнай марыянэткай, яго б даўно памянялі. На ўнутраную сытуацыю ў Беларусі Лукашэнка ўплывае больш, чым Пуцін. Хаця яго залежнасьць даволі вялікая…

Вы правільна згадалі пра спыненьне абстрэлаў зь беларускай тэрыторыі. Я добра ведаю з украінскіх крыніцаў, што гэта не было добрай воляй Пуціна. Якраз пачынаючы зь мінулай восені і ўсю зіму быў самы пік ракетных абстрэлаў Украіны. Але нашы спэцслужбы здолелі дамовіцца з Лукашэнкам, што зь Беларусі абстрэлаў ня будзе.

Чаму ён пагадзіўся, брыкаўся ён ці не — нас, шчыра кажучы, гэта мала цікавіць. Нас цікавіць вынік — ракетныя ўдары зь леташняга кастрычніка спыніліся, рызыка адкрыцьця другога фронту зьнізілася, хоць у пэўныя моманты зь леташняга лютага яна была даволі высокай. Я ведаю гэта з крыніцаў у нашай вайсковай выведцы.

Калі ў Беларусі разьмяшчалі вагнэраўцаў, хваляваліся палякі. Але не ўкраінцы. Чаму? Таму што ведалі. І не таму, што верылі Лукашэнку.

Сама беларуская армія не адкрыла б новы фронт. Для новага нападу патрэбна разьмясьціць у Беларусі вялікі расейскі кантынгент. А яго ў Пуціна няма.

— Прынамсі ў экспэртных колах Украіны выказваецца думка, што Ўладзіміру Зяленскаму варта было б афіцыйна прыняць у Кіеве Сьвятлану Ціханоўскую. Як гэта рабілі і робяць ня толькі лідэры краінаў Захаду, але і прэзыдэнтка суседняй Малдовы Мая Санду. Наколькі ўплывовая гэтая думка ў палітычных колах Украіны і асабліва на Банкавай?

— Я час ад часу камунікую з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Кіеве. На палітыку кіраўніцтва Ўкраіны ўплывае погляд беларускай апазыцыі, у прыватнасьці, палка Каліноўскага.

Была сустрэча Зяленскага і Ціханоўскай у кулюарах цырымоніі прэміі Карла Вялікага. Але пакуль што пра афіцыйнае прызнаньне размова не ідзе. Першы аргумэнт — тое, што такое прызнаньне, безумоўна, выгаднае Ціханоўскай. А якая выгада ад гэтага Ўкраіне? А вось рызыкі для нас у такім кроку навідавоку.

Фармальнага разрыву дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю не адбылося. Ёсьць і закрытыя каналы, пра якія я казаў. Наша мэта — каб не было нападу зь Беларусі, каб не было адтуль абстрэлаў. Дзеля гэтага трэба пачакаць з прызнаньнем Ціханоўскай. Простай неабходнасьці ў гэтым няма.

Мы будзем камунікаваць зь беларускай апазыцыяй, калі ўбачым, што яна мае рэальныя шанцы зьмяніць уладу ў Беларусі.

З атачэньнем Ціханоўскай кантакты ёсьць, але мы не сьпяшаемся іх фармалізоўваць. Зь беларусамі, якія ваююць на ўкраінскім баку, кантакты падтрымліваюцца больш інтэнсіўныя.

Паводле «Салідарнасці»