Няма ў рэвалюцыі канца
Валакіта і адпіскі — толькі «кветачкі» бюракратызму. Яго «ягадкі» — гэта права чыноўнікаў прымаць рашэнні імем рэвалюцыі.
Парадокс. У дзяржаве, якая прэтэндуе на званне «полюса стабільнасці» і «спонсара бяспекі», многія рашэнні на вышэйшым кіраўнічым узроўні прымаюцца «імем рэвалюцыі». Спектр такіх рашэнняў надзвычай шырокі: ад прыпынення бандыцкай прыватызацыі і запуску прадпрыемстваў, якія спыніліся пасля распаду СССР, да вызначэння цэн на школьныя сняданкі, абеды і вячэры.
Не магу адмовіць сабе ў задавальненні, каб не прывесці канкрэтнае выказванне адзінага палітыка (АП), запазычанае з Паслання–2004: «Замест 20 сантыметраў сценкі ўнутры памяшкання будаўнікі прапаноўваюць: «Аляксандр Рыгоравіч, давайце зробім 5 сантыметраў. Тут жа дастаткова. Гэта ў два разы танней». Трэба рашэнне прэзідэнта. Прыняў рашэнне «імем рэвалюцыі», без усялякіх нарматыўных актаў дазволіў. Пабудавалі. Ходзяць і захапляюцца: як прыгожа, добра і зручна».
Нагадаю, што і кампанію па выкараненні ўтрыманства і дармаедства ў 2015 годзе АП пачаў звыклым для сябе спосабам: «Час спыняць гэта ўтрыманства! 400 тысяч павінны быць уцягнутыя імем рэвалюцыі ў працу! Гультаёў не павінна быць у краіне!»
Самародак з народа
Буржуазныя рэвалюцыі ў Еўропе завяршыліся ў 1849 годзе. Іх гістарычная роля палягала ў ліквідацыі перашкодаў для капіталістычнага развіцця. У сучаснай Беларусі, калі меркаваць па чарговай спробе разняволіць дзелавую ініцыятыву, гэту задачу так і не атрымалася вырашыць. Вось і даводзіцца АП кампенсаваць недахоп ініцыятывы прадпрымальнікаў (сучасных буржуа) сваёй асабістай актыўнасцю.
У студзені 2007 года 11% беларусаў (глядзі табліцу) успрымалі галоўнага гаранта традыцыйных каштоўнасцяў, песняра стабільнасці ў якасці лідара, што рэвалюцыйна пераўтварае рэчаіснасць. На ўзроўні бытавой свядомасці сумясціць адно з другім няпроста, таму звернемся па дапамогу да класіка паліталогіі Макса Вебера, першаадкрывальніка паняцця «харызма», пад якой ён разумеў «якасць асобы, што прызнаецца незвычайнай, дзякуючы якой яна ацэньваецца як адораная звышнатуральнымі, надзвычайнымі сіламі і ўласцівасцямі, не даступнымі іншым людзям».
Ужо «цяплей», пагадзіцеся. А каб стала «горача», я працытую акадэміка Анатоля Рубінава. У адрозненне ад аўтара «азбукі паліталогіі», ён меў магчымасць пазнаёміцца з асабістымі якасцямі АП не праз СМІ, а ў працэсе шматгадовай сумеснай працы. Адкрыем «Советскую Белоруссию» ад 06.07.2010: «Нам пашанцавала ў тым, што ў самым пачатку нашага дзяржаўнага будаўніцтва краіну ўзначаліў А.Р. Лукашэнка — таленавіты самародак з народа, які інтуітыўна намацаў самыя эфектыўныя і найменш балючыя шляхі нашага развіцця, здолеў згуртаваць народ, выбудаваць сістэму кіравання дзяржавай, накіраваў намаганні ўсіх і кожнага на рашэнне самых галоўных, жыццёва важных задач».
Ключавое слова ў апошняй цытаце — «інтуітыўна». Харызматычны лідар (а ў тым, што такім успрымаўся АП не толькі акадэмікамі, але і большасцю беларусаў у пачатку 1990-х гадоў, сумнявацца не даводзіцца) рэзка супрацьпастаўлены як рацыянальнаму, асабліва бюракратычнаму, так і традыцыйнаму тыпу палітыкаў.
Тут варта падкрэсліць, што пытанне наяўнасці харызмы трымаецца на прызнанні падначаленых. Такое прызнанне псіхалагічна з’яўляецца глыбока асабістым. Яно заснаванае на веры, што нараджаецца з натхнення і надзеі. На жаль, пытанне пра тое, як успрымалі вобраз АП раней за 2007 год, сацыёлагамі НІСЭПД не задавалася. Аднак не даводзіцца сумнявацца, што ў год трыумфальнай перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах у здольнасць АП якасна і рэвалюцыйна пераўтвараць рэчаіснасць верыў значна большы працэнт беларусаў.
Пытанне да акадэміка
Але ў кожнага медаля маецца і адваротны бок. «Калі працяглы час харызматычнаму лідару здраджвае поспех, — тлумачыць Макс Вебер, — і ў першую чаргу, калі яго кіраўніцтва не прыносіць дабрабыту падначаленым, дык яго харызматычны аўтарытэт можа знікнуць».
Як гэта адбываецца на практыцы, мы мелі магчымасць назіраць на прыкладзе Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына.
Для палітыка важна апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся летам 1994 года — гэта значыць, у момант, калі пікіруючая эканоміка дасягнула «дна». Адказнасць за пікіраванне будучы адзіны палітык, натуральна, не нёс.
У 1994 годзе ВУП скараціўся на 12,7%, у 1995-м — на 11,4%. Але ўжо 1996 годзе ВУП дадаў 2,8%, а ў 1997-м — на піку так званага «аднаўленчага росту» — галоўны эканамічны паказчык, насуперак прагнозам, падскочыў на 11,4%.
«Нулявыя» гады запомніліся беларусам устойлівым ростам рэальных даходаў. За 11 гадоў — з 2000 па 2010 — іх рост быў двухзначных на працягу 7 гадоў. Такая дынаміка даходаў не магла не адбіцца на падтрымцы АП. Аднак вось ужо чацвёрты год эканоміка ў мінусе ці паказвае рост на ўзроўні статыстычнай памылкі. Таму сёння АП не пазайздросціш. Ён вымушаны праводзіць бясконцыя нарады, кідацца па краіне і раздаваць шматлікія «каштоўныя ўказанні».
Але «чыстая харызма спецыфічна чужая эканоміцы». Макс Вебер мае рацыю, і таму ў снежні 2015 года толькі 5% беларусаў успрымалі народнага самародка як лідара, здольнага рэвалюцыйна пераўтвараць рэчаіснасць. Затое амаль удвая вырасла колькасць тых, хто ацэньвае былога харызматыка ў якасці чалавека, які не здольны перайсці ад словаў да справы.
Цікава, а як бы гэтыя перамены ва ўспрыманні АП грамадскай думкай пракаментаваў акадэмік А. Рубінаў?
«Кветачкі» і «ягадкі» бюракратызму
Мабыць, немагчыма знайсці чалавека, у якога словы «бюракрат» і «бюракратызм» выклікалі б станоўчыя эмоцыі. Заснавальнік савецкай дзяржавы Уладзімір Ленін у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Цытую: «Все у нас потонуло в паршивом бюрократическом болоте ведомств... Ведомства — говно; декреты — говно».
Уся гісторыя савецкай дзяржавы ёсць гісторыя прыхаванай барацьбы кіруючай эліты з чыноўнікамі. У Беларусі прынята ганарыцца сваім савецкім мінулым, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што «асобныя негатыўныя факты праявы бюракратызму ў дзейнасці дзяржаўнага апарату значна зніжаюць магчымасць нашага руху наперад» (цытату я запазычыў з Дырэктывы №2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату», падпісанай АП 27 снежня 2006 года).
Пад бюракратызмам на побытавым узроўні прынята разумець канцыляршчыну, цяганіну і адпіскі. Спадзявацца, што чыноўнікі з такімі характарыстыкамі рэалізуюць тэзіс «дзяржава для народа», могуць толькі надзвычай наіўныя людзі. Аднак бюракратызм у яго традыцыйным разуменні — гэта толькі «кветачкі». Што тычыцца «ягадак», дык яны багата спеюць на ніве права чыноўнікаў усіх узроўняў прымаць рашэнні «імем рэвалюцыі». За прыкладамі сучасным рэвалюцыянерам хадзіць далёка не трэба.
«Рэвалюцыя, — тлумачыць філосаф Аляксандр Рубцоў, — заўсёды парушае закон, і ў гэтым сэнсе яна заўсёды злачынная, але, калі яна прыпыняецца, дык саступае месца новай форме. Рэвалюцыі на Захадзе былі не больш чыстым і не больш гуманнымі за нашу, але яны былі эпізодамі, а не спосабам існавання. У нас жа краіна дзесяцігоддзямі можа жыць з аформленымі актамі ўлады, што ўсё гэтак жа злачынна парушаюць вышэйстаячыя, у тым ліку канстытуцыйныя, нормы — або зусім без лішніх фармальнасцяў».
«Ёсць у Рэвалюцыі пачатак. Няма ў Рэвалюцыі канца!» У Беларусі яго і не будзе, пакуль гарант Канстытуцыі, правоў і свабод грамадзян (артыкул 79 Асноўнага закона) прымае рашэнні «імем рэвалюцыі». А прымаць рашэнні такім арыгінальным для мірнага часу спосабам гаранта надзяліла... Канстытуцыя, паводле якой ён не ўваходзіць ні ў адну з галін улады, а стаіць над імі — такім чынам, і над законам.
Мноства перуноў і маланак, якія АП з зайздроснай рэгулярнасці кідае на адрас бюракратаў, не здольныя скончыць перманентную рэвалюцыйную сітуацыю ў геаграфічным цэнтры Еўропы, бо апорай манаполіі АП на ўладу можа быць толькі бюракратыя, якая мае не меншую патрэбу ў такой манаполіі, чым яна ў ёй.
Усё лагічна і паслядоўна. «Беларуская мадэль» па-свойму дасканалая і гарманічная. Усе яе ўзроўні пранізвае ўладная «вертыкаль», у якой бюракратыя надзяляецца не толькі правам прадстаўляць агульны інтарэс, але і магчымасць бескантрольна выкарыстоўваць сваё становішча для абслугоўвання ўласных інтарэсаў.