Падаляк: Усё, што кажа Лукашэнка, выглядае несучасна, абсурдна і анекдатычна
Неадкладнае спыненне агню, на якім настойвае Лукашэнка, выгаднае толькі аднаму суб’екту — Пуціну. Гэты час ён выкарыстае для замацавання пазіцый, аднаўлення рэсурсных здольнасцяў і запуску АПК, які ўжо не здольны працаваць на ранейшых магутнасцях, арганізацыі ўнутраных правакацый у Еўропе, тэрарыстычнага ціску на Украіну. Так «Л*стэрку» пракаментаваў прапанову Аляксандра Лукашэнкі пра перамір'е дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
— Усё, што кажа Лукашэнка, выглядае несучасна, абсурдна і нязменна анекдатычна. У гэтым няма ні найменшай логікі, ні разумення рэальнай сітуацыі. Украіна не была ў складзе NATO, вайскоўцы дзяржаваў NATO не сядзяць ва ўкраінскіх акопах. Гэта класічная маніпуляцыя ў выкананні Лукашэнкі і банальны пераказ традыцыйнай хлусні Пуціна, нязменна скіраванай на апраўданне сваіх безумоўных злачынстваў.
Расіяне несправакавана, агрэсіўна ўварваліся на
суверэнную тэрыторыю не для барацьбы з NATO, а выключна з мэтай арганізацыі
масавых забойстваў украінцаў. Не трэба шукаць іншых матываў і не трэба
працягваць слухаць прымітыўную даваенную рыторыку. Расія ўжо даўно мае
непасрэдную мяжу з краінамі NATO — Польшчай, Эстоніяй, Літвой, Латвіяй,
Нарвегіяй, але ўсё роўна пачала класічную захопніцкую вайну ва Украіне.
Расійская агрэсія стала прычынай таго, што Фінляндыя вырашыла ўступіць у NATO —
мяжа з NATO павялічыцца яшчэ на 1309 км. Лукашэнка проста пераказвае
анекдатычны міф, і не больш за тое, — заявіў Падаляк.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны нагадаў, што
Расія вядзе з ягонай краінай вайну на знішчэнне.
— І ўжо дакладна называць «перамовамі» тое, што прапануе
Лукашэнка, нельга. Ён кажа не пра перамовы, але ён, адчуваючы сур’ёзнае
ўнутранае напружанне ад усведамлення падзей і наступнага фіналу, чарговым разам
моліць прызнаць ультыматыўныя патрабаванні РФ як боку, які прайграе. Замрыце,
не ваюйце, пакіньце ім акупаваныя тэрыторыі і катэгарычна не бярыце зброю ў
партнёраў — усё гэта выглядае па-дурному і відавочна не мае дачынення да
рэальнасці, — мяркуе ён.
Падаляк заявіў, што перамовы пра мір адбудуцца толькі ў той
момант, калі Расія выведзе ваенны кантынгент з тэрыторыі Украіны за межы
тэрыторый па стане на 1991 год.
— Неадкладнае спыненне агню, на якім настойвае Лукашэнка,
паўтару, выгадна толькі аднаму суб’екту — Пуціну. Гэты час ён выкарыстае для
замацавання пазіцый, аднаўлення рэсурсных здольнасцяў і запуску АПК, які ўжо не
здольны працаваць на ранейшых магутнасцях, арганізацыі ўнутраных правакацый у
Еўропе, тэрарыстычнага ціску на Украіну. Мы не будзем страляць сабе ў нагу і
падводзіць украінскае войска і народ, якія ўжо панеслі столькі беззваротных
страт у гэтай вайне, — дадаў дарадца.
Падаляк агучыў, як мусіць завяршыцца вайна і што трэба для
ўстанаўлення міру — паўнавартасны вывад расійскай арміі з тэрыторыі Украіны,
вяртанне дэпартаваных украінцаў і ваеннапалонных, прыцягненне да юрыдычнай
адказнасці і выплата Расіяй рэпарацый за нанесеную шкоду, а затым — жорсткае абмеркаванне
пасляваеннага свету, глабальных прынцыпаў бяспекі з рэзкім змяншэннем ролі РФ.
— Агрэсар не можа дыктаваць умовы міру. Асабліва праз
спецыфічных і безрэпутацыйных пасрэднікаў. Гэта падобна, хутчэй, да сітуацыі,
калі прапануюць адпетага гвалтаўніка зрабіць аднаасобным суддзёй у разглядзе
справы яго безумоўнай ахвяры, — падсумаваў Міхаіл Падаляк.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 31 сакавіка з
пасланнем да народа і парламента, прапанаваў спыніць баявыя дзеянні ва Украіне
«без права перамяшчэння і перагрупоўкі войскаў з абодвух бакоў, без права
перакідання зброі і боепрыпасаў, жывой сілы і тэхнікі».
— Усё, мёртва. Замерлі! І калі Захад чарговым разам
паспрабуе выкарыстаць паўзу ў баявых дзеяннях для ўзмацнення сваіх дзеянняў
падманам — Расія абавязаная задзейнічаць усю моц ВПК і войска для перадухілення
эскалацыі канфлікту: і фосфарныя боепрыпасы, і збеднены ўран, і ўзбагачаны
ўран, калі чарговым разам будзе падман, — сказаў Лукашэнка.
На яго думку, «немагчыма перамагчы ядзерную дзяржаву», таму
ён прапанаваў бакам сесці за стол перамоваў.