Парад ці памяць?

Па Мінску зноў пойдуць танкі. З 14 траўня ў сталіцы пачалася рэпетыцыя парада на 3 ліпеня. Зноў будуць сапсаваныя дарогі, аўтамабілісты — у сувязі з праходжаннем ваеннай тэхнікі — займеюць шматлікія нязручнасці. Дый не толькі аўтамабілісты — нават «Мінсктранс» папярэджвае, што на некаторых аўтадарогах будуць уведзеныя «часовыя абмежаванні».

parad_1.gif

Чарговым разам паўстае пытанне: навошта нам парад у цэнтры горада?

У 2017 годзе, калі танк у выніку заносу знёс слуп на праспекце Незалежнасці, гэта пытанне задалі многія. Была нават створаная петыцыя за перанос парада з цэнтра горада куды-небудзь у іншае месца — напрыклад, на спецыяльна абсталяваны палігон. Там людзі маглі б атрымаць асалоду не толькі ад праходжання ваеннай тэхнікі — можна было б зладзіць і іншыя шоу. Тая тэхніка была б даступная для агляду, можна было б памацаць яе рукамі, удосталь пафатаграфаваць — і, верагодна, каму-небудзь з дзетак у выніку такіх «наўпроставых зносін» са зброяй захацелася б стаць прафесійным вайскоўцам.

А жыхары Мінска былі б пазбаўленыя шматлікіх праблемаў, асноўныя транспартныя артэрыі сталіцы не былі б разбітыя танкавымі тракамі.

Але наша Міністэрства абароны ўсе падобныя ініцыятывы адпрэчыла. На думку ведамства, правядзенне ваенных парадаў падтрымлівае пераважная большасць грамадзян, «пра што сведчыць факт запаўнення назіральных пляцовак і трыбун, прасторы, якая дазваляе назіраць за правядзеннем мерапрыемства». А перанос ваеннага параду за межы сталіцы «прывядзе да значнага павелічэння выдаткаў на яго падрыхтоўку і правядзенне».

Абодва аргументы вельмі сумнеўныя. Факт «запаўнення пляцовак» зусім не сведчыць пра падтрымку гэтага мерапрыемства «большасцю грамадзян». Усе мы ведаем, што гэтыя пляцоўкі запаўняюцца па разнарадцы, у «добраахвотна-прымусовым» парадку. І звычайнаму грамадзяніну на трыбуну трапіць вельмі праблематычна.

Мы не ведаем, якія выдаткі на парад нясе Мінабароны — дакладныя лічбы ведамства захоўвае, нібы самую страшную ваенную таямніцу. Паводле ўскосных дадзеных журналістаў з адкрытых крыніцаў на 2017 год, на парад выдаткавалі больш за 2 мільёны 367 тысяч долараў. У гэтую суму ўваходзіць транспарціроўка ваенных, упрыгожванне горада, пашыў святочнай формы, паліва для гусенічнай тэхнікі, салют і выдаткі ЖКГ. Але не ўваходзіць рамонт дарог пасля параду, кампенсацыя нязручнасцяў, звязаных з перакрыццём цэнтра горада, і парушэннем спакойнага сна грамадзян.

Кіраўнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны, палкоўнік Уладзімір Макараў неаднаразова называў парад у Мінску «сакральным знакам». І дагаварыўся аж да таго, што параўнаў праціўнікаў параду з калабарантамі. «Справа не ў эканамічнай праблематыцы, не ў кошце паліва, і нават не ў часовых нязручнасцях, калі праводзяцца начныя трэніроўкі. Дзень Незалежнасці — гэта святое свята, напоўненае высокім сэнсам. Але гэта не свята беларускіх радыкалаў. Гэта не свята тых, для каго духоўным папярэднікам быў Вільгельм фон Кубе… Нешта падобнае было ў гады вайны. Некалькі дзясяткаў тысяч калабарантаў і мільёны патрыётаў», — заявіў ён.

Верагодна, у Мінабароны ўкладаюць іншы сэнс у словы «сакральнае» і «святое». Думаю, ні адзін ветэран вайны, якіх засталося не так ужо і шмат, не скажа, што для яго «святое» бразганне зброяй на парадзе. Святое — гэта даніна памяці загінулым у той вайне.

Мінабароны, называючы «святым» парад і спасылаючыся на тых жа ветэранаў, ніякім чынам не ўмяшалася ў сітуацыю з Вайсковымі могілкамі ў Мінску. Іх адстойвалі, адстаялі і працягваюць адстойваць выключна валанцёры! Службовыя асобы Мінабароны, дый наогул усё ведамства, маўчалі, калі спецкамбінат пачаў там «упарадкаванне», якое прыводзіла, фактычна, да зносу пахаванняў у тым ліку і партызан, і байцоў, якія ваявалі з фашызмам.

Прынамсі я не чуў афіцыйнай заявы міністэрства з прапановай, напрыклад, узяць шэфства над пахаваннямі і хаця б два разы на год прыводзіць іх да ладу. Тым больш, што для гэтага ў ведамства ёсць адмысловае ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.

У Брэсце на тэрыторыі Вялікага гета горада часоў Другой сусветнай вайны, дзе ўзводзіцца жылы «Прыбужскі квартал», было выяўлена вялікае пахаванне ахвяраў Халакосту. Здавалася б — ахвяры вайны, ці не так? І Мінабароны, калі гаворыць пра «сакральнасць» і «святасць», выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму і высокія сэнсы, у першую чаргу павінна было б заклапаціцца праблемай вызначэння межаў пахавання і годным перапахаваннем парэшткаў ахвяр. Тым больш, што ў яго для гэтага ёсць 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён.

Хто-небудзь што-небудзь чуў пра ініцыятыву дзяржаўнага ведамства з той нагоды?

Чаму ўсталявання помнікаў карэліцкім партызанам дамагаецца краязнаўца Алесь Самец, а не Міністэрства абароны з яго ўпраўленнямі і батальёнамі?

Можа, нам варта адмяніць гэтыя парады? І накіраваць сродкі туды, дзе яны сапраўды важныя і патрэбныя? І хадзіць з ветэранамі не на «абкатку тэхнікі», а да сапраўды дагледжаных магіл іх пабрацімаў? Проста пацвярджаючы лозунг, што «ніхто не забыты і нішто не забытае»? Праўда, арганізатары парадаў, падобна, пра нешта такое і забыліся...