«Паварот на Усход» як спроба схавацца ад рэальнасці
Усялякі пошук эканамічных партнёраў толькі ў адным геаграфічным кірунку азначае рэзкае зніжэнне магчымасцей для развіцця.
Аўстрыйскі псіхолаг Альфрыд Лэнгле ў кнізе «Жыццё, напоўненае сэнсам» піша: «Нарадзіцца чалавекам азначае быць тым, да каго жыццё звяртаецца з пытаннем. Жыць азначае адказваць: адказваць на разнастайныя патрабаванні моманту».
Аднак тэхналогіі адказаў на пытанні могуць істотна адрознівацца. Прыгадаем гісторыю пра страуса, які нібыта хавае галаву ў пясок у выпадку небяспекі. Гісторыя аказалася прыдумкай — птушачку папросту абылгалі, але гэта не адмяняе сярод прадстаўнікоў віду Homo Sapiens схільнасці не заўважаць патрабаванняў моманту.
Галаву ў пясок для гэтага хаваць неабавязкова.
На невыносныя пытанні, пастаўленыя жыццём, можна адказаць і сыходам. Варыянт такога адказу агучаны персанажам мультфільма «Маўглі» шакалам Табакі: «А мы ідзём на поўнач! А мы ідзём на поўнач!»
Варыянт такога кшталту сыходу, толькі з заменай паўночнага напрамку на ўсходні, калі меркаваць па афіцыйных заявах, абраны і ў Беларусі. Патрабаванні Захаду (ЗША і іх саюзнікаў у Еўрасаюзе) выконваць правы чалавека набілі ў беларускіх праўладных колах аскому.
Дам слова доктару палітычных навук, прафесару Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МДІМА) Алене Панамаровай: «Роля Кітая сёння велізарная. Мы можам не заўсёды бачыць уплыў Паднябеснай, але ён, безумоўна, прысутнічае. Сёння Кітай і Расія з’яўляюцца натуральнымі стратэгічнымі саюзнікамі. З аднаго боку, Кітай з’яўляецца свайго роду сусветным заводам, з іншага — контрагентам заходніх карпарацый. Амаль 500 з іх маюць свае заводы на тэрыторыі Кітая. Ён, у сваю чаргу, выкарыстоўваючы заходні патэнцыял, стварае і развівае свае ўласныя прадукты. Цяпер мы можам назіраць адраджэнне Усходу» (з інтэрв’ю YouTube-каналу «БЕЛТА»).
Прапаную павольна, па словах перачытаць выказванне маскоўскай прафесаркі. Кітай выкарыстоўвае заходні патэнцыял. Скажыце, калі ласка, якія арыгіналы! Свет не ведае прыкладаў устойлівага эканамічнага развіцця ва ўмовах канфрантацыі з Захадам. Няўжо гэтая азбукавая ісціна не дайшла да прафесуры МДІМА? Чаму ж тады яны вучаць студэнтаў?
Аднак што перашкаджае заснавальнікам Саюзнай дзяржавы выкарыстоўваць сусветны вопыт? Гэтае пытанне варта ў першую чаргу адрасаваць архітэктарам беларускай мадэлі. Па-першае, з-за геаграфічнага становішча рэспублікі-партызанкі; па-другое, з-за паталагічнай нелюбові яе архітэктараў да ўсіх відаў пасярэдніцтва. Навошта нам копіі, калі ёсць магчымасць наўпрост закупляць арыгіналы? Ці такой магчымасці больш няма? Спіс пытанняў можна доўжыць.
І якія перспектывы? І якія перспектывы!
21 сакавіка сярод пажаданняў-патрабаванняў «адзінага палітыка» да новапрызначанага ім віцэ-прэм’ера Леаніда Зайца прагучала наступнае адкрыццё: «У вас адна задача — экспарт. Вы гэта добра ведаеце. Вялікія магчымасці адкрываюцца на нашых асноўных рынках, як у Расіі, так і ў Кітаі, ды і ў іншых краінах. Думаю, што гэтаму вы дасцё рады».
Расія побач, калі гаворка ідзе пра Смаленскую і Бранскую вобласці. А як наконт Хабараўскага краю з Якуціяй ды Амурскай вобласцю, якія далучыліся да яго? За морам цялушка — капейка, ды рубель перавоз. І гэта добра, калі за морам… Транспарціроўка грузаў па вадзе ва ўсе часы была на парадкі таннейшай, чым па сушы. Нездарма першыя цывілізацыі старажытнасці ўзнікалі, як правіла, на скрыжаванні водных шляхоў.І ў нашы дні 70 працэнтаў сусветнага ВУП вырабляецца на аддаленні не больш за 100 міль ад марскога ўзбярэжжа. У гэтым сэнсе геаграфічнае становішча Беларусі — самай вялікай па плошчы дзяржавы ў Еўропе, якая не мае выхаду да мора, — з’яўляецца хутчэй мінусам, чым плюсам.
Размовы пра «паварот на Усход» нарадзіліся не сёння. Старт ім быў дадзены ў 2014 годзе пасля ўвядзення Захадам санкцый у адказ на «Крымнаш». Для разумення апраўданасці такога роду спадзяванняў варта звярнуцца да статыстыкі.
Кітайска-расійскі тавараабарот апошнія гадоў пяць вагаецца на ўзроўні 95–110 мільярдаў долараў на год.
Кітайска-амерыканскі гандаль — гэта амаль 3 трыльёны долараў. Кітайска-еўрапейскі — амаль 800–900 мільярдаў долараў (з іх 30% — з Германіяй).
Пры такой статыстыцы не варта здзіўляцца, што Кітай падтрымліваў і падтрымлівае практычна ўсе фінансавыя санкцыі ў дачыненні да Расіі. Жадання трапіць пад другасныя санкцыі ў яго не было і не будзе.
Сутыкненне цывілізацый, на актуальнасць якога звярнуў увагу яшчэ ў 1996 годзе амерыканскі палітолаг Сэмюэл Хантынгтан, ніхто не адмяняў. У выкладзе кітаіста Міхаіла Карпава сутыкненне цывілізацый выглядае наступным чынам: «У карціне свету Кітая Расія — не частка Азіі, не частка Еўразіі, гэта еўрапейская краіна. Кітайцы, безумоўна, разумеюць, што яна адрозніваецца ад "Далёкага Захаду", гэта не англа-саксонская, не гальская, не іберыйская краіна, але — еўрапейская. Кітай не разглядае Расію як сваю» (вылучана. — С. Н.).
А калі так, то адказам Паднябеснай на «паварот на Усход» можа быць толькі дыстанцыянаванне, што на практыцы і назіраецца. Сваё ханьфу (традыцыйны нацыянальны касцюм) кітайцу бліжэй да цела. Дзівіцца тут няма чаму.
Спакушаць Кітай «нашай Расіі» няма чым. Размовы пра нібыта смачныя актывы — гэта міф, які прапаганда грунтуе на пяску. Міхаіл Карпаў тлумачыць: «На самой справе ніякіх сур’ёзных актываў, якія Кітай мог бы атрымаць, у Расіі няма. Дакладней, актывы, вядома, ёсць, але Кітай іх ніколі не атрымае. Сыравіну ён і так купляе (з вялікім дысконтам, дарэчы. — С. Н.). Цікавыя яму могуць быць актывы, звязаныя з ваенна-прамысловым комплексам, з тэхналагічнымі распрацоўкамі, якія ў Расіі ёсць, прычым нядрэнныя. Аднак Расія ніколі іх яму не аддасць. І ў Кітая папросту няма рычагоў для іх атрымання».
З фінансавай дапамогай не ўсё так безнадзейна, пра што, у прыватнасці, сведчыць беларускі вопыт. Аднак такая дапамога рэалізуецца, галоўным чынам, праз звязаныя крэдыты, а з імі асабліва не разгонішся.
Гэтую ісціну беларускім аднадумцам шакала Табакі асвоіць у сярэднетэрміновай перспектыве, відаць, не дадзена. Таму яшчэ доўга будуць скалынаць паветра воклічы: «А мы ідзём на ўсход! А мы ідзём на ўсход!»