Дысцыпліна паслухмянасці па-беларуску
У рамках «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця» толькі ад паслухмяных выканаўцаў і можа быць карысць, інакш мадэль пойдзе ў разнос. А стабільнасць, якая разумеецца як нязменнасць, — гэта наша ўсё. Таму актыўныя, самастойныя людзі ёй проціпаказаныя.
На досвітку беларускай незалежнасці адна з недзяржаўных газет апублікавала выдатную па лаканічнасці карыкатуру. Намаляваны быў рэмень з напісанымі на ім трыма Ленінскімі словамі: «Вучыцца, вучыцца, вучыцца».
Мінула чвэрць стагоддзя. Сваёй актуальнасці карыкатура не страціла, пра што і абвясціў адзіны палітык (АП) 5 кастрычніка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне падчас агляду ўзораў айчыннай зброі і тэхнікі. Цытую: «Трэба зыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складваецца. Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці».
Два кароткіх сказы, але колькі яны спараджаюць пытанняў! Па-першае, пра якую сітуацыю ідзе гаворка? Хаос пачатку 1990-х гадоў даўно пераадолены. Бандыцкая прыватызацыя спыненая. Усе мы — нашчадкі бацькоў і дзядоў, якія ўзнялі над Рэйхстагам сцяг перамогі. «Беларуская мадэль эканамічнага развіцця», як і дзяржаўная ідэалогія, аснову якой складае патрыятызм, сталі рэальнасцю. Кожны чытач «Новага Часу» здольны працягнуць спіс дасягненняў.
Па-другое, што трэба разумець пад «добрым рэменем»? Як простаму чалавеку, не надзеленаму, як АП, ад прыроды «інтуіцыяй, харызмай, сілай характару, уменнем вылучыць галоўнае і здольнасцю прыняць аптымальнае рашэнне ў складаных абставінах», адрозніць добры рэмень ад дрэннага? (Пералік станоўчых характарыстык АП я запазычыў у акадэміка Анатоля Рубінава).
Зразумела, у адпаведнасці з законам «Аб звароцах грамадзян і юрыдычных асобаў», можна звярнуцца па параду непасрэдна да АП або хаця б да кіраўніка раённай адміністрацыі. Але калі мне памяць не здраджвае, галоўная характарыстыка нашага часу — хуткасць, а па законе ў чыноўнікаў ёсць месяц на падрыхтоўку адказу. Але за месяц актуальнасць пакарання можа быць страчаная, а гэта негатыўна адаб’ецца на тым, што АП назваў «карысцю для дзіцяці».
Здавалася б, наяўнасць адпаведнага закона вырашыла б праблему. Такую задачу і ставілі перад сабой аўтары канцэпцыі закона супраць хатняга гвалту. Але ж «усё ў законах не прапішаш». Аднак не варта адчайвацца. У народа, які так і не здолеў завяршыць пераход ад традыцыйнай эпохі да мадэрну, на гэты выпадак ёсць справядлівасць, якая «вышэй за закон заўсёды, калі на тое пайшло».
Пра вяршэнства справядлівасці над законам шмат чаго цікавага могуць распавесці кандыдаты ў прэзідэнты, якіх у Беларусі рэгулярна збіваюць падчас выбарчых кампаній. Але гэта тэма для асобнай гаворкі…
Вернемся да карысці лупцоўкі. Вось як яе апісаў сам АП: «Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач».
Вось якое, аказваецца, простае тлумачэнне! Карысць — у паслухмянасці! У рамках «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця» толькі ад паслухмяных выканаўцаў і можа быць карысць, інакш мадэль пойдзе ў разнос. А стабільнасць, якая разумеецца як нязменнасць, — гэта наша ўсё. Таму актыўныя, самастойныя людзі ёй проціпаказаныя.
Якія пагрозы хавае для аўтарытарнай улады «непоротое поколение», добра вядома з гісторыі Расійскай імперыі. У 1762 годзе Пётр III падпісаў указ аб «Вольнасці дваранства», які, у прыватнасці, забараняў лупцаваць дваран пугамі, што запусціла працэс фарміравання людзей з асабістай годнасцю. І пайшло, і паехала. Ну як тут ні працытаваць правадыра сусветнага пралетарыяту: «Дзекабрысты абудзілі Герцэна. Герцэн разгарнуў рэвалюцыйную агітацыю. Яе падхапілі, пашырылі, умацавалі, загартавалі рэвалюцыянеры-разначынцы, пачынаючы ад Чарнышэўскага і заканчваючы героямі "Народнай Волі"».
Напярэдадні двухсотгадовага юбілею
Што агульнага паміж рэменем як крыніцай усеагульнай карысці і дружным галасаваннем беларусаў на рэферэндуме ў 1996 годзе супраць адмены смяротнай кары? А ў тым, што галасаванне было дружным, сумнявацца не даводзіцца. І справа тут не ў працэнтах, абвешчаных ЦВК (67% ад колькасці тых, хто меў права ўдзельнічаць у рэферэндуме). Апытанні НІСЭПД унікальную крыважэрнасць беларусаў неаднаразова пацвярджалі.
Апошні раз пытанне пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання незалежныя сацыёлагі задавалі ў сакавіку 2016 года. Супраць адмены выказалася 52%, за — 36% і 12% не здолелі вызначыцца з адказам. Варта заўважыць, што ўзровень крыважэрнасці сярод жанчын апынуўся вышэйшым, чым сярод мужчын, — 55% vs. 47%.
Гендарны перакос у НІСЭПД патлумачылі тым, што «пры выбары паміж стабільнасцю і зменамі жанчыны ў большай ступені схільныя аддаваць перавагу стабільнасці, а на ролю галоўнага гаранта стабільнасці ў культуры беларускай «большасці» ў моцнай (такім чынам, рэпрэсіўнай) дзяржавы няма канкурэнтаў».
Да культуры апеляваў і АП, калі тлумачыў карысць рэменя: «Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба». А нашы традыцыі не варта блытаць з традыцыямі не нашымі, г. зн. еўрапейскімі: «Дзесьці хтосьці ляпнул — аб супрацьдзеянні гвалту ў сям’і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка семʼяў не будзе: мужык з мужыком ажэніцца або замуж павыходзіць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзін у сямʼі».
Аўтар цытаты — праваслаўны атэіст. А ці мог бы яе вымавіць атэіст ісламскі? Асабіста я перашкодаў для гэтага не бачу.
Прынята лічыць, што ў аснове культуры Усходу ляжыць калектывізм, а Захаду — індывідуалізм. Але як дзейнічаюць заходнія індывідуалісты, калі сутыкаюцца з непапулярнымі рашэннямі ўрада? Яны самаарганізуюцца і з дапамогай палітычнай актыўнасці спрабуюць дамагчыся такіх законаў адмены або карэкціроўкі.
Па колькасці непапулярных, а часам і папросту ідыёцкіх рашэнняў наша ўлада — не канкурэнт заходняй. Але як паводзіць сябе ў такім выпадку «чалавек савецкі», а ў цяперашні час яго постсавецкі правапераемнік? Ён ціха і ў адзіночку абыходзіць закон, як можа. Строгасць законаў у нас кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання. Двухсотгадовы юбілей гэтага базавага прынцыпу айчыннай культуры хутка будзе адзначаць уся прагрэсіўная постсавецкая грамадскасць.
Але змагацца з несправядлівасцю заходні чалавек можа і ў адзіночку. Звернемся па каментар да культуролага Андрэя Пеліпенкі: «Што робіць герой амерыканскага баевіка, дзе тыповыя мадэлі паводзінаў заходняга чалавека пададзеныя ў завостраным, часта да прымітыўнасці выглядзе, калі ён сутыкаецца са свавольствам і гвалтам? Бярэ вінтоўку (пісталет, аўтамат, кулямёт, гранатамёт, ці хаця б бейсбольную біту) і, не задумваючыся, ідзе абараняць сябе, сваю годнасць, сваю ўласнасць, сваіх блізкіх».
У гэтай сувязі рэкамендую чытачам паглядзець адзначаны шматлікімі ўзнагародамі фільм 2017 года «Тры білборды на мяжы Эбінгу, Місуры».
Паводле «бразільскай сістэмы»
Але заходні герой-адзіночка не самотны. На яго баку — універсальны закон, які і надае яму сілы. У гэтым прынцыповае адрозненне не нашага закона ад нашага. Апошні заўсёды на баку дзяржавы. Таму барацьба са злом у нас была, ёсць і будзе функцыяй начальства, а не прыватных асобаў. Максімум, што ім дазволена — сігналізаваць, г.зн. у адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» падаваць скаргі.
Культуры падзяляюцца на рэпрэсіўныя і на культуры заахвочвання. Зразумела, што ў рэальным жыцці ні тая, ні другая ў чыстым выглядзе не існуюць. Аднак, як правіла, нейкая з іх пераважае.
У гэтай сувязі цікавы прыклад, які прывёў у газеце «Ведамасці» эканаміст Максім Буеў: «У 47-м выпуску дзіцячага гумарыстычнага кіначасопіса «Ералаш» футбольнага брамніка трэніруюць паводле «бразільскай сістэмы». Сутнасць яе палягае ў тым, што за спіной галкіпера знаходзіцца вітрына цырульні: любы прапушчаны мяч павернецца пабітым акном. Такі сцэнар — алегорыя сістэмы, у якой страх з’яўляецца галоўным матыватарам прагрэсу».
Уладальнік доктарскай ступені, атрыманай у Оксфардзе, Буеў тлумачыць, што ў складаных сістэмах памылкі непазбежныя, таму такі спосаб матывацыі з’яўляецца ад пачатку памылковым. Тым не менш, у «беларускай мадэлі» ён з’яўляецца базавым. Прыгадаем візіт АП у Воршу і аргвысновы, якія ён справакаваў.
Але, насуперак міфалогіі, рэпрэсіўная культура падтрымліваецца і перадаецца не столькі праз суб’ектаў, колькі праз аб’екты рэпрэсій. Таму спасылкі АП на вынікі рэферэндуму, згодна з якімі Беларусь з’яўляецца адзінай дзяржавай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне, не пазбаўленыя падставаў.
Пры гэтым першы радок нацыянальнага гімна («Мы беларусы — мірныя людзі») нікога не павінен уводзіць у зман. «Миру — мир», а смерці — смяротнае пакаранне. Адно аднаму, як сведчыць гісторыя, не перашкаджае.