«Выкідваў з кватэры, зімой босымі нагамі стаяла на бетоне»
У Слуцку абмеркавалі праблему хатняга гвалту.
Праблема хатняга гвалту для случчан не новая. Да гэтага часу жыхары горада абмяркоўваюць расправу мясцовых бацькоў з двухгадовым дзіцём. Цікавасць людзей да гэтай тэмы яшчэ больш абвастрылася пасля знакамітага выказвання кіраўніка краіны наконт пазітыўнага пакарання рамянём. На сустрэчы, якая адбылася ў Слуцку 21 кастрычніка па ініцыятыве барысаўскіх грамадскіх актывістаў Алены Аўтушка і Алеся Жучкова, жыхары горада абмеркавалі адрозненні паміж звычайным бытавым канфліктам і хатнім гвалтам, псіхалагічныя наступствы ў выглядзе розных комплексаў для дзяцей, якія выраслі ў сям’і, дзе збіццё аднаго з партнёраў – гэта амаль норма.
Падчас сустрэчы, на якой прысутнічалі і мужчыны і жанчыны, былі зроблены высновы, што калі ў звычайных сямейна-бытавых канфліктах заўсёды ёсць прадмет для спрэчак, то для гвалту гэта толькі нагода. З агрэсарам нельга падтрымліваць партнёрскія ўзаемаадносіны, бо яго мэта — усталяванне кантролю і атмасферы страху ў сям’і.
Амаль усе жанчыны, якія прысутнічалі на сустрэчы, маюць свае гісторыі гвалту, якія маглі б стаць жахлівымі сюжэтамі для кінасерыялаў.
Адну муж біў з-за рэўнасці, другую — з-за таго, што яна «нікчэмная» і мала зарабляла. Гісторыі розныя, але паводзіны жанчын доўгі час былі аднолькавымі: цярпелі здзекі і спадзяваліся, што нешта зменіцца. Дарэчы, не ўсе гвалтаўнікі бываюць алкаголікамі.
— Мой муж на людзях паводзіў сябе амаль ідэальна, мне нават зайдросцілі, што ён нібыта непітушчы, — распавяла ўдзельніца сустрэчы Валянціна Міхайлаўна. — Але ён выпіваў дома, біў не толькі мяне, але і сына.Выкідваў з кватэры, зімой босымі нагамі стаяла на бетоне. Не адзін раз звярталася ў міліцыю. Міліцыянты прыходзілі, чамусьці адчынялі халадзільнік, у якім ляжала шмат прадуктаў. Па колькасці прадуктаў і чысціні ў кватэры рабілі высновы, што сям’е жывецца нядрэнна. Відавочна, што такім чынам яны абаранялі мужа, які займаў нядрэнную пасаду. Па словах жанчыны, яна доўгі час не разумела, што калі мужчына пабіў жанчыну адзін раз, то паб’е і ў другі, і ў трэці, і ўсё чакала, што муж некалі зменіцца.Я ўцякала, з’язджала, хавалася — знаходзіў, вяртаў, каяўся, — працягвае былая ахвяра хатніх здзекаў. — Затым усё пачыналася спачатку. Калі ж быў цвярозым — знішчаў маральна: «Ты нікчэмная, грошай мала зарабляеш, без мяне ты прападзеш, ты нікому не будзеш патрэбная». Я зрабілася сапраўды нейкай нікчэмнай, падпарадкоўвалася, як зомбі.
Уратавалася Валянціна Міхайлаўна ад свайго жорсткага мужа падчас перабудовы, калі людзям іншых нацыянальнасцяў прыйшлося ўцякаць з Кыргызстана.
— Здолела яго перахітрыць. Дамовіліся ехаць ва Уладзівасток, купілі квіткі, але я села ў цягнік, які ішоў у супрацьлеглым накірунку. І адчула сябе свабоднай і шчаслівай, — распавяла жанчына пра сваё вызваленне ад мужа-тырана.
Валянціна Міхайлаўна адназначна падтрымлівае ідэю аб прыняцці адмысловага закону супраць хатняга гвалту.
Алена Аўтушка, старшыня грамадскай арганізацыі «Правінцыя», пасля сустрэчы распавяла карэспандэнту НЧ аб тым, што зараз у краіне ствараецца клуб жаночага лідарства, мэтай якога з’яўляюцца салідарнасць, адукацыя і інфармаванне, развіццё грамадзянскіх кампетэнцый.
— Сёння ў Слуцку была гарачая дыскусія наконт прычын і вынікаў хатняга гвалту для грамадзян і дзяржавы, наконт неабходнасці прыняцця закону для барацьбы з хатнім гвалтам. Гэта значыць, што людзі востра ўспрымаюць праблему, яны зацікаўлены ў атрыманні інфармацыі і грамадскіх абмеркаваннях, — зазначыла грамадская актывістка.