З дарэвалюцыйным домам слуцкія ўлады разабраліся. На чарзе — актывісты?
Прыгожага дарэвалюцыйнага дамка ў цэнтры Слуцка больш няма. Ён быў разбураны 22 кастрычніка яшчэ да абеда. Разбурэнне адбывалася настолькі хутка, што грамадскія актывісты і неабыякавыя случчане да гэтага часу знаходзяцца ў шоку.
На ліквідацыю невялікага двухпавярховага будынка былі кінуты найлепшыя разбуральныя сілы горада. Яшчэ да 70-х гадоў савецкіх часоў тут стаяў цэлы квартал будынкаў канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў, якія сведчылі пра тое, што Слуцк існаваў задоўга да савецкай улады.
Камуністы думалі інакш, ім хацелася, каб горад меў толькі савецкае аблічча.
І яны дабіліся гэтага. Што не зламалі ў савецкі час — даламываюць зараз. Засталося разбурыць яшчэ каля дзясятка будынкаў, каб Слуцк канчаткова ператварыўся ў горад-манкурт, які не ведае, не цэніць і не помніць сваёй гісторыі.
І гэта не асабістае меркаванне журналіста. Такія думкі выказалі людзі, якія купкамі сабраліся каля шматпавярхоўкі па адрасу вул. Леніна, д.138а і з сумам назіралі разбуральны працэс.
— Баліць душа, — гаворыць мужчына, які за 42 гады з свайго балкона прывык штодзённа бачыць своесаблівы кірпічны дамок. — Улады марнуюць столькі грошай на абы-што, чаму б ім было не паклапаціцца пра захаванне памяці пра іншыя стагоддзі? Што фашысты не разбурылі ў вайну, тое даруйнуюць свае ўлады.
— Вось гэтыя клубы пылу над разбураным дамком і ёсць сімвал «Года малой Радзімы», — коратка даў ацэнку падзеі іншы мужчына, які пабаяўся назваць сваё імя па вельмі важнай прычыне: «Са мной зробяць тое ж самае, што і з гэтым домам, бо яны нікога не баяцца: ні людской думкі, ні гістарычнай ацэнкі іхніх гвалтоўных дзеянняў».
— Не баяцца, бо пракуратура і міліцыя будуць на іхным баку, а з тымі актывістамі, якія тут фоткаюць, яшчэ разбяруцца, — выказаў думку яшчэ адзін мужчына.
Тамара Зубко жыве непадалёку, у доме №136 па вуліцы Леніна.
— Калі напрыканцы тыдня двухпавярховік абнеслі чырвонымі стужкамі, я нават узрадавалася, — распавяла жанчына. — Думала, што знайшоўся нейкі добры чалавек, які адрамантуе будынак і ён яшчэ паслужыць на карысць людзям. Сёння ж як убачыла, што пачалі яго зносіць, не змагла ўтрымаць слёз. Вось стаю і плачу. Чаму не было аніякай інфармацыі пра праблемы будынка? Чаму не аб’яўлены які-небудзь аукцыён? Чаму не падараваць яго актыўным людзям, тым жа прадпрымальнікам? Навошта патрэбна была такая хуткасць з гэтым разбурэннем? Ды многія сучасныя дамы, калі паглядзець, у якіх яны трэшчанах, маюць большыя праблемы.
Гэткая хуткасць незразумелая і чытачам мясцовай газеты «Інфа-кур’ер», якія пакінулі свае каментары пад артыкуламі аб зносе будынка на сайце выдання.
Наўрад ці гэтыя выказванні будуць да спадобы слуцкім уладам.
Не разумеюць гэткай імгненнай хуткасці, адсутнасці інфармацыі і некаторыя прадпрымальнікі, якія маюць грошы і гатовыя ахвяраваць на гісторыка-культурныя праекты.
Да таго ж зараз лічыцца нават модным збіраць грошы на захаванне гістарычнай памяці наўпрост сярод беларусаў, існуюць і розныя сумесныя культурніцкія праекты з еўрапейскімі краінамі. Да прыкладу, «Дом сумеснага пражывання» для адзінокіх людзей у вёсцы Грозаў Капыльскага раёна месціцца ў доме, які ўжо даўно лічыцца старым. Чамусьці капыльскія ўлады не разбурылі яго, а знайшлі грошы, каб захаваць.
Вось такі сумны канец нядоўгага змагання, нягледзячы на безліч розных скаргаў, прашэнняў, заяваў і просьб нешматлікіх актывістаў аб прыпыненні разбурэння да атрымання адказаў з розных інстанцый: пракуратуры, райвыканкама, Міністэрства культуры, Адміністрацыі кіраўніка краіны, аблвыканкама і многіх іншых.
У той час, як бульдозер ужо руйнаваў будынак, грамадскі актывіст Віталь Амяльковіч вёў размову па гэтай праблеме з дэпутаткай Парламента Валянцінай Ражанец. Пра будучы знос будынка яна ведала яшчэ 18 кастрычніка — пры запісу грамадзян на прыём заўсёды агучваецца тэма.
Па інфармацыі Віталя, яна дала зразумець, што «райвыканкам не абмяркоўваў з ёю знішчэнне дома». Сама ж дэпутат ініцыятыву па выратаванню будынка не праявіла і таксама ўвойдзе ў спіс людзей, датычных да гэтага акту вандалізма.
А першымі ў гэтым спісе будуць стаяць старшыня райвыканкама Андрэй Янчэўскі і яго намеснік па ідэалогіі Ларыса Дабравольская.
І на заканчэнне: па інфармацыі Ігара Случака, які разам з слуцкімі грамадскімі актывістамі «несанкцыянавана» наведаў райвыканкам у пятніцу, 19 кастрычніка, прыкладна пяцёра грамадскіх актывістаў будуць даваць тлумачэнні згодна з адміністратыўнымі пратаколамі. Сам Случак ужо вымушаны быў даць такія тлумачэнні, калі выпадкова ў якасці сведкі патрапіў у Слуцкі РАУС (Аліна Нагорная выклікала міліцыянтаў, каб яны спынілі гвалт над домам).
Пасля разбурэння дома ўлады пачнуць разбірацца з актывістамі? З прычыны таго, што яны спрабавалі атрымаць інфармацыю ў галоўнага начальніка горада? У непрыёмны дзень! Гэта ж такое злачынства!