СБУ абвінаваціла Кадырава ў ваенных злачынствах. Той паабяцаў «прыехаць і разабрацца»
Служба бяспекі Украіны заявіла, што сабрала «бясспрэчныя доказы ваенных злачынстваў» з боку кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава і двух яго падначаленых, Данііла Мартынава і Хусэйна Межыдава.
СБУ сцвярджае, што ў лютым і сакавіку 2022 года Рамзан Кадыраў асабіста кіраваў распрацоўкай і планаваннем шэрагу вайсковых аперацый, якія праводзіліся чачэнскімі падраздзяленнямі Расгвардыі і тактычнай групай 249-га асобнага матарызаванага батальёна «Поўдзень» Расгвардыі. Гэтымі падраздзяленнямі кіравалі Данііл Мартынаў і Хусейн Межыдаў, адпаведна. Кадыраў, як гаворыцца ў прэс-рэлізе, асабіста аддаваў загады, заслухоўваў справаздачы і даклады кіраўнікоў названых падраздзяленняў.
Рамзана Кадырава СБУ падазрае па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны: «Вядзенне агрэсіўнай вайны», «Здзяйсненне наўмысных дзеянняў з мэтай змены межаў тэрыторыі Украіны ў парушэнне парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Украіны, якія прывялі да гібелі людзей і іншых цяжкіх наступстваў», а таксама «Прызнанне правамернай узброенай агрэсіі РФ супраць Украіны».
У СБУ сцвярджаюць, што 5 сакавіка Мартынаў асабіста кіраваў захопам Барадзянскага псіханеўралагічнага інтэрната з герыяртрычным аддзяленнем. Па яго загадзе былі ўзятыя ў закладнікі больш за 500 чалавек: пацыенты і персанал дыспансера, мясцовыя жыхары. Падыходы да інтэрнату былі замінаваныя, а яго будынак стаў агнявой пазіцыяй расійскіх вайскоўцаў.
Пра захоп інтэрната і пра тое, што перажылі яго закладнікі, пісала выданне «The New York Times». Яго журналісты высветлілі, што 5 сакавіка чачэнскія вайскоўцы на недарожніках прабілі браму клінікі і загадалі вывесці ўсіх пацыентаў з палат і выстраіць у двары. Яны навялі на лекараў аўтаматы і запатрабавалі, каб усе ўсміхнуліся і сказалі на камеру: «Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін». Большасць пацыентаў пры гэтым плакалі.
Па загадзе Хусейна Межыдава, паводле даных СБУ, у перыяд з 25 лютага па 13 сакавіка вайскоўцы яго тактычнай групы ўзялі ў закладнікі каля двухсот жыхароў Гастомеля, якіх увесь гэты час трымалі ў падвалах шматпавярховак.
Мартынаў і Межыдаў абвінавачваюцца СБУ па артыкуле «Парушэнне законаў і звычаяў вайны, жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі або грамадзянскім насельніцтвам» КК Украіны.
Рамзан Кадыраў адказаў на абвінавачанні СБУ, размясціўшы ў сваім тэлеграм-канале два аўдыёпаведамленні. У першым ён прызнаў, што «ўдзельнічаў, удзельнічае і будзе ўдзельнічаць у спецыяльнай аперацыі» ва Украіне, і не стаў адмаўляць выстаўленых яму абвінавачанняў. Кадыраў таксама паабяцаў «прыехаць і разабрацца» ва Украіну.
У другім аўдыёпаведамленні ён удакладніў, што Мартынаў ужо не працуе ва ўпраўленні Расгвардыі па Чачэнскай Рэспубліцы. Ён таксама прызнаў удзел Межыдава ў вайне ва Украіне, сказаўшы, што той «абараняў старых і жанчын».