Выбар сучаснай Расіі: вайна — гэта альтэрнатыва мадэрнізацыі

Уся мудрасць пуцінізму — простая як кут дома ідэя: мы ведаем, што мы не прывабныя і неканкурэнтаздольныя, але з павагі да нашага ваеннага патэнцыялу вы павінны добраахвотна адмовіцца ад спробаў спаборнічаць з намі на тэрыторыях, якія мы пазначаем як сферу сваіх жыццёва важных інтарэсаў. Вось, уласна, і ўсё. Пра гэта разважае у сваім тэлеграм-канале расійскі навуковец і палітолаг Уладзімір Пастухоў

7594421.jpg

— Калі думаю пра настроі і лад мыслення, што пануюць у Расіі, дык лаўлю сябе на думцы, што рускія спрабуюць стаць у дачыненні да сучаснага Захаду чымсьці накшталт новай Спарты, якая некалі зрынула з пастамента багатыя, але расслабленыя Афіны. Але, каб паводзіць сябе як Спарта, трэба, як мінімум, ёй быць…

Калі звярнуцца да Валдайскай прамовы Пуціна, якая на сённяшні дзень з'яўляецца адным з найбольш сістэматызаваных пераказаў поглядаў кіруючай расійскай эліты на сябе і на свет, я павінен сказаць, што ў ёй зашыта досыць шмат перакручаных сэнсаў, з якіх складзены сённяшні рускі ідэалагічны код. Сэнсы гэтыя трэба, як бы гэта ні было непрыемна ці брыдка, скрупулёзна секвеніраваць, таму што, не маючы поўнай формулы, мы не зможам стварыць эфектыўную вакцыну, хоць бы і ў будучыні.

Пачнём з геному «сусветнай несправядлівасці» ў адносінах да рускіх, або «русафобіі». У аснове пуцінскага светапогляду ляжыць просты і зразумелы пасыл. У сучаснай сістэме міжнародных эканамічных і палітычных адносін Расіі, калі звярнуцца да больш арганічнай для цяперашняй крамлёўскай эліты мовы, прыгатаванае месца «ля парашы», гэта значыць месца сыравіннага прыдатка сусветнай эканомікі, што выменьвае прыродныя рэсурсы на электронныя каралі.


Месца гэта «крамлёўскіх» не задавальняе, і ў гэтым пытанні я іх разумею — мяне яно таксама не задавальняе. І вось яны хочуць запатрабаваць сабе лепшае месца. У гэтым палягае завязка канфлікту, якая робіць яго блізкім і зразумелым «ширнармассам». Тое, што Расію засоўваюць у далёкі кут гісторыі, масы разумелі і без усялякай прапаганды, так што яе значэнне ў гэтым пытанні не варта перабольшваць. Прапаганда адыграла вырашальную ролю ў выбары спосабу адказу на гэты выклік.

З кута можна было выйсці па-рознаму. Можна было, ідучы за Пятром і Леніным, на зубах правесці даўно наспелую мадэрнізацыю, а можна было паспрабаваць выбіць зубы крыўдзіцелю. Аднак мадэрнізацыя несумяшчальная са зладзейскай уладай, выбудаванай на мафіёзнай аснове, а вось наконт «мардабою» – гэта цалкам для яе арганічная рэакцыя.

Трэба дакладна ўсвядоміць, што вайна — гэта альтэрнатыва мадэрнізацыі. Той, хто адчувае ў сабе сапраўдную гістарычную сілу, пачынае рэформы, а той, хто адчувае толькі сваё гістарычнае бяссілле, пачынае вайну. Вайна як метад вырашэння праблем у сучасным свеце – гэта істэрыка слабых.


Што было дадзена Крамлю ў якасці зыходных перадумоў? Адсталае грамадства, што імкліва дэградавала ў тэхналагічным, эканамічным і сацыяльным аспектах, — гэта з аднаго боку. А з другога — усё яшчэ магутная ваенная машына з каласальным ядзерным кампанентам.

Ідэолагі «Рускай вясны» чамусьці вырашылі, што другім можна кампенсаваць першае. Асялок, на якім трымаецца ўся пуцінская рыторыка, – гэта ідэя канвертацыі ядзернага патэнцыялу ў гарантыі «недатыкальнасці» эканамічных інтарэсаў у абумоўленых геаграфічных межах.

Ідэя, якая за гэтым стаіць, простая як кут дома: мы ведаем, што мы не прывабныя і неканкурэнтаздольныя, але з павагі да нашага ваеннага патэнцыялу вы павінны добраахвотна адмовіцца ад спробаў спаборнічаць з намі на тэрыторыях, якія мы пазначаем як сферу сваіх жыццёва важных інтарэсаў. Вось, уласна, і ўся мудрасць пуцінізму.

У гэтым, як мне здаецца, і ёсць раўненне на Спарту: небагатая, але развітая ў ваенных адносінах Спарта перамагла багатыя Афіны, якія грэбавалі вайной. І такое магчыма.


Але ёсць нюанс. Спарта была па-сапраўднаму магутнай ваеннай дзяржавай. Расія ж па выніках першых сямі месяцаў вайны выглядае як калос на ядзерных нагах. Калі выключыць ядзерную кампаненту, то Расія не выцягвае нават рэгіянальную вайну з Украінай, якая падмацаваная амерыканскім ленд-лізам.

Наконт прамога супрацьстаянні з блокам НАТА гаворка наогул не ідзе. Тут, акрамя пагрозы прымянення ядзернай зброі, ніякіх іншых інструментаў папросту няма. Так што ядзерны шантаж цяпер наша ўсё. Цікава, наколькі моцныя нервы ў Байдэна…