Занадта вялікая, каб пахіснуцца

Пасля выбараў у Дзярждуму Расіі і пратэстных вулічных акцый супраць фальсіфікацый у Маскве з’явілася выслоўе: здзейснілася мара расіян жыць як у Беларусі. Наступная акцыя прызначаная на 24 снежня, і ўлады Масквы яе ўжо дазволілі. Ці астудзіцца цяперашні запал Расіі ў дачыненні да Беларусі на хвалі ўнутраных грамадскіх пратэстаў?

Пасля выбараў у Дзярждуму Расіі і пратэстных вулічных акцый супраць фальсіфікацый у Маскве з’явілася выслоўе: здзейснілася мара расіян жыць як у Беларусі. Наступная акцыя прызначаная на 24 снежня, і ўлады Масквы яе ўжо дазволілі. Ці астудзіцца цяперашні запал Расіі ў дачыненні да Беларусі на хвалі ўнутраных грамадскіх пратэстаў?
Бунтарскі дзень 5 снежня завяршыўся прыняццем рэзалюцый з шэрагам патрабаванняў да ўлады. У тым ліку маніфестанты патрабавалі правесці новыя парламенцкія выбары і лібералізаваць закон аб партыях, каб у выбарах маглі ўзяць удзел нефармальныя арганізацыі. Выбары, пратэст, блакіроўка інтэрнэт-рэсурсаў — аналогій з беларускімі парадкамі дастаткова. Але расійскія ўлады не сталі паўтараць беларускі досвед адзін да аднаго. Пратэстныя акцыі, дзе колькасць людзей была невялікай, сапраўды разганялі. Але ў Маскве, як бачым, назіраецца разгул лібералізму. Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў нават напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што не згодны ні з лозунгамі, ні заявамі, якія прагучалі ў ходзе акцыі. “Тым не менш мною было дадзена даручэнне праверыць усе паведамленні з выбарчых участкаў, якія датычацца выканання заканадаўства аб выбарах, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Пра тое, як будзе разгарацца полымя народнага гневу ў Расіі, можна будзе меркаваць бліжэй да Раства — прынамсі акрэсліцца кірунак дзеянняў. Але цалкам магчыма, што пара незадаволенасці будзе ўмела выпушчаная без вялікіх страт для дуумвірату.
Калі ж разважаць пра рэакцыю ў “чырвоным доме на Карла Маркса, то народныя выступленні супраць нешматлікіх хаўруснікаў Аляксандра Лукашэнкі наўрад ці дадаюць яму аптымізму. Тым больш свежая памяць пра ганебны сыход з кіраўнічых пасадаў усходніх правіцеляў-прыяцеляў. “Гэта новы і нечаканы этап для Расіі, тут жа падзеі пакуль толькі асэнсоўваюцца і аналізуюцца, — разважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — З высновамі, як спроба зладзіць у Маскве Майдан паўплывае на ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Расіяй, я б не спяшаўся, бо на наступным тыдні ў Маскве будзе сустрэча на вышэйшым узроўні ў рамках шматбаковых інтэграцыйных аб’яднанняў (19 снежня адбудуцца пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (Беларусь, Казахстан, Расія) і Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. 20 снежня пройдуць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ і нефармальнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, прымеркаванае да 20-годдзя Садружнасці — рэд.). Напрыканцы снежня ўвогуле будзе шэраг знакавых сустрэчаў, па выніках якіх і можна будзе рабіць высновы.
Якаўлеўскі мяркуе, што расійскі прыклад натхніць беларусаў пакуль не можа, бо масіраваны пагром у снежні мінулага года і наступныя рэпрэсіі супраць іншадумцаў трывала загналі незадаволеных уладаю на кухні. “Для нас увогуле тое, што абудзіла расійскі народ, не новае — мы назіралі гэта ў Беларусі і раней. Але крамлёўскае кіраўніцтва не кіне займацца беларускімі справамі на тле ўласных праблем. Расіянам яшчэ трэба выканаць планы па заробку ў “Белтрансгазе ды завяршыць іншыя справы. Расія вялікая настолькі, што не пахіснецца, — жартуе палітаглядальнік.
Ён раіць звярнуць увагу на інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі радыёстанцыі “Руская служба навін. Дзе, ацэньваючы апошні этап беларуска-расійскіх адносінаў, Лукашэнка выказаў меркаванне, што з расійскага боку гэта не з’яўляецца перадвыбарчым ходам. “Я не веру, што гэта перадвыбарнае, што прымусіла нас зблізіцца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я не хацеў бы, каб гэта была толькі перадвыбарчая прычына. Мне здаецца, што ў выніку гэтых сутыкненняў лоб у лоб з рускімі — вы памятаеце: малочныя войны, і газ нам закручваюць, і нафту перакрывалі, і гэтак далей — усё ж такі мы прыйшлі да разумення, што гэтая бойка нічога не дасць, трэба па-новаму будаваць адносіны. “У гэтых словах чытаецца няўпэўненасць беларускага лідара ў шчырасці расійскага кіраўніцтва, няўпэўненасці ў будучыні, — адзначае Якаўлеўскі.