10 фактаў пра Слуцкі збройны чын
27 лістапада адзначаецца гадавіна Слуцкага збройнага чыну — магчыма, адзінага ў гісторыі Беларусі ўзброенага выступлення супраць савецкай улады. Пра гэтую падзею за яе стогадовую гісторыю ўжо шмат напісана і сказана. «Новы Час» паспрабаваў сабраць вядомыя факты і выбраць з іх самае галоўнае.
Факт 1Падзеі восені 1920 года на Случчыне маглі б называцца паўстаннем, але гэта было б не зусім правільна, таму што якраз у той прамежак часу афіцыйна не было супраць каго паўставаць: Случчына была нейтральнай зонай — польскія войскі сышлі, а савецкія яшчэ не паспелі заняць тэрыторыю. Таму пад «чынам» прынята разумець «выступленне», «акт», «дзеянне», якое збольшага мела характар партызанскай вайны і было накіраванае на барацьбу з Саветамі.
Факт 2
14 лістапада Першы беларускі з’езд Случчыны, на якім было больш за сто дэлегатаў, абвясціў яе «вольнай часткай Беларускай Народнай Рэспублікі». З 17 чалавек была ўтвораная Рада Случчыны, якая прыняла рашэнне аб фарміраванні ўласнага войска. 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі складалася з 2-х палкоў: Слуцкага і Грозаўскага. Польская дэфензіва вызначала колькасць жаўнераў брыгады ў 4 тысячы чалавек, савецкія ваенныя крыніцы — у 2 тысячы.
Факт 3
У Дэкларацыі Беларускай Рады Случчыны ад 28.11.1920 г. абвяшчалася незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах, пры гэтым у межах БНР прызнавалася права ўсіх меншасцей на нацыянальную аўтаномію.
Факт 4
У сакавіку 1920 года Слуцк наведаў вядомы драматург Уладзіслаў Галубок. Сярод уражанняў ад паездкі ён апісаў уздым беларускасці ў мясцовым грамадстве: «Было 11 ч. ночы, калі я быў ля дзьвярэй Нацыянальнага К-ту. Беларускі сьцяг і Пагоня сьведчылі мне, што тут сяліба Слуцкіх Беларусаў.
Увайшоўшы ў памяшканне К-ту, у чытальні я ўбачыў вялікі партрэт Я. Купалы, нарысованы вядомым слуцкім мастаком Праатцавым, і шмат плякатаў нацыянальнага характару. Усё гэта сьведчыло, што тут працуюць беларусы».
Галубок адзначыў сваёй увагай тутэйшы тэатр, які, нягледзячы на адсутнасць сродкаў для існавання, меў неблагі ўзровень і зборамі на спектаклях падтрымліваў тых, каму не было на што жыць, а таксама выказаў пажаданне наконт стварэння музею: «Вельмі пажаданым было б, каб Слуцкія дзеячы парупіліся аб музэі і як найхутчэй пачалі б збор этнаграфічных, археолёгічных і розных гістарычных рэчаў Беларускай зямлі, а Слуцкая зямля гэтым багата».
Менавіта мова і культура ў тагачасным грамадстве закладалі падмурак для беларускай свядомасці.
Факт 5
Фарміраванню нацыянальнага складніку ў гэтай частцы Беларусі «паспрыяла» таксама і вайна: Саветы праводзілі прымусовую мабілізацыю насельніцтва ў войска, а харчовыя вайсковыя аддзелы адбіралі з сялян скаціну і ежу на ўтрыманне гэтага самага войска. У выніку людзі ўцякалі ад мабілізацыі ў савецкае войска і ўтваралі беларускія партызанскія атрады.
Факт 6
За месяц да слуцкіх падзей адбыўся ваенны паход генерала Булак-Балаховіча на Палессе. На той час яго войска налічвала каля 20 тысяч чалавек, пераважную большасць з якіх складалі расейцы і ўкраінцы. Яны мелі конніцу, кулямёты і гарматы, але праз адсутнасць дысцыпліны і належнага кантролю пацярпелі паразу.
Савецкая ваенная разведка напачатку называла случакоў «атрадамі Булак-Балаховіча», але ўжо ў снежні 1920-га ў данясеннях фігуравалі «дезертиры Слуцкого уезда».
У 1921 годзе віленская газета «Наша Думка» пісала, што случакі, якія амаль не мелі зброі і падрыхтаваных людзей, адмовіліся ад падтрымкі Булак-Булаховіча, за што той, адправіўшы да паўстанцаў свайго чалавека, і нібыта даў таму загад на расстрэл «нязгодных».
Факт 7
Першая адкрытая ўзброеная сутычка случакоў з чырвонаармейцамі адбылася 27 лістапада 1920 года каля вёскі Васільчыцы, адкуль савецкія атрады былі выгнаныя паўстанцамі. Паколькі ў 1-й Слуцкай брыгадзе не ставала зброі, адкрытых баявых аперацый за ўвесь час падзей амаль не было: брыгада пераважна адступала, пазбягаючы сутыкненняў, і ладзіла партызанскія акцыі супраць «чырвоных».
Факт 8
Камуністычныя ідэолагі доўгі час адмаўлялі Слуцкі збройны чын як факт, а таксама якія бы там ні было баявыя дзеянні паміж беларусамі і расейцамі. Пазней падзеі 1920 года на Случчыне савецкая прапаганда прыпісвала «правакацыі» Пілсудскаму і польскім генералам.
Факт 9
У лагер чыну была засланая агентура чэкістаў, якая перадавала адтуль звесткі пра стан і настроі брыгады. Такім чынам камуністы ведалі не толькі імёны кіраўнікоў, але і іх планы.
Факт 10
Жаўнеры 1-й Слуцкай брыгады БНР, якія не трапілі ў рукі Саветаў, апынуліся ў польскім інтэрнаваным лагеры ў м. Дарагуск, адкуль мелі магчымасць таемна перадаваць лісты на волю. Напрыклад, газета «Наша Думка» 6 траўня 1921 г. пісала пра вечар, які быў зладжаны ў лагеры для яго начальства. Беларускія вязні, якія не мелі адзення, ежы і якіх прымушалі да цяжкай фізічнай працы, спявалі марсельезу і чыталі вершы Коласа, Купалы і Гаруна.
Частка случан, якая ў снежні 1920 года адмовілася пераходзіць праз польскую мяжу, яшчэ некалькі месяцаў паспяхова «партызаніла» ў беларускіх лясах.