Агонь, які не згас. Новыя матэрыялы да біяграфіі Ігната Канчэўскага. Частка 2

21 красавіка 2023 года споўнілася 100 гадоў з дня смерці Ігната Уладзіміравіча Канчэўскага, аўтара філасофскага эсэ «Адвечным шляхам». Філосаф, як і яго твор, перажылі і імгненне славы, і амаль поўнае забыццё, аднак сіла слова, думкі і асобы зноў і зноў выклікаюць цікавасць. «Новы Час» публікуе другую частку новых матэрыялаў з біяграфіі пісьменніка і філосафа.

Ігнат Канчэўскі. Фота з архіву Тамары Юсціцкай

Ігнат Канчэўскі. Фота з архіву Тамары Юсціцкай


...За гады вайны, пакуль бацька сямейства быў на вайсковай службе ў Віцебску (разам з жонкай Сафіяй Іосіфаўнай і малодшым сынам Сенем), дом, пакінуты без пастаянных жыхароў, струхлеў, быў разрабаваны, як, зрэшты, і іншыя дамы вакол. Але гэта быў свой дах над галавой, роднае гняздо. Прыстасавалі для жыцця некалькі памяшканняў, сабралі, пачысцілі, што знайшлося, падрамантавалі ацалелую мэблю. Да ўсеагульнага здзіўлення і радасці, як добрае прадвесце, цэлай і некранутай дачакалася гаспадароў велізарная бутля з тоўстага блакітнага шкла, некалі пры закладцы саду падораная сваякамі з пажаданнямі ураджаяў і смачнага віна.

Выжываць было вельмі складана: не было працы, а значыць, і заробкаў, не было аніякіх харчоў, дапамогі чакаць не было адкуль. Голад і нястача вымотвалі здароўе, сілы і нервы. Ігнат адчуў сябе галоўным у сям'і. Ён быў для іх прыкладам сілы духу і адзіным карміцелем: цяжарная жонка і дачка, якая нарадзілася 18 чэрвеня 1919 года, састарэлыя хворыя бацькі і малодшы брат Сеня — іх ён хацеў засцерагчы ад усіх нягод.


Запісы, зробленыя Мікай праз дзесяцігоддзі, перадаюць увесь трагізм і безвыходнасць умоў жыцця:

«Трэба было паміж пяццю дарослымі членамі сям'і і дзіцём літаральна на паштовых вагах для лістоў дзяліць некалькі бульбін. Трэба было, выстаяўшы неверагодную чаргу да кухні для немаёмных, атрымаць у свой посуд “амерыканскую” вадкую поліўку з рэдкімі клёцкамі, у цэласці данесці яе да сям'і. Навучыцца не заўважаць таго, што часам распухлы ад голаду бацька мужа міжвольна з'ядаў па дарозе гэтыя няшчасныя клёцкі і прыносіў амаль адну жыжку, што нагадвала клейстар. Патрэбныя былі неверагодныя ўнутраныя намаганні, каб у гэтых умовах наша каханне ... засталося ранейшым, хоць штодня даводзілася гладзіць гарачым цяжкім прасам усё наша адзенне, знішчаючы вошай, непазбежных спадарожнікаў голаду і нястачы. Гэты страшны час доўжыўся бясконца...

Памятаю, як Ганга скраў для мяне, калі я чакала дзіця, бохан хлеба. З усёй сям'і працаваў толькі ён. Бацька, былы царскі судовы чыноўнік, быў беспрацоўным. Малодшы брат, 17-гадовы гімназіст, маці — таксама не працавалі. На плечы Гангі клалася ўтрыманне, выратаванне ўсёй сям'і».

Новым месцам працы Ігната Канчэўскага стаў Саюз віленскіх кааператываў, ён быў прыняты на пасаду інструктара. Звязаная з пастаяннымі раз'ездамі праца ў глыбінцы ўшчыльную сутыкала яго з праблемамі і бедамі сялян. У разбураных вайной, самаўпраўствам чыноўнікаў і абыякавасцю ўладаў вёсках асабліва відавочнай станавілася неабходнасць аб'яднання, агульнага імкнення да мэты — упарадкавання, паляпшэння жыцця.

Польская даследчыца, прафесарка Іаанна Янушэўска-Юркевіч, вывучыўшы дзейнасць Саюза віленскіх кааператываў, прыйшла да высновы, што арганізацыя гэтая мела не толькі эканамічны, але і палітычны ўплыў на насельніцтва. Па нацыянальным складзе ў ёй немалую частку складалі беларусы, што і не дзіўна: паводле даных Усерасійскага перапісу 1897 года, сярод насельніцтва Віленскай губерні (у склад якой уваходзілі Вілейскі, Віленскі, Дзісненскі, Лідскі, Ашмянскі, Свянцянскі і Трокскі паветы), іх было 56,1%. У той жа час сярод жыхароў горада налічвалася ўсяго толькі 6514 (4,2 %) беларусаў, і далёка не ўсе яны цікавіліся праблемамі грамадства.

Ігнат з Арсенем, які неўзабаве далучыўся да працы брата, раз'язджалі па Віленшчыне з гарачымі агітацыямі і распаўсюджвалі перыядычныя выданні, якім давяралі і дзе друкаваліся самі, — а таксама першыя тоненькія кніжкі на беларускай мове. Яны і дзясяткі падобных ім добраахвотнікаў ажыццяўлялі асноўнае, без чаго выдавецкая дзейнасць губляе сэнс — давядзенне надрукаванага матэрыялу да чытача.

Бацька атрымаў працу ў якасці бухгалтара ў адным з падвіленскіх маёнткаў. Жыццё вялікай сям'і наладжвалася, і Ігнат прыняў прапанову пасады ў Мінску.

Мінск

У кастрычніку 1919 года Ігната перавялі ў Мінск, на лепш аплачваемую працу, і ён з'ехаў туды з жонкай і дачкой. З лістапада працаваў загадчыкам інструктарскага аддзела Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў (Беларускага цэнтральнага саюза мастакоў).

Першы час усё складвалася няблага, сям’я вярталася ў прытомнасць пасля галоднага жыцця ў Вільні, нарэшце амаль наелася ўволю. Аднак пачаліся катастрафічныя падзеі: праз ваенныя дзеянні Мінск стаяў у агні.

Немагчыма сваімі словамі расказаць пра становішча маладой сям'і ў гэты перыяд, таму звернемся да аповеду Мікі:

«Мы літаральна сядзелі на вузлах з рэчамі, з ваннай і разнастайным посудам, напоўненымі вадой. Трэба было бегчы! Але куды? Леначка пры смерці, у яе вострае запаленне тонкага і тоўстага кішачніка. Памятаю, як бегла з дзіцём на руках ад лекара па звар'яцелым горадзе, на вуліцах валяліся дакументы разбураных устаноў, сама ў паўпрытомным стане ад крыкаў яўрэйскіх жанчын. Быў пагром. Лекар сказаў, што дзіця выратуе толькі матчына малако, а яго ў мяне ўжо не было...

Мы здымалі пакой у яўрэйскай сям'і Пінусаў. Гэта былі пажылыя муж і жонка з двума сынамі — дарослым і пятнаццацігадовым. Спадарыня Пінусава, сціплая прадавачка галантарэі, пасля майго аповеду, нічога папярэдне не сказаўшы, у бліжэйшы з гэтых страшных дзён аббегла радзільныя аддзяленні і сабрала ў парадзіх малако. З нясмелай усмешкай яна прынесла яго мне, патлумачыўшы, што ў гэтых паўтары шклянках малако дзвюх яўрэек, адной полькі і адной рускай. Яна яшчэ неаднаразова прыносіла сабранае такім чынам малако, і гэта выратавала Леначку ад смерці».

У ліпені 1920 года да ўлады ў Мінску зноў прыйшлі бальшавікі, беспарадкі сціхлі, але запанаваў голад. Трэба было прымаць рашэнне наконт далейшага жыцця. Галоўнае ўпраўленне беларускіх крэдытных таварыстваў, дзе працаваў Ганга, бальшавікі зрабілі дзяржаўнай установай.


Ганга прастыў, прастуда абвострыла хваробу лёгкіх, тэмпература трымалася 38-39 градусаў. Праз захворванне ён атрымаў вызваленне ад працы, што ў той час азначала застацца без сродкаў да існавання: бальнічныя лісткі і адпачынкі не афармляліся праз нявызначанасць становішча ўладаў.

Вырашылі вярнуцца ў Вільню, да бацькоў. Распрацавалі «хітры», авантурны план, які добра адлюстроўваў тагачасныя рэаліі. Праз бюро пропускаў быў атрыманы дазвол для Мілачкі і Леначкі на выезд у Вільню, а для Ігната — дазвол суправаджаць сям'ю да памежнага пункта ў Стоўбцах. Далей сям’я збіралася наняць фурманку і нелегальна, паўз пасты, дабрацца да Вільні. Пра тое, што адбываецца вакол мяжы і ў Вільні, будучыя ўцекачы не ведалі, бо сітуацыя ўвесь час змянялася: нібыта ў той момант памежную тэрыторыю паміж Мінскам і Вільняй кантралявалі літоўцы, а ў Вільні былі ці то палякі, ці то бальшавікі...

Паступова было прададзена ўсё, акрамя самага неабходнага. Назапасіліся «валютай», што карысталася попытам: салам, цукрам у мяшочках. Гэта павінна было дапамагчы пераканаць смельчака прарабіць намечаны шлях — палявымі, ляснымі вакольнымі дарогамі, пазбягаючы пунктаў праверкі, даставіць сям'ю ў Вільню.

Нарэшце выправіліся. У Стоўбцах Міка «перасякла мяжу» на чыгуначным вакзале і села з дзіцём у цягнік на Вільню. Тым часам Ігнат з чалавекам, чыім рамяством былі такія нелегальныя паездкі, сустрэў іх, як было дамоўлена, на першым жа прыпынку цягніка. Усе размясціліся на фурманцы, і пачалася бясконцая трасяніна па бездаражы.

Падарожнікаў не пакідаў страх, што ў любы момант могуць з'явіцца вайсковыя патрулі і затрымаюць Гангу і возчыка як шпіёнаў, а Міку з дзіцём пакінуць на волю лёсу. Асцерагаліся і сустрэчы з кантрабандыстамі, пра непрадказальнасць і жорсткасць якіх хадзіла шмат чутак.

Праз тыдзень фурманка заехала на двор вілы Канчэўскіх. Усе пасажыры былі без сіл і амаль без прытомнасці: Ганга цэлымі тыднямі з высокай тэмпературай, Леначка — хутчэй мёртвая, чым жывая, Людачка ў дарозе захварэла на брушны тыф. Паглядзеўшы на старых, якія выйшлі насустрач, возчык паклікаў суседзяў — і «гасцей» на руках занеслі ў дом...

Цудоўны доктар

Зноў страшны голад. Нібыта працуюць бацька і Арсень, але гэтага на шасцярых чалавек недастаткова. Ігнат ляжыць з бесперапынным кашлем і тэмпературай. Толькі праз месяц Міка змагла ўстаць і заняцца Леначкай, дапамагчы па гаспадарцы.

Арсень Канчэўскі, малодшы брат Ігната. Фота: wikipedia.org

Арсень Канчэўскі, малодшы брат Ігната. Фота: wikipedia.org


Неяк на вячорках бацькі расказалі, што, калі яны ў 1905 годзе частку дома здавалі яўрэйскай сям'і, падчас пагромаў хавалі гэтую сям'ю ў сваім склепе. Іх сын, равеснік Ігната, стаў вядомым у горадзе лекарам.

Міка тут жа вырашыла знайсці гэтага лекара і прасіць яго, каб бясплатна агледзеў мужа. Лекара яна адшукала, расказала пра стан Ігната. Ён памятаў жыццё на дачы летам 1905 года...

Зноў Міка:

«Выслухаўшы аповед пра нашу сітуацыю, ён тут жа напісаў ліст, з якім я адправілася да жанчыны-педыятра ў пункт “Кропля малака”. Гэта была амерыканская яўрэйская арганізацыя дапамогі самым бедным людзям. Доктар Бродская (Песя) распарадзілася выдаць мне цэлы мяшок прадуктаў. Чаго там толькі ні было... Раслінны алей, салодкае згушчанае малако, кашы, адзенне, тлушч. Пакет быў вялікім і цяжкім, яго я ледзь падняла, а несці давялося кіламетраў пяць — з Вялікай Пагулянкі (18) дадому. Я пайшла з дому рана, а вярнулася ўвечары. Усе трывожыліся за мяне, і калі я, як Дзед Мароз, увайшла з гэтым мяшком, сям'я аслупянела ад здзіўлення. Гэта быў у тыя часы рог багацця. ... Больш за ўсё ўсе ўзрадаваліся, пачуўшы, што заўтра доктар прыедзе абследаваць Гангу».

Назаўтра лекар прыехаў з рамізнікам, агледзеў хворага, пакінуў лекі, а яшчэ праз дзень прывёз вядомага прафесара, доктара Вульфа Перэльмана, загадчыка яўрэйскай клінікі ў Вільні.

Пачалося інтэнсіўнае лячэнне. Кожныя некалькі дзён лекар бясплатна прыязджаў у дом Канчэўскіх, прывозячы лекі і харчаванне, ён не дазваляў Ігнату падняцца з ложка. Мінуў лістапад, снежань — і толькі ў студзені 1921 года той адчуў сябе лепш. Тады лекары паведамілі, што арганізм вельмі моцна разбілі сухоты, але хворы адужэў да такой ступені, што можна будзе ў бальніцы зрабіць працэдуру, якая палепшыць яго стан.

 «У гэты час на ножцы ў Леначкі вырасла скула, з якой пры неспадзяваным дакрананні Гангі выцек гной, —піша пра гэты час Міка. — Мы думалі, што гэтым усё і скончыцца, але тое быў пачатак працяглай і страшнай хваробы. На наступны дзень аказалася, што сустаў распух так моцна, што немагчыма надзець туфлік. Доктар, які наведваў Гангу, агледзеў ножку і тэрмінова павёз Леначку ў клініку, дзе рэнтген паказаў сухоты сустава. Не прайшло і тыдня, як мяне з дзіцём прыстроілі на тры месяцы ў яўрэйскую дзіцячую клініку на Звярынцы, сярод соснаў.

Лена, дачка Ігната і Людмілы (Вільня, 1924). Фота з архіву Тамары Юсціцкай

Лена, дачка Ігната і Людмілы (Вільня, 1924). Фота з архіву Тамары Юсціцкай


Леначцы пад наркозам рабілі вельмі балючыя ўколы эмульсіі ёдаформу, пасля якіх у яе падымалася тэмпература, працягваліся болі. Мяне таксама неміласэрна калолі, кармілі ледзь не сілком, бо я ператварылася амаль у шкілет. Аднак, лягчэй пераносіць фізічны боль, чым псіхічныя ўзрушэнні. Пачуццё бездапаможнасці, нягледзячы на сардэчны клопат, пачуццё адзіноты ў пакутах, беспрасветнасць кашмарных умоў жыцця, клопат пра здароўе Гангі, які быў ужо ў клініцы, хворая нага Леначкі...»

Увесну 1921 года Ігната паклалі на лячэнне ў лякарню «Мішмэрэс-Хойлім». Гэтая лякарня, якая працавала на сродкі дабрачынцаў, мела найлепшае на той час медыцынскае абсталяванне і прымала на лячэнне не толькі яўрэйскую беднату, але і іншых, у каго была патрэба. Аптэка пры бальніцы бясплатна выдавала лекі па рэцэптах.

Пасля праведзеных працэдур Ігнат Канчэўскі быў у стане зноў выйсці на працу.

Працяг будзе