БагатаДата 29 лютага — 6 сакавіка
Мы віншуем ГА ЗБС «Бацькаўшчына» з 30-годдзем з дня ўтварэння, якое будзем адзначаць на тыдні, і прапануем традыцыйны агляд цікавых датаў.
29 лютага
1840. У горадзе Ловіч Лодзінскага ваяводства ў Польшчы нарадзіўся Раман Рагінскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве. У прыватнасці, падчас ваенных дзеянняў ён заняў Пружаны.
У сакавіку 1863 года быў узяты ў палон у Тураве. Атрымаў смяротны прысуд, які быў заменены на 20 гадоў катаргі ў Пермскай губерні Расіі, праз некалькі гадоў Рамана Рагінскага перавялі на пасяленне ў далёкіх расійскіх гарадах. Толькі ў 1892 годзе ён вярнуўся на радзіму.
1 сакавіка
Сусветны дзень грамадзянскай абароны, Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абарачэннем наркотыкаў, а таксама Даравальная нядзеля і нядзельная Масленіца.
2 сакавіка
1930. У савецкай газеце «Праўда» выйшаў артыкул Іосіфа Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў. Да пытанняў калгаснага руху». У ім патрабавалася прыбраць «перагібы на месцах» — прымусовасць і паскоранасць падчас калектывізацыі. Насамрэч, савецкія ўлады збаяліся сялянскіх бунтаў.
У выніку, у тым ліку і ў Беларусі, калектывізацыю прыпынілі, шэраг кіраўнікоў асудзілі. З калгасаў пачалі выходзіць сяляне. Улетку 1930 года іх там засталося менш за чвэрць. Ужо праз год з’явіліся пастановы, якія забаранялі сыход з калгасаў.
3 сакавіка
1880. У Ігумене, цяпер гэта горад Чэрвень у Мінскай вобласці, нарадзіўся Леў Шчэрба, знакаміты савецкі мовазнаўца.
Менавіта ён аўтар фразы: «Глокая куздра штеко будланула бокра и курдячит бокрёнка». Гэта штучная фраза, дзе карані словаў замененыя на абы-якія спалучэнні гукаў. Так адмысловец даказваў, што сэнс многіх словаў можна зразумець паводле іх марфемаў. Са згаданай фразы нам ясна, што нейкая істота жаночага роду зрабіла нейкае дзеянне датычна істоты мужчынскага роду і нешта робіць з яго дзіцём або такой самай істотай, толькі маленькай.
1960. У літоўскай Клайпедзе нарадзілася Раіса Міхайлоўская, праваабаронца, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра.
1975. У Бабруйску нарадзіўся беларускі палітык Віталь Рымашэўскі. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кандыдат падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.
4 сакавіка
1990. Адбыліся першыя выбары на альтэрнатыўнай аснове ў Вярхоўны Савет БССР 12 склікання. Па іх выніках у парламенце з’явіліся дэпутаты Апазіцыі БНФ і будучы кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.
5 сакавіка
1895. У вёсцы Кашніцы Бераставіцкага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся археолаг Аляксандр Каваленя. Адзін з «бацькоў» беларускай археалогіі і аўтараў трохтомнага зборніка Інбелкульта па археалогіі «Працы». Падрыхтаваны чацвёрты том не пабачыў свет, бо быў знішчаны НКУС. Каваленю ў 1937 годзе арыштавалі па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы і расстралялі.
6 сакавіка
1680. У расійскім Якуцку нарадзіўся землепраходца, першы даследчык Курыльскіх выспаў і Камчаткі Іван Казырэўскі. Склаў першую мапу гэтых тэрыторый. Яго імем названы мыс і гара на Курылах. У 1710-х гадах Іван Казырэўскі кіраваў Камчаткай. Паходзіў з беларускай шляхты: яго дзед і бацька былі сасланыя ў Якуцк як ваеннапалонныя падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай.
1990. У Мінску было створанае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» — дакладней, паўстаў аргкамітэт па яго стварэнні. Устаноўчая ж канферэнцыя прайшла ўвосень таго года. Першым старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Яўген Лецка, а прэзідэнтам — Васіль Быкаў. А ў 1993 годзе адбыўся Першы з’езд беларусаў свету.