Ці была Беларусь краінай-партызанкай?
З гэтым пытаннем напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі НЧ звярнуўся да вядомага беларускага папулярызатара айчыннай гісторыі, прафесара Анатоля Тараса. І вось што ён адказаў:
Кадр з фільму «Акупацыя. Мiстэрыi»
— Уся савецкая гісторыя партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі СССР пад час Другой сусветнай вайны з’яўляецца адным вялікім міфам, які, як матрошка, складаецца з міфаў
меншых — пра ўсенародны характар партызанкі, пра вялізную шкоду, нанесеную акупантам, пра абарону мірнага насельніцтва ад нацыстаў, і, урэшце, пра беззаганныя паводзіны партызанаў. Пры гэтым
трэба мець на ўвазе, што галоўным ворагам савецкіх партызанаў былі не акупанты, а ўласны народ.
Так, з’яўляецца прыдумкай тэзіс пра тое, што ўвесь беларускі народ, абураны зверствамі намяцка-фашыскіх захопнікаў, масава пайшоў партызаніць ў лясы. На самай справе з самага пачатку
акупацыі партызанскі рух быў арганізаваны партыйна-савецкімі органамі і, у першую чаргу і ў асноўным, органамі НКУС. Структуру і касцяк усіх партызанскіх атрадаў складала
партыйна-савецка-камсамольска-прафсаюзная наменклатура раённага і, часткова, абласнога ўзроўняў. А людское напаўненне партызанскіх атрадаў першыя два гады складалі, галоўным чынам, акружэнцы
— байцы і камандзіры разбітых частак Чырвонай Арміі, якія ў вялікай колькасці знаходзіліся на акупаваных тэрыторыях.
Разам з тым, сярод усіх акупаваных нацыстамі савецкіх рэспублік найбольш партызанаў было менавіта ў БССР. Але аб якім усенародным супраціве акупантам на тэрыторыі Беларусі можна гаварыць, калі
толькі менш за два асоткі жыхароў рэспублікі пайшлі ў партызаны, у асноўным, на прыканцы 1943 году. Менавіта тады пачалося вызваленне БССР ад нацыстаў і людзі рушылі ў лясы, бо з жахам чакалі
вяртання НКУС і мажлівых рэпрэсій за так званае “супрацоўніцтва” з акупантамі, пад якім разумелася праца дзеля штодзённай лусты хлеба.
Не вытрымліваюць праверку часам дадзеныя савецкай гісторыяграфіі пра ўрон, нанесены захопнікам партызанамі. Калі верыць гэтым дадзеным, дык беларускія партызаны знішчылі на акупаванай тэрыторыі
БССР 350 тысяч нацыстаў — амаль дзве групы армій “Цэнтр” з дапаможнымі і паліцэйскімі фармаваннямі. Дык з кім жа тады ваявала Чырвоная Армія ў аперацыі
“Баграціён”? Такімі ж міфічнымі выглядаюць дадзеныя пра тое, што беларускія партызаны знішчылі 305 самалётаў люфтвафэ (цікава, чым?), 1.355 танкаў і бронемашын, 948 нямецкіх штабоў
і гарнізонаў, хаця гарнізонамі партызаны называлі вёскі незалежна ад таго, колькі там было акупантаў і паліцаяў. Яскравым прыкладам такой статыстыкі прыпісак з’яўляецца трагедыя вёскі Дражна
ў Старадарожскім раёне, што на Міншчыне. Партызаны забілі там 25 мірных жыхароў, палову якіх складалі жанчыны з дзецьмі, а напісалі, что зніштожылі 234 нямецка-фашысцкіх сволачы. Дарэчы, сапраўдная
статыстыка забойства суайчыннікаў партызанамі да гэтай пары хаваецца, хоць у партызанскіх справаздачах была адмысловая графа пра колькасць спаленых вёсак.
Трэба падкрэсліць, што міф пра ўсенародную партызанскую барацьбу на тэрыторыі Беларусі падтрымліваецца сённяшняй беларускай дзяржавай, якая лічыць савецкую уладу сваёй.
На ўзнятае і іншыя пытанні дае адказы кніга Сяргея Захарэвіча “Партизаны СССР: от мифов к реальности” у маёй рэдакцыі, якая два з паловай гады таму выйшла ў віленскім
выдавецтве “Наша будучыня”. Сёлета кніга зноў пабачыла свет пад назвай “Советские партизаны: мифы и реальность”, аднак наклад яе настолькі мізэрны, што прыдбаць
гэтае выданне практычна немажліва».
Разважанні шаноўнага Анатоля Тараса хацелася б дапоўніць некаторымі сведчаннямі відавочцаў падзей, што маюць дачыненне да партызанкі часоў Другой сусветнай вайны.
У вёсцы на Берасцейшчыне мне распавялі такую гісторыю. На Дзень Перамогі , як звычайна, ля помніка загінулым чырвонаармейцам сабраліся вяскоўцы. Паколькі на той час амаль усе мясцовыя франтавікі
ўжо сышлі ў нябыт, прысутныя звярнуліся да былога партызана Леаніда, каб ён распавёў пра сваю ваенную маладосць. Леанід стаў аднеквацца і ўрэшце сказаў: «Няма пра што казаць. У нашым
партызанскім атрадзе было ўсё ў парадку…». І на гэтым выступ былога партызана закончыўся. Аднавяскоўцы толькі пераглянуліся і зарагаталі…